Вы тут

У РТБД адбылася прэм’ера спекталя «Пачупкі»


Прэм’ера спектакля «Пачупкі» на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі адбылася месяц таму, аднак размовы пра яе не прыпыняюцца. Спектакль-роздум на тэму нараджэння дзіцяці стваральнікі назвалі працягам гісторыі спектакля «Шлюб з ветрам» і другім крокам акунання аўтараў — рэжысёра Яўгена Карняга, кампазітара Кацярыны Аверкавай — і ўсёй трупы ў беларускую культуру. Сюжэтна два творы ніяк не звязаны, іх аб’ядноўваюць толькі народныя песні.


У пастаноўцы галоўнае — беларускі фальклор, гук і работа ўяўлення (апошняе не можа не напужаць). Жанр вызначаны як «песня ў адной дзеі», а галоўным выяўленчым сродкам выступае менавіта гук. «Спектакль — гэта фантазіі на тэму зараджэння душы, цела, якія будуць дэманстравацца праз абрады, песні і адносіны да дзіцяці ў беларускай міфалогіі», — адзначаў рэжысёр напярэдадні прэм’еры. Жыццё чалавека (падкрэсліваюць стваральнікі) вызначаюць тры ключавыя этапы: дзень нараджэння, шлюб і смерць. На гэтых катэгорыях і будуецца ўсё дзеянне. У пастаноўцы адсутнічае сюжэт: колькі песень, столькі і невялічкіх гісторыйпачуццяў, гісторый-уражанняў.

Між тым у творы няма галоўных і другарадных персанажаў — усе акцёры абязлічаны. Ролі выканалі заслужаныя артысткі Галіна Чарнабаева і Людміла Сідаркевіч, Арцём Курэнь, Ганна Семяняка, Марына Здаранкова, Максім Брагінец, Вераніка Буслаева, Дзмітрый Давідовіч, Сяргей Арцёменка, Аляксандр Ніканенка, Мікіта Чабатар і Уладзіслаў Віленчыц. Але глядач іх не бачыць — падчас дзеі твары літаральна захутаны ў цёмную тканіну, а целы схаваны пад чорнымі касцюмамі (акрамя выканаўцы абстрактнай мужчынскай ролі). Толькі ў канцы спектакля персанажы скідаюць маскі і паўстаюць перад залай — задуменныя, суровыя і строгія.

Пасля знаёмства з афішай з’яўляецца падманлівая думка аб тым, што дэкарацыі да спектакля будуць вельмі светлыя: з выкарыстаннем цёплых колераў, празрыстыя і нават непрыкметныя. Тут адразу ж успомніўся творчы почырк Яўгена Карняга, да якога нельга прымяніць эпітэт «прадказальны». «Чорны колер аб’ядноўвае. Спачатку была цемра, з цемры нарадзіўся сусвет. Зразумела, ад гэтага мы і будзем разглядаць нараджэнне чалавека і душы», — так анансавалі аўтары адно з ключавых рашэнняў спектакля. Дарэчы, мастаком пастаноўкі выступіла Таццяна Нерсісян.

Дэкарацыі спектакля ўражваюць, хоць спачатку і выклікаюць неўразуменне. Складаюцца яны са смеццевых пакетаў (якія, між іншым, нібыта дыхаюць), чорных кніг (яны не распадаюцца на старонкі нават пры спецыяльным скідванні з паліц), страшэнных сабак-качалак, металічных калысак, чорных бінтоў... Надзвычай складана прадбачыць, якім прадметам зацікавяцца персанажы ў наступны момант. Тое, што адбываецца на сцэне, немагчыма апісаць структурна — хіба толькі песні не даюць заблукаць на тых ці іншых зразумелых і не вельмі сцяжынках. Увогуле ж, ніякая логіка тут не дапаможа: твор перапоўнены сімваламі і метафарамі пра жыццё і нябыт.

Складаныя самі ідэі спектакля, ды і ці можна іх неяк вылучыць? Бясспрэчна, твор разлічаны на гледача з багатым уяўленнем і абвостраным адчуваннем паэзіі продкаў. 

— Люляй-люляй, мой сыночак, 
Хто це будзе калыхаці? 
— Будзе веець буйны вецер, 
То той мяне пакалыша. 
— Люляй-люляй, мой сыночак, 
Хто це будзе есці даці? 
— Будзе ляцець да пчоланька.
Прынясе яна мне мёду. 
— Люляй-люляй, мой сыночак, 
Хто це будзе піць даваці? 
— Будзе ісці дробны дожджык, 
То той жа мяне напоіць.

Ці: 

Няхай кату ўсё ліха, 
Ты, Іване, спі ціха.
Не хадзі, кот, па хаце, 
Не будзі майго дзіцяці.

І напаследак: што такое загадкавыя «пачупкі»? Узнікаюць пэўныя асацыяцыі, думкі і здагадкі, аднак упэўненасці няма нават пасля завяршэння спектакля, дзе гэтае слова гучыць: 

Я ж вас раджала й умірала, 
Я ж цёмнай ночкі не даспала, 
З пачупак ножак не вынімала.

Тлумачаць самі стваральнікі, бо не ў кожным слоўніку можна знайсці значэнне гэтага слова: пачопка — вяроўчына з пятлёй, з дапамогай якой калыхалі падвешаную пад столлю калыску-зыбку, звычайна нагой. Пачупкі/пачопкі/ почапкі бываюць атласныя і шаўковыя.

Звяртаем увагу, бо не заўважыць гэтыя радкі, не пачуць тое ці іншае слова падчас дзеі вельмі лёгка. Ужо хочацца ўглядацца ў тое, што адбываецца на сцэне, супастаўляць дзеянне з гукам, а словы беларускіх народных песень, дарэчы, бывае складана зразумець не толькі ў суправаджэнні электроннай музыкі і не толькі беларусам, якія чуюць родную мову даволі рэдка.

Яўгенія ШЫЦЬКА 

Фота з сайта РТБД

Друкуецца ў газеце «Літаратура і Мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».