Вы тут

Барсук-скарбашукальнік, акунь супраць вірусаў і інтэрвальнае галаданне


Галодная жывёліна знайшла скарб часоў рымскай эпохі

Жыхар іспанскага рэгіёна Астурыя знайшоў скарб з манетамі часоў рымскай эпохі. Яго мог адкапаць дзікі барсук, які шукаў ежу, паведамляе The Local.


Іспанец Раберта Гарсія заўважыў рассыпаныя старажытныя манеты падчас прагулкі і паведаміў аб гэтым мясцовым гісторыкам. Знаходка была зроблена ў пячоры Ла Куэста дэ Берсія каля горада Града.

У пячору адправілі экспедыцыю навукоўцаў, якая знайшла 209 рымскіх манет, што знаходзіліся ў абарачэнні ў ІІІ-V ст. ст. нашай эры. Большая частка манет позняй рымскай эпохі паходзіць з Паўночнага і Усходняга Міжземнамор'я — з Антыёхіі, Канстанцінопаля, Салонік: яны выраблены з медзі і бронзы.

Навукоўцы лічаць, што скарб выпадкова адкапаў барсук, які шукаў ежу падчас снежнай буры. Яна паралізавала Іспанію ў студзені 2021 года. Манеты былі знойдзены ўсяго за пару метраў ад яго нары. На сённяшні дзень гэта самая вялікая скарбніца рымскіх манет, знойдзеная на поўначы Іспаніі.


Рэчывы з арганізма акуня дапамогуць змагацца з супербактэрыямі

Выкарыстанне рэчываў, якія выпрацоўваюцца арганізмам марскога акуня, можа дазволіць вярнуць у клінічную практыку антыбіётыкі, да якіх бактэрыі ўжо сфарміравалі ўстойлівасць, высветлілі расійскія навукоўцы.

У Стаўрапальскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце даследавалі актыўнасць пептыду Epі-1, які прадуцыруецца клеткамі памяранцава-плямістага марскога акуня. Таксама ў даследаванні ўключылі hBD-3, які выпрацоўваецца эпітэліяльнымі клеткамі чалавека.

Даследчыкі заразілі лабараторных мышэй смяротнай дозай бактэрый і ўвялі ім пептыды ў розных камбінацыях, у тым ліку разам з антыбіётыкам з групы карбапенемаў — папулярным для барацьбы з бактэрыямі прэпаратам.

«Сам па сабе, «сола», антыбіётык не змог бы вылечыць жывёлін, бо мышэй заражалі штамамі бактэрый, устойлівых да гэтага прэпарату, — растлумачыў кіраўнік даследавання Альберт Балатчыеў. — Перад намі стаяла задача ацаніць, як працуе камбінацыя «пептыд чалавека+антыбіётык» у параўнанні з hBD-3 у монатэрапіі (калі ўжываюць толькі адны лекі), антыбіётыкам у монатэрапіі і камбінацыяй двух пептыдаў — з акунёў і чалавека».

Праз пяць сутак пасля заражэння ў кантрольнай групе загінулі ўсе жывёліны, тое самае адбылося з мышамі, якія атрымлівалі толькі антыбіётык. Затое 63 працэнты грызуноў, якія атрымалі аднаразовую ін'екцыю hBD-3, выжылі. Крыху больш мышэй пазбегла смерці дзякуючы адначасоваму ўвядзенню рэчываў з арганізма чалавека і рыб, а таксама пры выкарыстанні спалучэння пептыду і антыбіётыку.

На падставе вынікаў эксперыментаў навукоўцы зрабілі выснову, што ўжыванне антымікробных пептыдаў можа зрабіць бактэрыі зноў адчувальнымі да класічных антыбіётыкаў.


Вучоныя прыдумалі, як па сятчатцы вызначыць працягласць жыцця чалавека

Новае даследаванне аўстралійскіх вучоных упершыню ўказала на тое, што па сятчатцы вока можна меркаваць аб працягласці жыцця чалавека ў цэлым.

Навукоўцы з Аўстралійскага цэнтра вочных даследаванняў (CERA) стварылі саманавучальную камп'ютарную праграму, здольную па сятчатцы вока не толькі вызначыць біялагічны ўзрост чалавека, але і прадказаць, якія праблемы са здароўем ён можа зведаць у будучыні і нават колькі ён пражыве.

Алгарытм дае такія дакладныя вынікі, што падчас эксперыментаў дазволіў вылічыць узрост 47 тысяч брытанцаў сярэдняга і пажылога ўзросту з хібнасцю не больш за 3,5 года, паведамляе «Бі-бі-сі».

Паколькі даследаванні былі расцягнуты па часе больш чым на дзесяцігоддзе з моманту, калі былі зроблены здымкі, паспеў памерці 1871 чалавек, і ў гэтую групу трапіла большасць людзей, чыя сятчатка выглядала старэйшай.

Хоць раней ужо праводзіліся даследаванні, якія дазволілі выказаць здагадку, што па стане клетак вочнага дна можна рабіць высновы аб пагрозлівых для чалавека сардэчна-сасудзістых захворваннях, праблемах з ныркамі і іншымі органамі, новае даследаванне ўпершыню ўказала на тое, што па сятчатцы можна меркаваць і аб працягласці жыцця чалавека ў цэлым.

Даследчыкі звязваюць гэта з тым, што тканкі сятчаткі насычаныя крывяноснымі сасудамі і нервовымі канцамі, што дае важную візуальную інфармацыю аб стане мозга і сардэчна-сасудзістай сістэмы. Па словах навукоўцаў, сятчатка такім чынам служыць акном, у якім можна ўбачыць існуючыя і будучыя неўралагічныя праблемы.

«Наша работа пацвярджае гіпотэзу аб тым, што сятчатка адыгрывае важную ролю падчас старэння арганізма і вельмі адчувальная да сукупных страт, што наносіць гэты працэс, які павышае рызыку смяротнага зыходу», — робяць выснову аўтары даследавання.

Хоць навуцы вядомыя і іншыя біямаркёры старэння, яны далёка не такія дакладныя, як вызначэнне ўзросту па сятчатцы, да таго ж вельмі дарагія, забіраюць шмат часу і з'яўляюцца інвазіўнымі.

А вось сятчатку можна адсканіраваць менш чым за пяць хвілін, і калі ў ходзе далейшых даследаванняў атрымаецца зрабіць прывязку гэтай тканкавай праслойкі да астатняга арганізма, то ва ўрачоў у руках будзе новы цудоўны дыягнастычны інструмент.


Навукоўцамі ўстаноўлены перавагі інтэрвальнага галадання

Такі від галадання дапамагае скінуць лішнюю вагу, а таксама робіць арганізм больш устойлівым да інфекцыйных захворванняў. Пра гэта гаворыцца ў даследаванні вучоных з Інстытута біялагічных даследаванняў Солка ў Каліфорніі, апублікаваным часопісам Cell Reports. Інтэрвальнае галаданне — рэжым харчавання, пры якім перыяды прыёму ежы чаргуюцца з перыядамі ўстрымання строга па вызначаным часе.

«Асноўным вынікам многіх клінічных даследаванняў інтэрвальнага галадання з'яўляецца страта вагі, але мы выявілі, што такі від галадання карысны не толькі супраць метабалічных захворванняў, але і для павышэння інсулінарэзістэнтнасці і ўстойлівасці да інфекцыйных захворванняў», — прыводзяцца ў даследаванні словы прафесара біялогіі Сатчыдананда Панда.

Даследчыкі правялі эксперымент на мышах, каб праверыць, як інтэрвальнае галаданне адбіваецца на функцыях арганізма. Навукоўцы кармілі лабараторных жывёлін прадуктамі з высокім утрыманнем тлушчаў і цукру, але мышы маглі сілкавацца толькі 9 гадзін на суткі, а астатні час галадалі.

Акрамя таго, даследчыкі праводзілі аналізы хімічнага складу печані, узроўню глюкозы ў крыві, ацэнку агульнай мышачнай масы ў грызуноў. Так, вынікі эксперыменту паказалі, што інтэрвальнае галаданне дазваляе падтрымліваць ніжэйшы ўзровень цукру ў крыві і забяспечвае хутчэйшае вяртанне да звычайнага яго ўзроўню пасля адхіленняў. Навукоўцы таксама выявілі, што такое галаданне можа засцерагчы ад смерці, выкліканай сепсісам.


«Прэзідэнцкі» кальмар. Навукоўцы назвалі яго  ў гонар Джо Байдэна

Найстаражытнага вядомага продка галаваногіх вампіраморфаў (архаічная група, якая ў пачатку мезазою адышла ад агульнага продка) назвалі ў гонар дзеючага прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі Джо Байдэна. Вынікі даследавання апублікавалі ў амерыканскім часопісе Nature.

Дадзены малюск, знойдзены ў штаце Мантана ў 1988 годзе, з’яўляецца далёкім сваяком кальмараў і васьміногаў. Ён атрымаў імя Syllipsimopodi bideni ў гонар Байдэна, бо заяўку на даследаванне падалі амаль адразу пасля інаўгурацыі новага кіраўніка дзяржавы. Інфармацыя аб перыядзе пасялення малюска перамясціла даследаванні на 82 мільёны гадоў назад.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Фота з акрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?