Вы тут

«Звязда» паспрабавала разабрацца, хто і з якой мэтай робіць падарункі храмам


Апошняя навіна на гэту тэму, якую агучылі, напэўна, усе інфармацыйныя каналы, — падарунак беларускага спевака Руслана Аляхно бабруйскаму кафедральнаму сабору ў гонар Свяціцеля Мікалая Цудатворца. Спявак ахвяраваў напрастольнае Евангелле XVІІІ стагоддзя. З гэтай гісторыі, дарэчы, мы і пачалі размову з настаяцелем храма айцом Сергіем, прэс-сакратаром Бабруйскай епархіі.


Айцец Сергій каля іконы Свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага і тапачка святога,  які таксама падораны храму дабрадзеямі.

Не дзеля піяру

Вялікая кніга ў металічным залацістым акладзе, упрыгожаная чаканкай і паўкаштоўнымі камянямі, — сапраўды вельмі дарагі падарунак. І вельмі сакральны. Гэта ж колькі пакаленняў размаўляла праз яе з Богам. Фаліянт адноўлены майстрамі Елісавецінскага манастыра, і па яго выглядзе не скажаш, што яму некалькі стагоддзяў. Бацюшка беражліва адкрывае вокладку і дэманструе тытульную старонку, дзе на царкоўна-славянскай мове напісана: «Повелением Благочестивейшей, Самодержавнейшей Великия Государыни нашея императрийцы Екатерины Алексеевны Всея Руси; при наследнике ея благоверном Государе Цесаревиче и Великом князе Павле Петровиче и при супруге его Благоверной Государыни Великой княгини Марии Федоровне; при Благоверных государях и великих князьях Александре Павловиче и Константине Павловиче; благословением же Святейшаго Правительствующаго Синода напечатана книга сея Священное Евангелие в царствующем великом граде Москве в лето от сотворения мира 7287, от рождества же по плоти Бога Слова 1779 год, индикта 12, месяца иуниа».

Пярэднюю частку вокладкі ўпрыгожвае чаканка на тэму Сашэсця Хрыста ў пекла.

— Да Уваскрэсення Хрыстова ўсе: і праведнікі ў тым ліку — ішлі ў пекла за першародны грэх Адама і Евы, — тлумачыць айцец Сергій. — Але людзі верылі, што прыйдзе Месія і выратуе іх. Вось якая моцная вера была, самая што ні ёсць сапраўдная! А зараз выбірай пры жыцці: рай або пекла. І мы гэтага не цэнім.

З другога боку Евангелля таксама сімвалічная выява — раскрыжаванне Хрыста.

— Да Выратавальніка смерць на крыжы была самая ганебная, — каментуе бацюшка. — Але Хрыстос выкупіў нас сваёй крывёю ад граху і Крыж стаў сімвалам жыцця і зброяй супраць сатаны.

Калі Руслан Аляхно падараваў гэта Евангелле сабору, пайшлі размовы, што яно было сямейным. Айцец Сергій адназначна кажа, што не. Гэта Евангелле наогул не для дамашняга чытання, а — напрастольнае. Яго месца заўсёды было ў храмах. А вось што падштурхнула заслужанага артыста зрабіць такі шырокі жэст, можна толькі здагадвацца. Бабруйск — яго малая радзіма, ён ганаровы грамадзянін горада — чаму б не ахвяраваць нешта каштоўнае для землякоў. Да таго ж Руслан — чалавек веруючы.

— Тое, што рабілася гэта не дзеля піяру, магу сказаць з поўнай адказнасцю, — адзначае свяшчэннік. — Руслан сам іпадыяканствуе пры Ялохаўскім саборы ў Маскве — памочнік пры службе архіерэя. У праграме «Прывітанне, Андрэй» з яго удзелам было відэа, дзе ён у стыхары падчас службы чытае Евангелле. Да таго ж у Руслана веруючая хрысціянская сям'я, ён з братам з дзяцінства ўбіраў у сябе праваслаўную культуру. А калі Бог датыкаецца да сэрца чалавека, усё адбываецца само сабой.

Рарытэтнае Евангелле прыхаджане сабора могуць убачыць падчас святочных богаслужэнняў. Яно займае пачэснае месца на прастоле ў цэнтры храма. «Так і ў жыцці павінна быць, — заўважае суразмоўца. — Цэнтр існавання чалавека — гэта Бог, яго Слова. Ёсць нават такое выказванне: у каго Бог на першым месцы, усё астатняе — на сваіх месцах.

Храм — таксама… падарунак

Захаваліся дакументы, што ў XVІІ стагоддзі на месцы сабора Свяціцеля Мікалая была ўніяцкая мікалаеўская царква. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай гэта стаў цалкам праваслаўны храм. У 60-я гады мінулага стагоддзя з яго зрабілі басейн, а вернікам вярнулі толькі ў 2003-м. У прытворы храма вісіць дошка, дзе названы прозвішчы тых, дзякуючы каму ён быў адноўлены.

— Храм шматпакутны, басейн быў нават у алтары, — з горыччу кажа айцец Сергій. — Пакуль ішла яго перадача вернікам, сеансы плавання працягваліся. Бацюшка Аляксандр, які быў на той момант настаяцелем, вёў службы ў «панамарцы», ад басейна яе аддзяляла толькі шторка. За ёй грымела музыка, а асабліва цынічныя аматары плавання дзеля забавы пляскалі яму пад ногі ваду. Гэты свяшчэннік ужо пайшоў з жыцця, але пасля сябе пакінуў добрую памяць. Менавіта дзякуючы яго намаганням і тых спонсараў, якія дапамаглі яму аднавіць гэты храм, сёння тут кожны дзень ідуць службы і ўзносіцца за ўсіх нас малітва перад Богам.

Напэўна, і сам свяціцель Мікалай дапамагае свайму сабору. Аднойчы айцец Сергій так захапіўся ўнутраным уладкаваннем храма, што непрыкметна залез у вялікую даўгавую яму. Пакуль думаў, дзе ўзяць грошы, прыйшла добрая навіна. Казначэй распячатаў скарбонку, што стаіць у пярэдняй частцы храма, а там роўна тая сума, якую трэба было аддаць.

Уменне ахвяраваць — дар Божы

У кабінеце настаяцеля цэлая шафа з патрапанымі кнігамі, пашарпанымі іконамі і крыжамі. Гэта таксама падарункі. Праўда, людзі іх неслі сюды не з думкай падзяліцца самым лепшым, што ў іх ёсць, а — аддаць непатрэбнае. Маўляў, ад бабулі засталося — не выкідаць жа. Непатрэбнымі аказаліся Псалтыр, царкоўна-славянскі слоўнік 1908 года, нават класічная літаратура. Побач з царкоўнымі кнігамі некалькі томікаў Хэмінгуэя, Жуля Верна, Шэкспіра, Андэрсена.

— На жаль, моладзь зараз чытаць не жадае, — уздыхае бацюшка. — Не разумеюць маладыя людзі, што без практыкі чытання немагчыма скласці пісьменны сказ у галаве. Навошта, кажуць яны, чытаць, калі ёсць тэлефон. Ён дапаможа і сказ скласці, і коскі расставіць. Але што адбудзецца, калі інтэрнэт адключыць? Поўная дэбілізацыя грамадства?

Айцец Сергій дэманструе падарунак Руслана Аляхно.

Непатрэбных людзям кніг і ікон у кабінеце бацюшкі становіцца ўсё больш. Ён ужо падумвае, што было б нядрэнна зрабіць музей, як у Гомелі пры Мікольскім мужчынскім манастыры. Там захоўваюцца старадаўнія кнігі, іконы, рызы. І людзям больш зручна рабіць такога роду падарункі. Усё ж такі тым, што самому патрэбна, цяжэй падзяліцца.

— Я сам над гэтым шмат разважаў, чаму? — разважае свяшчэннік. — Чаму багатыя людзі будуюць для сябе вялікія грувасткія палацы, а зрабіць маленькі храм або бальніцу не могуць. Адзін мудры свяшчэннік аднойчы мне адкрыў вочы. Гэта не яны не могуць, а Бог не прымае ад іх ахвяры, сказаў ён, нават такой думкі ім не дае. Гэта ж табе не індульгенцыя, каб адкупіцца ад грахоў. Гэту думку яшчэ трэба заслужыць. Атрымаць міласць, каб Бог прыняў ад цябе ахвяру. Ёсць вельмі багатыя людзі ў свеце, але яны пра гэта наогул не думаюць. І Руслану Аляхно думка ахвяраваць прыйшла зверху. Ён не алігарх, проста самадастатковы чалавек, але Гасподзь паклаў яму на розум такую ідэю. І жонка Юлія яго падтрымала. Веруючыя людзі заўсёды ставяцца адно да аднаго з любоўю. Вельмі складана, калі адзін верыць, а другі не. Кажуць, што ад няверуючай жонкі ратуецца веруючы муж, і наадварот. Але наколькі ж моцным трэба быць, каб усё вытрымаць. Хочацца па стале кулаком, а нельга. Трэба любоў сваю хрысціянскую паказаць.

За ўсё трэба плаціць

Яшчэ ў Старым Запавеце гаворыцца пра ахвяраванні. Памятаеце пра Каіна і Авеля? Каін прынёс у дар Богу плады, якія сабраў, але не вельмі добрыя, а Авель ад свайго статка аддаў самае лепшае ягня. Нядзіўна, што Богу спадабалася чыстая ахвяра Авеля, а вось на дар Каіна ён нават не зірнуў.

— Людзі заўсёды прыносілі ў храм самае лепшае, што ў іх было, — кажа айцец Сергій. — Гэта не тое ж самае, як сёння: прынеслі, асвяцілі і забралі. Сэнс у тым, што ты нешта вырасціў, прынёс у храм і пакінуў. Каб гэтым маглі скарыстацца іншыя, у каго такога няма. Бог даў нам вялікі дар жыцця, свабоду, самога сябе, нарэшце, але мы не ўдзячныя яму за гэта. Калі ёсць магчымасць зрабіць уклад і прынесці дар Богу, Дому Божаму, яе не трэба ўпускаць. Калі ты да яго з адкрытым сэрцам, ён аддзячыць так, што ў цябе будзе ўсё. А не з думкай «дай паспрабую і пагляджу, што будзе». Так ні ў якім разе рабіць нельга. Толькі ад усяго сэрца. І тады ўсё па-іншаму становіцца ў жыцці.

У кожным храме можна ўбачыць падарункі ад шчодрых прыхаджан. Бабруйскі жаночы манастыр Святых Жонак-Міраносіц, які сёння мае вельмі вялікую патрэбу ў шчодрых людзях, бо знаходзіцца на тэрыторыі помніка гісторыі і архітэктуры — Бабруйскай крэпасці і займаецца аднаўленнем яго паўразбураных будынкаў, вельмі ўдзячны за тыя святыні, якія яму ахвяруюць. Ад папячыцеляў богаўгодных устаноў Аляксандра Прэсняцова і Васілія Баранчука манастыр атрымаў прывезеныя з Іерусаліма абраз Божай Маці Скорапаслушніцы і ікону з часцінкай каменя ад Гроба Гасподняга, на якім цудоўным чынам адлюстраваўся вобраз Хрыста ў труне. Тут таксама моляцца за бізнесмена Канстанціна, які, нягледзячы на асабістыя праблемы і пакручасты лёс, займаецца добрымі справамі. Ён падараваў манастыру абраз Божай Маці Скорапаслушніцы з Афона. Гэты ж чалавек прывёз з Афона ікону і для Свята-Мікольскага сабора.

Памятная шыльда ў прытворы сабора Свяціцеля Мікалая Цудатворца.

У саборы наогул шмат каштоўных святынь. Адзін толькі тапачак Святога Спірыдона, расшыты золатам, чаго каштуе. Айцец Сергій кажа, што гэта вельмі вялікая і дарагая святыня, бо захоўваецца не ў выглядзе нейкага там кавалачка, а цалкам. Дабрадзей пажадаў застацца невядомым. Маўляў, дабро не трывае мітусні.

Яшчэ адну ікону — бабруйскую Адыгітрыю — падараваў заснавальнік і дырэктар Цэнтра «Покрыва» Андрэй Зубенка.

Беражліва захоўваецца тут падарунак былога Экзарха Усей Беларусі Філарэта — часцінка мошчаў Святога Ваніфація ў спецыяльна зробленым каўчэгу. Гэтаму святому моляцца ад п'янства і наркаманіі. У саборы кожную суботу служыцца яму малебен. Некалькі ікон храму падарыў і епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім. Айцец Сергій заўважае, што шмат свяшчэннікаў адкладваюць грошы менавіта для таго, каб нешта купіць для ўпадабанага храма ад сябе асабіста.

— Можна, вядома, гнацца за чымсьці ўсё жыццё і быць бедным, маючы мільярды, — усміхаецца ён. — Мне асабіста падабаецца выказванне пра старога яўрэя, які страціў вялікую суму грошаў і дзякаваў Богу за тое, што ўзяў грашыма. Мараль зразумелая. За ўсё ў жыцці трэба плаціць.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара і з архіва іерэя Сергія ГУСАРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».