Вы тут

Сіла грамадзянскага калектыўнага розуму


Усебеларускі народны сход як прадаўжальнік традыцый шырокага народнага прадстаўніцтва

15 сакавіка — асаблівы дзень у жыцці нашага грамадства і дзяржавы. У гэты гістарычны дзень у 1994 годзе была прынята новая Канстытуцыя, а сёння ўступае ў сілу абноўлены Асноўны Закон ХХІ стагоддзя, які адкрывае новую старонку ў далейшым умацаванні суверэннай дзяржаўнасці, узаемнага даверу паміж дзяржавай і грамадствам, нацыянальнага адзінства і развіцця суверэннага народаўладдзя.


Дэмакратыя (народаўладдзе) прайшла вельмі працяглы шлях развіцця і атрымала дакладнае выяўленне і замацаванне ў якасці прынцыпу народаўладдзя ў сучасных канстытуцыях. Канстытуцыя Беларусі замацоўвае не толькі сам прынцып народаўладдзя, але і дэмакратычныя формы яго рэалізацыі. Як вядома, асноўнымі формамі ажыццяўлення народаўладдзя з'яўляюцца прамая (непасрэдная рэалізацыя ўлады народам) і прадстаўнічая дэмакратыя, якая выяўляецца ў дзейнасці асоб, абраных народам. У частцы першай артыкула 3 Канстытуцыі Беларусі яны замацаваны наступным чынам: адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляецца народ; народ ажыццяўляе сваю ўладу непасрэдна, праз прадстаўнічыя і іншыя органы ў формах і межах, вызначаных Канстытуцыяй. Найважнейшымі з формаў прамой дэмакратыі з'яўляюцца рэферэндум, выбары і адкліканне дэпутатаў. 27 лютага 2022 года адбыўся рэспубліканскі рэферэндум па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю, які стаў рэальнай канстытуцыйна-прававой формай прамога народаўладдзя беларускага народа. Абноўленая Канстытуцыя, у распрацоўцы і абмеркаванні якой удзельнічала больш за мільён беларусаў, удасканаліла канстытуцыйна-прававы механізм ажыццяўлення канстытуцыйнага кантролю, ажыццявіла дэканцэнтрацыю дзяржаўнай улады, вызначыла ідэалогію беларускай дзяржавы, мадэль грамадзянскага грамадства і каштоўнасныя арыенціры беларусаў, а таксама новыя перспектыўныя кірункі развіцця эканомікі і грамадства і стварыла асновы для павышэння эфектыўнай работы органаў улады і кіравання.

Да аднаго з найважнейшых дапаўненняў Канстытуцыі трэба аднесці палажэнні аб Усебеларускім народным сходзе (далей — УНС) і яго паўнамоцтвах. Наданне канстытуцыйнага статусу УНС Прэзідэнт Беларусі 4 сакавіка 2022 года на ўрачыстай цырымоніі падпісання Рашэння рэспубліканскага рэферэндуму ацаніў як акт гістарычнай справядлівасці, які ўзаконіў старажытную традыцыю нашай славянскай дэмакратыі. Спрадвеку, паводле яго слоў, на беларускай зямлі народнае веча было ў авангардзе прыняцця найважнейшых дзяржаўных рашэнняў. Дарэчы, вечавая дэмакратыя існавала да канца XV стагоддзя ў Полацку, Смаленску, Кіеве, Ноўгарадзе і ў воласцях.

Абноўленая Канстытуцыя разглядае УНС як найвышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя Рэспублікі Беларусь, які вызначае стратэгічныя кірункі развіцця грамадства і дзяржавы, забяспечвае непахіснасць канстытуцыйнага ладу, пераемнасць пакаленняў і грамадзянскую згоду. Гранічная колькасць дэлегатаў УНС складае 1200 чалавек, што дазваляе забяспечваць шырокае народнае прадстаўніцтва для ўдзелу ў яго рабоце. У прыватнасці, дэлегатамі УНС з'яўляюцца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады, прадстаўнікі мясцовых Саветаў дэпутатаў і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, у лік якіх будуць уваходзіць члены найбуйнейшых грамадскіх аб'яднанняў (прафсаюзы, «Белая Русь», БРСМ) і іншых патрыятычных арганізацый. Дэлегаты УНС бяруць удзел у яго рабоце без адрыву ад працоўнай (службовай) дзейнасці, што ўмацоўвае іх сувязь з народам, дае магчымасць ведаць яго чаканні і інтарэсы.

Варта адзначыць, што статус УНС у абноўленай Канстытуцыі замацаваны пасля главы 3 «Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь», г. зн. пасля статусу Прэзідэнта Беларусі. Гэта сведчыць аб надзяленні УНС шырокім аб'ёмам рэальных уладных паўнамоцтваў, яго ролі ў прыняцці найважнейшых дзяржаўных рашэнняў, у развіцці грамадства і дзяржавы, аўтарытэце ў свядомасці беларускага народа, які ён сцвярджаў, дэманструючы найлепшыя практыкі беларускага народаўладдзя, пачынаючы з Першага Усебеларускага народнага сходу, які адбыўся ў кастрычніку 1996 года. Для ўдзелу ў ім было абрана 4740 дэлегатаў. Прэзідэнт Беларусі звярнуўся да іх з дакладам «Толькі народ мае права вырашаць свой лёс». Наступныя УНС працягнулі яго дэмакратычныя пачаткі. Шосты УНС, які адбыўся ў лютым 2021 года, ухваліў асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021—2025 гады. На ім Прэзідэнт Беларусі выступіў з дакладам «Аб адзінстве, развіцці і незалежнасці».

У мэтах забеспячэння стабільнасці канстытуцыйнага ладу, легітымнасці органаў дзяржаўнай улады, кансалідацыі грамадства і дзяржавы УНС надзелены шырокімі паўнамоцтвамі. У прыватнасці, згодна з артыкулам 89 3 абноўленай Канстытуцыі, УНС: зацвярджае асноўныя кірункі ўнутранай і знешняй палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бяспекі, праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь; заслухоўвае прэм'ер-міністра аб выкананні праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь; прапаноўвае змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю, правядзенне рэспубліканскіх рэферэндумаў; устанаўлівае дзяржаўныя святы і святочныя дні; узнагароджвае Прэзідэнта дзяржаўнымі ўзнагародамі, прапаноўвае асоб для ўзнагароджання дзяржаўнымі ўзнагародамі, а таксама ажыццяўляе іншыя канстытуцыйныя паўнамоцтвы. Варта адзначыць, што рашэнні УНС з'яўляюцца абавязковымі для выканання і могуць адмяняць прававыя акты, іншыя рашэнні дзяржаўных органаў і службовых асоб, якія супярэчаць інтарэсам нацыянальнай бяспекі, за выключэннем актаў судовых органаў. УНС непасрэдна ўдзельнічае ў абранні найвышэйшых службовых асоб на дзяржаўныя пасады. Так, па прапанове Прэзідэнта, папярэдне ўзгодненай з яго Прэзідыумам: выбірае Старшыню, намесніка Старшыні і суддзяў Канстытуцыйнага Суда, Старшыню і суддзяў Вярхоўнага Суда, Старшыню і членаў Цэнтральнай выбарчай камісіі і вызваляе іх ад пасады па падставах, прадугледжаных законам.

Такім чынам, УНС з прычыны агульнаграмадзянскага калектыўнага розуму, які адлюстроўвае разнастайныя інтарэсы розных слаёў грамадства, будзе фарміраваць і выказваць агульную волю беларускага народа, непасрэдна садзейнічаць развіццю грамадзянскага грамадства, кансалідацыі яго інстытутаў у рэалізацыі найважнейшых задач і ўмацаванню асноў дзяржаўнасці.

Суддзя Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Анатоль Цікавенка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».