У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў у памяшканнях былога музея па праспекце Незалежнасці, 47 адкрылася эксклюзіўная выстаўка гравюр, выкананых у рэдкай тэхніцы мецца-тынта. Экспазіцыя пад назвай «Свет мецца-тынта» пераважна складаецца з работ, пазычаных з прыватнай калекцыі збіральніка рарытэтных выданняў Алега Судлянкова. Увазе наведвальнікаў — эстампы з Беларусі, Расіі, Чэхіі, Іспаніі, Кітая і Японіі. Мэта выстаўкі — найбольш поўна прадэманстраваць магчымасці сучаснага мецца-тынта, традыцыі розных школ тонавай гравюры.
Мецца-тынта — разнавіднасць класічнай гравюры на метале, заснаваная на тэхналогіі глыбокага друку. Гэта значыць, што чорным кавалкам канчатковага адбітка адпавядаюць больш глыбокія месцы на друкарскай форме (зыходным носьбіце выявы). Аднак, у адрозненне ад таго ж афорту альбо класічнай разцовай гравюры, тут выяўленчую аснову твора складаюць не кропкі і штрыхі, а плямы і танальныя пераходы, што родніць мецца-тынта з так званымі гравюрамі плямай (акватынта, акватыпія, «мяккі лак» і інш.). Дамагчыся падобнага эфекту надзвычай складана, а ход падрыхтоўкі формы вельмі працаёмкі.
У агульных рысах працэс стварэння работы ў «чорнай манеры» (другая распаўсюджаная назва) выглядае наступным чынам: гравёр пры дапамозе спецыяльнага інструмента (так званай качалкі) апрацоўвае загадзя падрыхтаваную металічную пласціну (найчасцей з медзі як найбольш падатлівага матэрыялу), пасля з дапамогай шабера альбо гладзілкі выгладжвае асобныя ўчасткі паверхні, якія пры друку дадуць белы колер. Затым на пласціну наносіцца чорная фарба і раўнамерна размяркоўваецца па паверхні. Лішкі прыбіраюцца анучай, пасля чаго форма адпраўляецца пад прэс.
На першы погляд, усё проста, але не спяшайцеся з высновамі! Выраб адной невялікай гравюры можа займаць некалькі месяцаў складанай ручной працы. Найбольш адказны падрыхтоўчы этап — апрацоўка металічнай пласціны. Робіцца гэта, як ужо згадвалася, пры дапамозе спецыяльнай качалкі — інструмента з дугападобным ніжнім краем, па контуры якога размешчаны дробныя, амаль непрыкметныя зубцы. Моцна прыціскаючы яе да пласціны вертыкальна ўніз, мастак, крыху хістаючы інструмент з боку на бок, вядзе качалку ад аднаго краю пласціны да іншага. Працэдура паўтараецца да таго моманту, пакуль уся паверхня не стане аднолькава зярністай.
Метал, апрацаваны такім чынам, добра ўтрымлівае фарбу і дае дзіўны эфект глыбокага аксамітнага колеру. Зярністыя, шурпатыя кавалкі пласціны якраз і з’яўляюцца тымі паглыбленнямі (нагадаем, што гаворка цяпер пра тэхніку менавіта глыбокага друку), якія нясуць колер і на адбітку адпавядаюць цёмным участкам. Карпатлівы працэс «пракачвання» друкарскай формы можа займаць ад двух тыдняў да некалькіх месяцаў, у залежнасці ад абранага матэрыялу і памеру пласціны. Да таго ж гэта патрабуе вялікіх фізічных выдаткаў: тут неабходны моцныя рукі, сіла волі і значны запас цярплівасці.
Пасля такой апрацоўкі асобным участкам формы, згодна з папярэдне намаляваным эскізам, вяртаецца пры дапамозе шабера натуральная гладкая фактура. З такой паверхні фарба пры нанясенні «спаўзае». Адпаведна, чым больш гладкая паверхня, тым бялейшы ў тым ці іншым месцы будзе адбітак. Ступень прагладжанасці залежыць ад сілы націскання. Маючы гэта на ўвазе, гравёр можа карэкціраваць святлоценявыя пераходы і дабівацца такім чынам аб’ёмнасці малюнка. Далей на «пракачаную» і прагладжаную (зразумела, дзе гэта трэба) металічную «дошку» раўнамерна наносіцца чорная афортная фарба.
Пасля прыбірання лішкаў фарбы пласціна памяшчаецца на афортны станок і накрываецца прамочанай афортнай жа паперай. Яна праганяецца паміж двума валамі і ў выніку ператвараецца ў люстраны адбітак — гатовы эстамп. Такіх з адной формы можна «выцягнуць» у сярэднім ад 30 да 50 экзэмпляраў (колькасць залежыць зноў жа ад уласцівасцей абранага матэрыялу). Асобныя нястомныя аўтары не спыняюцца нават на гэтым моманце і працягваюць працаваць ужо з адбіткам. Тут ніякіх абмежаванняў, акрамя хіба што фантазіі. Адны размалёўваюць штамп акварэллю, іншыя дадаюць пазалоты…
Як відаць, працэс стварэння гравюры мецца-тынта шматаспектны і надзвычай працаёмкі. Таму зусім не дзіўна, што «чорная манера» сустракаецца нячаста і фактычна стала мастацтвам выключна для знаўцаў. Аднак усё сказанае вышэй датычыцца, так бы мовіць, «чыстага» мецца-тынта. На справе ж гравюры найчасцей ствараюцца ў змяшанай тэхніцы, з выкарыстаннем розных тэхналогій апрацоўкі друкарскай асновы. Напрыклад, у межах адной работы лёгка могуць спалучацца мецца-тынта, афорт і тэхніка сухой іголкі (C7, C3, C4) альбо мецца-тынта і, скажам, рэзерваж (C7, C8). Падобных твораў на актуальнай выстаўцы ў памяшканнях НЦСМ прадстаўлена шмат…
Загадкавыя сімвалы C7, C3 і падобныя (яны суправаджаюць амаль кожную работу ў экспазіцыі) ёсць нішто іншае, як умоўныя адзнакі розных графічных тэхнік, прынятыя ў асяроддзі калекцыянераў і прадаўцоў мастацтва для большай зручнасці. Даведацца пра гэта (і не толькі) можна непасрэдна ад арганізатараў, наведаўшы мерапрыемства ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў. Штотыдзень, пачынаючы з 3 сакавіка, мастак-гравёр Віктар Саўчанка, адзін з куратараў выстаўкі «Свет мецца-тынта» і па сумяшчальніцтве аўтар, чые эстампы таксама сёння экспануюцца, праводзіць экскурсіі для ўсіх цікаўных.
Работы самога Віктара Саўчанкі ўяўляюць сабой, што называецца, «чыстую» мецца. Аўтар прызнаецца, што ў тэхніцы працуе нячаста, а гравюры для сёлетняй экспазіцыі створаны яшчэ ў 1990-я. Як бы там ні было, прапанаваныя ім два цыклы канцэптуальных дробнафарматных работ («Маскі» і «Лікі»), бясспрэчна, адны з самых цікавых сярод прадстаўленых на выстаўцы. Асабліва ўражвае апошняя серыя, складзеная з партрэтаў вядомых гістарычных асоб, выкананых на манер абразоў: ад Еўфрасінні Полацкай да Феафана Грэка. Іканапісец, вядома, апынуўся ў гэтым спісе невыпадкова: увесь цыкл можна ўспрыняць і як прысвячэнне манахромнаму «скорапісу» яго фрэсак.
За кошт выяўленчай спецыфікі мецца-тынта з яго мяккімі танальнымі пераходамі і надзвычайнай глыбінёю чорнага колеру ў мастака атрымалася дабіцца асаблівага эфекту нерукатворнасці выяў. Лікі, нібыта цудадзейныя абразы, праступаюць з чарнаты фону. Наймацнейшая работа ў серыі, якая добра ілюструе азначаны эфект, носіць простую тэхнічную назву image (выява) і змяшчае невыразна акрэслены твар жанчыны з рэнесанснымі абрысамі і ўсмешкай накшталт той, што мела вядомая фларэнтыйка з мінулага.
Найчасцей, па прычыне складанасці тэхналогіі, эстампы, атрыманыя шляхам мецца-тынта, маюць дробны альбо вельмі дробны фармат. Зрэшты, існуюць і выключэнні… Напрыклад, на выстаўцы сярод іншых прадстаўлены і буйнафарматныя творы беларускай мастачкі Марыны Мароз. Штампы ў яе, а значыць, і зыходныя металічныя «дошкі», пераважна круглай формы, таму структура твораў выбудоўваецца адпаведна. Кампазіцыйна буйныя работы Марыны Мароз наследуюць традыцыі класічнага тонда эпохі Рэнесанса, сюжэтна ж — багатым традыцыям сярэднявечных хрысціянскіх ілюстрацый.
Нярэдка круглыя адбіткі беларускай мастачкі дадаткова нібыта абрамляюцца якім-небудзь аб’ектам акруглай формы. На майстэрскім, вельмі дэталізаваным эстампе пад назвай «Наканаванне» гэтую ролю, напрыклад, выконвае цярновы вянок. Ён тут адначасова і рамка, і німб, і «наканаванне» для нованароджанага Хрыста, і бясконцасць… Увогуле, моцная атрымалася работа. Прадуманая да дробязей, яна, кажучы без прыкрас, адразу чапляе. Выбудоўваючы кампазіцыю адносна кропкі перасячэння дыяметраў, Марына Мароз шукае натхнення ў падобных «закручаных» прыродных формах (бутоны, ракавінкі). Па-майстэрску выпісаная драпіроўка ўзмацняе эфект.
Апроч гэтых, у экспазіцыі «Свет мецца-тынта» прадстаўлены і многія іншыя творы. Большай часткаю тут экслібрысы, аддрукаваныя па заказе таго ці іншага калекцыянера. На выстаўцы знайшлося месца і для кубічных эксперыментаў чэшскага аўтара Іржы Бразды, і для сюррэалістычных нацюрмортаў расіяніна Канстанціна Чмуціна, і для футурыстычных «плакатаў» нашага земляка Рамана Сустава, і нават для практыкаванняў японца Такешы Каторы ў фотарэалізме. Ёсць сярод удзельнікаў і сапраўдныя зоркі сучаснага мецца-тынта: расіянін Юрый Баравіцкі з фірменнымі макабрычнымі карцінкамі і ў асобнай зале японец Кацуноры Хаманасі, прадаўжальнік мастацтва японскіх скруткаў.
Іншымі словамі, абавязкова наведайце выстаўку «Свет мецца-тынта» ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, пакуль яшчэ ёсць такая магчымасць. Экспазіцыя працуе да 27 сакавіка.
Мікіта ШЧАРБАКОЎ
Сітуацыя будзе толькі пагаршацца.
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».