Вы тут

Нататкі шматдзетнага таткі


Аднойчы Чэрчыль сказаў, што лягчэй кіраваць краінай, чым выхоўваць чатырох дзяцей. Я, шчыра кажучы, ніколі не цікавіўся, колькі дзяцей было ў самога Чэрчыля, але тут успомніў гэтую яго вядомую фразу і вырашыў высветліць.


Фота: pixabay.com

Аказалася, што ў яго было пяцёра дзяцей, з якіх адзін сын і чатыры дачкі. Чаму ў сваёй знакамітай цытаце ён сказаў пра чацвярых дзяцей, я таксама магу лёгка растлумачыць, бо па сваім досведзе ведаю, што менавіта з нараджэннем чацвёртага дзіцяці да таты, нарэшце, даходзіць, што выхаванне дзяцей — самая складаная праца на свеце.

Таму кемлівы тата звычайна гатовы на ўсё, нават на кіраванне краінай, абы ўцячы ад сваіх прамых абавязкаў. А пасля чатырох дзяцей колькасць ужо не мае прынцыповага значэння: усё роўна немагчыма адначасова сабраць іх усіх у адным месцы і пералічыць.

А паколькі ў мяне, як у Чэрчыля, адзін сын і чатыры дачкі, то, шчыра кажучы, было б таксама цікава параўнаць на ўласным досведзе, што ўсё ж лягчэй: кіраваць краінай ці выхоўваць шматлікіх дзяцей? Так бы мовіць, высветліць эмпірычным шляхам.

Праўда, у нас тут не Англія, і сітуацыя можа ў корані адрознівацца ад чэрчылеўскай. Цалкам магчыма, у нашым выпадку прасцей усё ж выхоўваць дзяцей. Менавіта таму было б удвая цікава параўнаць.

У найбліжэйшы часа я, вядома, балатавацца не буду: пакуль, шчыра кажучы, ёсць у жыцці справы больш сур'ёзныя. А вось калі мне ўсё канчаткова надакучыць, узброюся цытатай з Чэрчыля — і ў бой.

P. S. Калі, вядома, да таго часу ў мяне не народзіцца хто-небудзь яшчэ.

* * *

Гуляем удваіх з малодшай дачкой, яна едзе ў калясцы. Пытаю яе:

— Табе падабаецца катацца ў калясцы, Ксюша?

— Так.

— А як ты думаеш, у калясцы звычайна ездзяць маленькія дзеці ці вялікія?

— Маленькія.

— А ты маленькая ці вялікая?

— Вялікая.

— Тады чаму ты едзеш у калясцы?

Секунднае замяшанне, а потым геніяльны адказ:

— Сам думай!

P. S. Паспрабаваў сапраўды падумаць сам, але ў выніку так ні да чагосьці і не прыйшоў. Сапраўды, атрымліваецца нейкі парадокс.

* * *

Прыйшоў у дзіцячую бібліятэку здаваць кнігі. Бібліятэкар, гледзячы ў манітор:

— Прозвішча дзіцяці?

— Холад.

— Імя?

Гэтае пытанне мяне заўсёды ставіла у тупік. Тым больш што ў дадзеным выпадку я ўяўлення не маю, хто менавіта з маіх дзяцей запісаны ў гэтай бібліятэцы.

Кажу бібліятэкару, дастаючы тэлефон:

— Зараз у жонкі ўдакладню.

Бібліятэкар, паднімаючы на лоб акуляры і гледзячы на мяне ва ўпор:

— Вы што, не ведаеце, як завуць ваша дзіця?

— Я не ведаю, хто з маіх дзяцей у вас запісаны. Можаце прачытаць імёны з прозвішчам Холад?

— Вам усе прачытаць? Ці, можа, вы назавяце сваіх дзяцей?

— У мяне іх пяцёра, вам усіх пералічыць?

Бібліятэкар спачувальна:

— Добра, давайце паспрабуем адсеяць па бацьку. Як вас завуць?

— Павел.

— Так... У базе ёсць трое з такім імем па бацьку: Вера, Паліна і Ксенія. Хто з іх ваша?

— Ва ўсякім разе, у мяне ёсць дзеці з такімі імёнамі.

Бібліятэкар з палёгкай:

— Ужо сёе-тое. Давайце зараз правяраць па кніжках. Даставайце кнігі.

У выніку супастаўлення кніжак, што здаюцца мною, з базай даных бібліятэкі высветлілася, што гэтыя трое дзяцей сапраўды мае. Прынамсі, яны бралі менавіта тыя кніжкі, якія прынёс здаваць я (а я іх прынёс штук дваццаць). А гэта, пагадзіцеся, мала падобна на простае супадзенне.

Пакідаючы бібліятэку, я ўпершыню ў жыцці падумаў, як усё ж добра, што людзі прыдумалі такую выдатную рэч, як імя па бацьку. Інакш я б, напэўна, ніколі адсюль не выйшаў.

* * *

Сын уключыў на вялікім тэлевізары ў зале фільм і паставіў яго на паўзу. Малодшая дачка, праходзячы міма тэлевізара, заўважыла знаёмы значок «паўзы» ў верхнім куце экрана і стала на яго націскаць пальцам.

З цікаўнасцю паназіраў за гэтай спробай дзіцяці лічбавай эры ўключыць фільм на тэлевізары пры дапамозе пальца. Але тэлевізар, не абсталяваны тачскрынам, ніяк на гэтыя намаганні не адрэагаваў. Пасля чаго дачка пакрыўдзілася і страціла да яго ўсякую цікавасць.

А вось калі б паставіць на месца гэтага тэлевізара наш стары, лямпавы, уяўляю, з якім захапленнем дзіця б круціла ў ім ручку, што выдае непараўнальнае храбусценне пры перашчоўкванні. Што ні кажы, а тэлевізары нашага дзяцінства на дотык рэагавалі значна лепш.

P. S. А калі б ты тыцнуў у яго пальцам, ён бы адрэагаваў самым нечаканым чынам.

* * *

Вера:

— Тата, дапамажы мне знайсці мой часопіс з налепкамі.

І, бачачы, што я ніяк не рэагую:

— Я табе рубель дам...

Паколькі такую прапанову дзеці мне зрабілі ўпершыню ў жыцці, я задумаўся: з аднаго боку, рубель для мяне зараз асаблівай пагоды не зробіць, а шукаць часопіс у дзіцячым бардаку — значыць, гарантавана пазбавіцца значнай часткі нервовых клетак.

Але, з іншага боку, калі не знайсці гэты часопіс, прыйдзецца цягнуцца ў кіёск і купляць новы. Прычым не адзін і не толькі Веры.

Старанна ўзважыўшы ў галаве ўсе магчымыя варыянты, у канчатковым выніку абраў другі: пайшоў з трыма малодшымі дачкамі ў найбліжэйшы «Саюздрук» і купіў кожнай па два часопісы: нават калі адзін страцяць, другі дакладна застанецца.

А з Верай мы дамовіліся наступным чынам: калі мне калі-небудзь спатрэбіцца рубель, яе прапанова застанецца ў сіле. Тым больш што страчаны часопіс сам сябе ўсё роўна не знойдзе.

Павел ХОЛАД

Загаловак у газеце: Думай сам!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?