Вы тут

Як падрыхтаваць дзіця да школы?


Многія бацькі падрыхтоўку да школы зводзяць выключна да ўмення чытаць, лічыць і пісаць. Насамрэч не трэба спадзявацца, што авалоданне гэтымі навыкамі забяспечыць дзіцяці будучыя поспехі і камфорт у школе. Больш за тое, калі сілком заганяць малых за чытанне і прымушаць гадзінамі выводзіць палачкі і кручочкі, можна моцна нашкодзіць. Ваша віна будзе не толькі ў тым, што дзіця пачало негатыўна ставіцца да школы. Куды страшней, калі вы сваёй псеўданастаўніцкай «працай» перашкаджаеце маленькаму чалавечку пазнаваць свет.


Тысячы «чаму?»

Дзеці па прыродзе вельмі цікаўныя. І калі ў вас расце «чамучка» працэс падрыхтоўкі да школы значна спрашчаецца. Паказвайце, што кожнае яго пытанне мае вагу. Калі не ведаеце адказаў самі, падказвайце, дзе можна разам іх пашукаць: запытацца ў бацькі (бабулі, дзядулі), зазірнуць у энцыклапедыю,узяць кніжкі па пэўнай тэме ў бібліятэцы ці знайсці ў інтэрнэце. Так вы будзеце вучыць дзіця слухаць,аналізаваць, шукаць, запамінаць.

Падчас прагулак на свежым паветры звяртайце ўвагу на нумары дамоў і назвы вуліц, шыльды — без асаблівага напружання навучыце дзіця разбіраць лічбы, патрэніруйце ў чытанні, у дадатак патлумачце, як веды могуць быць карыснымі.

Нават паход у краму здольны замяніць урок па матэматыцы: разам падлічыце, колькі тавараў вы паклалі ў кошык, колькі чалавек стаіць у чарзе да касы, а самыя прасунутыя малыя змогуць паспрабаваць вызначыць кошт пакупкі.

Назірайце за птушкамі і раслінамі, а яшчэ — як мяняецца ваш любімы парк у розны час года, у які дзень тыдня вы туды ходзіце гуляць, ці змянілася нешта пасля таго, як вы сюды завіталі апошні раз. А пасля прагулкі няхай дзіця падзеліцца ўражаннямі: дзе было, што бачыла. Так развіваецца памяць і канцэнтрацыя, уменне заўважаць дэталі і пераказваць, што, бясспрэчна, спатрэбіцца на ўроках па такіх прадметах, як «Літаратура» і «Чалавек і свет».

Чытайце дзецям кніжкі і, калі малое само не дае ацэнак героям ці іх учынкам, спрабуйце выклікаць яго на дыялог. Магчыма, напачатку давядзецца дапамагаць яму пытаннямі і падказкамі: можаце параўноўваць персанажаў з кімсьці са сваіх знаёмых альбо разам прыдумваць працяг казкі. Сумесным чытаннем вы прывіваеце любоў да кнігі, а значыць, і цікавасць да ўрокаў чытання.

«Конкурс прыгажосці» для літар

Сёння існуе шмат настольных гульняў, якія дапамагаюць у тым ліку засвоіць чытанне і лік. Але ёсць у «настолак» яшчы адзін шыкоўны бонус. За любой гульнёй стаяць правілы. Спачатку з імі трэба разабрацца, запомніць, пасля іх прытрымлівацца (а гэта прынцыпы, на якіх завязана навучанне ў пачатковай школе).

Карыснымі будуць загадкі, рэбусы, квэсты. Усё гэта можна знайсці ў разнастайнай літаратуры для дашкольнікаў. Крэатыўным і ўважлівым мамам, якія не лянуюцца займацца са сваімі дзеткамі, такія дапаможнікі падкажуць, чым і як іх заняць. Дарэчы, самастойныя заняткі дома могуць быць не менш эфектыўнымі, чым дарагія заняткі ў школах ранняга развіцця. Многія падрыхтоўчыя курсы могуць працаваць пры той жа навучальнай установе, куды пойдзе ваша дзіця. Часам у іх вядуць заняткі тыя настаўнікі, да якіх яно пасля патрапіць у першы клас. Гэта выдатная магчымасць дашкольніку пазнаёміцца з педагогам і будучымі аднакласнікамі.

Дзіцячая пляцоўка — абавязковы элемент падрыхтоўкі да школы. Падчас гульні з сябрамі дзіця вучыцца наладжваць кантакты, дамаўляцца, выказваць і адстойваць сваю думку. Не трэба забывацца, што ў першым класе ў навучальны працэс закладзена шмат гульнявых элементаў, і дзіця, якое любіць і ўмее гуляць, будзе там адчуваць сябе камфортна і нават з задавальненнем ісці ў школу. А вось некампанейскім, замкнёным малым больш складана перастроіцца на новае жыццё.

Секцыі і гурткі, якія наведвае малое, — таксама выдатная падрыхтоўка да школы. У спартыўнай камандзе яно вучыцца ўзаемадзейнічаць, у творчай — становіцца больш адкрытым і развівае фантазію, а калі нешта майструе — яго пальчыкі прывучаюцца да чыстапісання. Каб падрыхтаваць руку да пісьма, лепш больш ляпіць, выразаць, маляваць. Давайце дзецям розныя матэрыялы і інструменты. Так, васкавыя крэйды ў выглядзе марской галькі дапамагаюць фарміраваць правільнае зацісканне трыма пальцамі, тэкставылучальнікі — нахіленне, а пэндзлікі — націсканне на інструмент (пакажыце, што, калі маляваць самым кончыкам, — лінія атрымліваецца тонкая, а калі пэндзілік прыціснуць — на паперы будзе ўжо больш шырокі след).

Сёння многія дзеці, якія ідуць у першы клас, ужо ўмеюць чытаць і пісаць. Калі вы не жадаеце адстаць ад «прагрэсіўных» і сядзіце разам са сваімі малымі над пропісамі, пастарайцеся гэты працэс навучання пісьму замаскіраваць зноў жа элементамі гульні. Не так многа дзяцей гатовы шматкроць выводзіць адну і тую ж літару, пакуль яна не стане ідэальнай. Ператварыце радок з прапісанымі літарамі... у «конкурс прыгажосці» — няхай дзіця выбірае самую лепшую.

Прывучайце дзіця да пэўнага раскладу — спачатку будзеце планаваць дзень ці прагулку (што зрабіць, куды пайсці спярша, а чым заняцца пасля). Гэта дазволіць не толькі падрыхтаваць малога да школьнага раскладу, але і прывучыць да размеркавання часу для выканання хатніх заданняў.

Нават сумесная закупка школьных тавараў пойдзе на карысць. Калі малы будзе разам з вамі выбіраць заплечнік, пенал і сшыткі, то хутчэй усвядоміць, што ў яго хутка пачнецца новае жыццё.

Што павінен умець 6-годка?

1. Адказваць на «класічныя пытанні», якія могуць задаць у школе: свае імя і прозвішча, а таксама як завуць бацькоў, якія ў іх прафесіі. Ведаць свой хатні адрас і тэлефон. Называць дні тыдня, месяц і час года. Умець расказаць пра прыродныя з'явы, характэрныя, напрыклад, для восені, вясны. Арыентавацца ў сутках. Іідэальна, калі дзіця будзе здольна вызначаць час па гадзінніку.

2. Ведаць правілы бяспекі на дарозе, «чытаць» сігналы светлафора, ведаць у якім месцы можна пераходзіць дарогу. Умець звяртацца па дапамогу, калі згубіўся заблытаўся.

3. Патрэбны элементарныя навыкі самаабслугоўвання. У дзяцей, у гардэробе якіх раней не было сарочак, у школе можа пачацца сапраўдная барацьба з гузікамі — калі загадзя у спакойнай абстаноўцы не натрэніравацца іх зашпільваць, яны будуць адрывацца кожны дзень. Педагогі першых класаў звяртаюць увагу і на тое, што, аказваецца, многія дзеці не ўмеюць завязываць шнуркі.

4. Элементарныя матэматычныя навыкі сёння павінны быць у кожнага дашкольніка. Ен павінен падлічыць ад аднаго да дзесяці і ў адваротным парадку. Разбірацца з паняццямі «больш», «менш», «раўно», ведае геаметрычныя фігуры. А, магчыма, і рашае простыя задачы, накшталт «было дзве птушкі, адна паляцела».

5. Важна ўмець карыстацца атрыманай інфармацыяй. Рабіць высновы, параўноўваць прадметы па параметрах. Аб'ядноўваць у групы, вызначаць, што з'яўляецца лішнім. Знаходзіць, чым прадметы падобныя, а чым адрозніваюцца. Складаць апавяданне па сюжэтных малюнках. Знаходзіць сінонімы і антонімы.

6. Умець выконваць простыя даручэнні, дапамагаць, працаваць па прапанаваных прыкладах. Выразаць з паперы, рабіць дробныя дэталі з пластыліну і аб'ядноўваць іх у адну кампазіцыю.

7. Наладжваць зносіны. Умець выказваць свае эмоцыі і думкі. Жартаваць. Разумець і пераказваць анекдоты, каламбуры, небыліцы. Разумець сваю адказнасць за пэўныя ўчынкі, спачуваць і дапамагаць іншым.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».