Вы тут

Знойдзены аркушы са старажытнай друкарні


У Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь адкрылася незвычайная выстаўка. На ёй паказаны папяровыя скарбы, якія зусім нядаўна ўдалося адшукаць у старажытным гродзенскім храме, што размяшчаецца ў самым цэнтры горада.


Некалі тут быў цэлы комплекс брыгіцкага манастара, які складаўся з шэрага пабудоў. На сёння гэта адзіны храм, звязаны з ордэнам брыгітак, які захаваўся. Пры гэтым у ім ацалеў архіў старажытнай друкарні — неразрэзаныя і не падзеленыя на брашуры аркушы ХVІІ- ХVІІІ стагоддзяў. На кожным з іх размяшчаецца па восем старонак тэксту. Старадаўнія лісты дайшлі да нашага часу ў выдатным стане — хоць бяры і працягвай справу, чамусьці не скончаную пераплётчыкамі чатыры сотні гадоў таму. Такія аркушы павінны былі складацца ў асобныя сшыткі, перашывацца разам, абразацца і пераплятацца ў форму кнігі-кодэкса. Дарэчы, у сусветнай практыцы ўжо трапляліся такія знаходкі, і з друкарскіх лістоў выдатна складаліся брашуры. Што цікава, захавалася багата аднолькавых аркушаў — гэта сведчанне таго, што захавалася частка, калі не цэлы тыраж, дзвюх кніг — «Статута ордэна брыгітак» 1673 года і «Брэвіярыум» 1748 года.

Старажытныя дакументы былі адшуканыя ў Гродне айцом Антоніем Грэмзам і перададзены Нацыянальнай бібліятэцы.

Падобная знаходка ў Беларусі дае надзею, што яшчэ могуць паўстаць і іншыя рарытэты, пакінутыя нам мінулым.

Выстаўка «Кніжныя скарбы з манастырскага куфра», на якой прадстаўлена знаходка, дае ўяўленне пра тое, як друкаваліся кнігі ў мінулыя стагоддзі, дапамагае асэнсаваць і візуальна ўявіць старажытную тэхналогію, па якой яны збіраліся і перапляталіся.

Калекцыянер, букініст Алег Судлянкоў падчас адкрыцця выстаўкі звярнуў увагу, што такія манастырскія скарбы паказваюць: за трыста гадоў змянілася толькі тэхніка, а самі тэхналогіі (шматстаронкавасць і размяшчэнне тэкстаў) засталіся тымі ж. Ён заўважыў, што старажытныя друкары аддавалі вялікую ўвагу чытэльнасці кніг — усе літары можна выдатна разгледзець, а ў наш час, калі прыдумана багата шрыфтоў, бывае, яны падаюцца малым памерам, або ў пагоні за прыгажосцю стваральнікі кніг забываюцца пра галоўнае правіла — зручнасць для чытача.

Таксама на выстаўцы пададзены элементы кніжнага пераплёту і старадрукаваныя кнігі з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі. Калекцыя беларускіх кірылічных старадрукаў уключае кнігі па багаслоўі, царкоўнай гісторыі, філалогіі, навуковыя працы, мастацкія і рэлігійныя творы.

Асаблівае месца ў экспазіцыі займаюць выданні віленскай друкарні Мамонічаў, Пятра Мсціслаўца, Васіля Гарабурды. Дэманструецца кніжная прадукцыя выдавецкіх цэнтраў Вільні, Магілёва, Супрасля, Куцейны і іншых. Беларускія старадрукі лацінскага шрыфту прадстаўлены выданнямі друкарняў Брэста, Нясвіжа, Полацка, Вільні, Гродна, Магілёва, Слуцка. Сярод іх — надзвычай рэдкія асобнікі з брэсцкай і нясвіжскай друкарняў Радзівілаў.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».