Вы тут

Доўгажыхарка з Пухавіцкага раёна адзначыла векавы юбілей


Ці магла ўявіць Таццяна Асташонак з вёскі Ванькаўшчына, што дажыве да свайго стагоддзя?! Наўрад ці жанчына, якая перажыла ўсе жахі Вялікай Айчыннай вайны, зведала цяжкасці пасляваеннага жыцця, думала, што будзе святкаваць свой векавы юбілей у коле вялікай сям'і: сярод дзяцей, унукаў і праўнукаў.


Старшыня Голацкага сельскага выканаўчага камітэта Віктар Малуха разам з начальнікам аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Пухавіцкага РАУС Марынай Масленікавай уручылі доўгажыхарцы новы пашпарт.

Павіншавалі з прыгожай датай доўгажыхарку і землякі. Старшыня Голацкага сельскага выканаўчага камітэта Віктар Малуха разам з начальнікам аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Пухавіцкага РАУС Марынай Масленікавай уручылі ёй новы пашпарт. Пажартавалі, што праз 25 гадоў зноў памяняюць.

Складанае дзяцінства

Ужо каторы год Таццяна Лаўрэнцьеўна знаходзіцца пад апекай сваёй малодшай дачкі Ірыны. Зімой доўгажыхарка праводзіць час у гарадской кватэры дзяцей (свайго зяця яна ўжо даўно лічыць за сына). А калі ўжо добра прыгравае сонейка, разам з імі збіраецца ў вёску. Туды, як бы ні падводзіла здароўе, цягне заўсёды. Кожны раз не можа дачакацца, калі наступіць вясна і яны паедуць у родныя мясціны.

А нарадзілася Таццяна Асташонак у вёсцы Турэц, што ў Чэрвеньскім раёне. Выхоўвалася ў звычайнай сялянскай сям'і. Жылі сціпла, дзяцінства было складанае. З раніцы да вечара працавалі не складаючы рук. Бацька памёр рана, увесь хатні і гаспадарчы клопат лёг на кволыя жаночыя плечы — матчыны і дзвюх малалетніх дачок. І калі старэйшая сястра яшчэ мела магчымасць скончыць некалькі класаў, то Таццяне Лаўрэнцьеўне ўвогуле не давялося вучыцца. Каб хоць неяк існаваць, з малых гадоў яна вымушана была працаваць на пана.

— Мама выхоўвала панскіх дзяцей, — расказвае Ірына Хорава, дачка доўгажыхаркі. — У іх і жыла. Там хоць кармілі...

Уцёкі з цягніка

Калі пачалася вайна, у іх згарэла хата, і Таццяна Асташонак разам з сястрой і пляменнікам пераехалі ў вёску Ванькаўшчына, што ў суседнім раёне. Працавала на аэрадроме ў Мачулішчах, які будаваўся. Цягала бярвёны, камяні — праца была, мякка кажучы, не жаночая. Але ў вайну на гэта ніхто не глядзеў. Часта на работы ездзілі пад бамбёжкамі. Аднойчы па дарозе на аэрадром у каня, які вёз людзей, трапіў снарад. Жывёлу разарвала на часткі, возчыка параніла. Астатнія цудам засталіся жывыя.

— Як жа мы нагараваліся ў вайну, — згадвае Таццяна Лаўрэнцьеўна. — Часта даводзілася хавацца, бо ў вёску наведваліся немцы. Аднойчы акурат тады, калі ў нас былі партызаны. Залезлі на гарышча, і я разам з імі. Зайшлі немцы, пахадзілі ды выйшлі з хаты. Партызаны хацелі іх застрэліць, але мы з сястрой адгаварылі. Спаляць потым хату, дзе мы будзем жыць?! Абышлося...

Калі немцы прыйшлі ў Ванькаўшчыну наступны раз, акружылі вёску. Жыхароў сабралі каля могілак. Старых адправілі дахаты, у каго дзеці малыя — таксама. Вясковая жанчына, у якой былі блізняты, аддала адно з дзяцей Таццяне Асташонак. Аднак малая пачала плакаць і крычаць, што яна ёй не маці. Немцы забралі дзіця і аддалі сапраўднай маці, а Таццяну Лаўрэнцьеўну разам з астатнімі аднавяскоўцамі пагрузілі на машыну і павезлі ў Мінск.

«Пакінулі ў нейкай хаце, — расказвае Таццяна Асташонак. — А там холадна, брудна, мокра. Я нават апрануцца добра не паспела. Так і прасядзелі там некаторы час. Людзі нешта елі, а я галодная — нічога з сабой не ўзяла. У каго што было, не шкадавалі і мне давалі».

Раніцай людзей пагрузілі ў вагоны, у якіх вазілі цялят. Стала зразумела: павязуць у Германію. «Уваход быў зачынены дошчачкамі, — успамінае сведка тых падзей. — Адзін хлопец, выкарыстаўшы магчымасць, пакуль немцы адышлі, адняў дошчачку і зноў закрыў. Увечары вырашыў бегчы, прапанаваў і мне. А я не ведала, што рабіць: мне няма ў каго ў Мінску хавацца. У іх то цётка ў горадзе, то дзядзька, то сястра... Хлопец жа гэты быў харошы, сказаў, каб не баялася: калі, маўляў, атрымаецца ўцячы, то разам з ім пойдзем да яго цёткі, якая жыла недалёка».

Так і выйшла. Ішлі каля вагонаў, успамінае жанчына, як тыя мышы. Дабраліся да цёткі, яна іх пусціла. Сядзелі ціха, нават не елі. Гаспадыня некалькі разоў выходзіла на вуліцу, казала, што немцы бегаюць па станцыі — відаць, уцяклі не яны адны. Астатніх раніцай павезлі ў Германію...

Пасля вайны

Таццяне Асташонак пашанцавала дачакацца Перамогі. Аднак не адразу стала лягчэй і пасля вайны — краіна аднаўлялася, трэба было прызвычайвацца жыць у новых умовах.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 6 чэрвеня 1945 года Таццяна Лаўрэнцьеўна была ўзнагароджана медалём «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.». З узнагародай у свой час гулялі дзеці, згубілі. Жанчына не надала гэтаму значэння. Толькі ў 1991 годзе даведалася, што мае права на пэўныя льготы.

Усё жыццё яна працавала. Па звестках калгаснага архіва, працоўны стаж жанчыны пачынаецца з 1938 года. Вядома, сюды не ўпісаны гады, калі яна даглядала панскіх дзяцей. У калгасе, які першапачаткова насіў імя Ільіча (цяпер Камунальнае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства «Голацк»), кім толькі не была: і паляводам, і птушніцай, і цялятніцай. Акрамя асноўнай работы і працы па гаспадарцы, кожнай сям'і трэба было нарыхтоўваць лён, буракі.

«І арала, і баранавала, — расказвае Таццяна Лаўрэнцьеўна. — Яшчэ прасіла брыгадзіра падкінуць цяжэйшай работы, каб болей зарабіць: трэба ж было карміць чацвярых дзяцей. Муж, інвалід вайны, хварэў».

Разам з мужам-франтавіком яны выхавалі чацвярых дзяцей.

— У майго бацькі, Фёдара Васільевіча, таксама лёс быў няпросты, — расказвае Ірына Фёдараўна. — Ён і савецка-фінскую вайну прайшоў, і Вялікую Айчынную. Падчас апошняй быў шафёрам, вазіў нейкага военачальніка. Трапіў у палон. Саскочыў з цягніка, калі ваеннапалонных кудысьці везлі. Расказваў, як шмат у вагоне было вошай. Ён жа за пазухай хаваў хлеб. Калі ўжо, будучы на волі, дастаў яго, каб з'есці, вачам сваім не паверыў: увесь кавалак быў у вошах.

Фёдар Асташонак дайшоў да Польшчы. У 1946 годзе падарваўся на міне, у Познані ляжаў у шпіталі. Крыху падлячыўшы, яго камісавалі. Мужчына вярнуўся
на Радзіму.

...Ужо шмат часу прайшло пасля тых падзей, але вайна дагэтуль у памяці Таццяны Асташонак. Увесь час паўтарае: «Не дай Бог такога больш перажыць». Навіны бабуля хоць і глядзіць, але мала што разумее. Добра, кажа дачка, што нічога не чуе. З гэтым, вядома, не паспрачаешся...

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».