У Віцебску адбылася прэзентацыя кніг дзіцячай пісьменніцы Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, якія пабачылі свет у Выдавецкім доме «Звязда». Акрамя добра вядомых чытачам гісторый, аўтар распавяла аб новай казцы, якая таксама выйшла ў нашым выдавецтве. Кніга «Сакрэты аднаго каралеўства» прысвечана прыгодам жыхароў Грыбной дзяржавы. Падчас прэзентацыі навучэнцы школ і гімназіі нават пазнаёміліся з казачнымі героямі — Панеёлусам Матыльковым і Бледнай Паганкай. Сустрэчы адбыліся ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Максіма Горкага, бібліятэцы імя Янкі Маўра і ў гімназіі № 1.
Кацярына Хадасевіч-Лісавая распавяла і аб іншых выданнях, якія пабачылі свет у Выдавецкім доме «Звязда». Гэта зборнік невялікіх апавяданняў «Прыгоды Лісачкі Красуні». Кніга, якую трэба чытаць менавіта ўвечары, каб убачыць дзівосныя і непаўторныя сны, — «Казкі сіняй падушкі». І футурыстычны, прысвечаны касмічнаму падарожжу, «Палёт на Вухуцію».
Прэзентацыі прайшлі ў інтэрактыўным фармаце — удзельнікам прапанавалі карыстацца Інстаграмам, сканаваць QR-кады і, канешне ж, адказваць на пытанні віктарыны. Адметнасць кніг Кацярыны Хадасевіч-Лісавой у тым, што з імі можна ўзаемадзейнічаць. На іх старонках намаляваны квэсты-гульні, а таксама надрукаваны спасылкі, дзякуючы якім можна паглядзець буктрэйлер і нават пагуляць з размалёўкай. Пісьменніца адзначыла, што вельмі любіць, калі з чытачамі ўсталёўваецца зваротная сувязь. Таму яна прапанавала пісаць лісты да Вухуціка, ён абяцаў адказаць кожнаму. А падрабязную інструкцыю і адрас можна знайсці на старонках «Палёта на Вухуцію».
Пісьменніца наведала Віцебск у першы раз, але знаёмства прайшло добра — 4-класнікі з вялікай ахвотай набывалі кнігі, прасілі аўтограф. Гэта і зразумела — кнігі Кацярыны Хадасевіч-Лісавой ужо ўключаны ў праграму пазакласнага чытання.
Падчас прэзентацыі Выдавецкі дом «Звязда» уручыў дырэктару цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Максіма Горкага Алене Багацёнак дыплом з падзякай.
Арына КАРПОВІЧ
Фота аўтара
Вось вы і вырашылі развітацца са сваёй кватэрай?
140 гадоў таму адбыўся галоўны купальскі цуд Беларусі.
Янка Купала — мастак-творца.
У ходзе аперацыі савецкая армія разграміла групу армій «Цэнтр» Вермахта.