Вы тут

Чаму «знаёмства» са школай нельга адкладваць да апошняга курса?


Якім павінен быць сучасны настаўнік? Гэта цікавы, харызматычны, поўны творчай энергіі чалавек, які выхоўвае такіх жа актыўных, неабыякавых і разважлівых людзей. Ён павінен быць адначасова прадметнікам, мудрым псіхолагам, таленавітым выхавальнікам, справядлівым суддзёй, арганізатарам, даследчыкам, прамоўцам, выдатным імправізатарам і акцёрам у адной асобе. Безумоўна, калі запытацца ў вучняў пра ідэальнага настаўніка, яны назавуць яшчэ шмат якасцяў, якімі той павінен, на іх думку, валодаць: справядлівасць, спагада, талерантнасць, мудрасць, дабрыня, крэатыўнасць, мабільнасць, аптымізм... Для іх чалавечыя якасці, магчыма, будуць нават пераважаць над прафесійнымі. Узнікае заканамернае пытанне: а ці можна выпусціць з вышэйшай навучальнай установы ТАКІХ педагогаў? Або стаць сапраўдным настаўнікам можна толькі пасля многіх гадоў працы ў школе? Рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Аляксандр ЖУК упэўнены, што да гэтага трэба імкнуцца.


Навучанне «на перадавой»

Ужо не першы год на базе БДПУ дзейнічаюць вучэбна-навукова-інавацыйны кластар і Каардынацыйны савет па пытаннях бесперапыннай педагагічнай адукацыі. Агульнымі намаганнямі быў распрацаваны прафесійны стандарт педагога, у якім знайшлі адлюстраванне самыя актуальныя патрабаванні. На падставе гэтага дакумента абнаўляюцца адукацыйныя стандарты па ўсіх педагагічных спецыяльнасцях, мадэрнізуюцца структура і змест тыпавых вучэбных планаў і праграм педагагічнай адукацыі на ўсіх узроўнях.

— Практыкаарыентаванасць навучання — галоўная ўмова фарміравання будучага педагога, — падкрэслівае рэктар БДПУ. — Зразумела, што «выхаваць» настаўніка толькі ва ўніверсітэцкіх аўдыторыях немагчыма, тым больш што ў прафесійнай дзейнасці ад яго патрабуецца ўменне прымяняць свае веды ў любой сітуацыі, а не толькі ў стандартнай. Таму ўдасканаленню педагагічнай практыкі нашых студэнтаў мы ўдзяляем асаблівую ўвагу. Упэўнены, што педагагічная практыка павінна мець бесперапынны характар і праходзіць праз усё навучанне — з першага да чацвёртага курса. Толькі ў гэтым выпадку забяспечваецца максімальна ранняе паглыбленне будучых педагогаў у прафесійнае асяроддзе, прычым, што вельмі важна, іх бесканфліктнае ўваходжанне ў педагагічную прафесію. Яшчэ ў 2015—2016 вучэбным годзе ў эксперыментальным рэжыме мы ўвялі  абавязковую валанцёрскую практыку на першым курсе і педпрактыку з выдзяленнем аднаго дня ў тыдзень для знаходжання ў школе для другакурснікаў. Вопыт нашага ўніверсітэта даказаў эфектыўнасць гэтых крокаў.

У 2020 годзе выйшаў загад Міністэрства адукацыі аб мерах па павышэнні якасці падрыхтоўкі педагагічных кадраў. У гэтым дакуменце знайшлі адлюстраванне актуальныя тэндэнцыі, у тым ліку бесперапыннасць педагагічнай практыкі, пачынаючы з першага курса. У Канцэпцыі развіцця педагагічнай адукацыі на 2021—2025 гады таксама занатаваны новы падыход да арганізацыі педагагічнай практыкі з першага да чацвёртага курса з паслядоўна выбудаваным зместам, які ўскладняецца ад курса да курса. Што маецца на ўвазе?

Для першакурснікаў прадугледжваецца азнаямленчая практыка. Для іх гэта магчымасць праверыць на практыцы свой педагагічны патэнцыял. Студэнты назіраюць за сістэмай унутрышкольных адносін, знаёмяцца са зместам і характарам прафесійнай педагагічнай дзейнасці, вучацца ўстанаўліваць кантакт з навучэнцам
і выхаванцамі, пераносяць свае тэарэтычныя веды на практычныя сітуацыі, сутыкаюцца з першымі прафесійнымі праблемамі. У іх фарміруецца педагагічная свядомасць, якая з плоскасці ідэальных уяўленняў пераходзіць у сістэму рэальных установак і поглядаў. Гэта, безумоўна, спрыяе фарміраванню каштоўнаснага стаўлення студэнта да будучай прафесійнай дзейнасці. Мы бачым, што менавіта каштоўнаснае стаўленне да прафесіі і робіць потым педагогаў паспяховымі.

Досвед у канцэнтраваным выглядзе

На другім курсе студэнтаў чакае вучэбна-пошукавая практыка, якая дае магчымасць на падставе назіранняў за дзейнасцю настаўніка паглыбіць свае веды пра класна-ўрочную сістэму, тыпы і структуру ўрока, сучасныя метады і прыёмы навучання, адукацыйныя тэхналогіі. Практыканты наведваюць і аналізуюць урокі настаўнікаў, знаёмяцца з вядзеннем школьнай дакументацыі, відамі планавання, формамі арганізацыі вучэбнага працэсу, зместам падручнікаў і праграмы, вучацца аналізаваць узаемадзеянне педагога з навучэнцамі. Паглыбляюцца іх веды па педагогіцы і псіхалогіі, развіваюцца і ўдасканальваюцца аналітычныя, арганізатарскія і камунікатыўныя ўменні і навыкі. Педагагічная практыка на трэцім курсе дазваляе студэнтам выступаць ужо ў ролі настаўнікаў, праводзіць заліковыя і адкрытыя ўрокі, выхаваўчыя мерапрыемствы. Вывучаюцца і аналізуюцца індывідуальныя рысы асобы навучэнца, вызначаюцца найбольш эфектыўныя шляхі яе развіцця і карэкцыі.

Акрамя таго, трэцякурснікаў чакае яшчэ і летняя практыка ў аздараўленчых дзіцячых установах. Як падкрэслівае Аляксандр Жук, для бучых педагогаў гэта ўнікальная магчымасць навучыцца кіраваць дынамікай часовага дзіцячага калектыву (ён можа быць як аднаўзроставы, так і рознаўзроставы), авалодаць рознымі формамі і спосабамі ўзаемадзеяння як з групамі выхаванцаў, так і з асобнымі дзецьмі, у тым ліку ў нефармальных умовах і сітуацыях, навучыцца пастаянным стасункам з імі на працягу дня, тыдня і змены, аказанню дапамогі ў вырашэнні іх асабістых праблем, стварэнню ўмоў для іх самарэалізацыі. Эфектыўнасць такой практыкі цяжка пераацаніць. Гэта канцэнтраванае паглыбленне ў выхаваўчую работу з дзецьмі, магчымасць атрымання вопыту прафесійнай дзейнасці ў сціснутыя тэрміны і ў канцэнтраваным выглядзе. Усё ж такі падчас праходжання педпрактыкі ў школах больш увагі там удзяляецца адукацыйнаму працэсу, чым выхаваўчай рабоце. Для параўнання: непасрэднае выхаваўчае ўзаемадзеянне класнага кіраўніка з дзецьмі ў школе складае 4-5 гадзін на тыдзень, гэта прыкладна 180 гадзін на працягу вучэбнага года, а ў выхавальніка ў дзіцячай аздараўленчай установе — гэта 15-16 гадзін у суткі, або 300 гадзін за адну змену.

«Для будучага педагога летняя практыка дазваляе стварыць скарбонку шматлікіх заняткаў, гульняў і форм альтэрнатыўнага дзіцячага адпачынку. На жаль, колькасць стацыянарных летніх аздараўленчых лагераў паступова змяншаецца, таму база для праходжання летняй педпрактыкі звужаецца, але ёсць альтэрнатыва — шосты школьны дзень. Можна арганізаваць выхаваўчую педпрактыку па школьных суботах, каб студэнты дапамагалі педагогам у арганізацыі нефармальных мерапрыемстваў. Мяркую, што дырэктары і іх намеснікі будуць нам за гэта толькі ўдзячныя, — разважае Аляксандр Жук. — Можна таксама разгарнуць сваю дзейнасць і ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі...»

Ну і на чацвёртым курсе студэнтаў чакае пераддыпломная практыка, падчас якой адбываецца ўжо ўдасканаленне іх прафесійнай падрыхтоўкі, шліфуюцца прафесійныя якасці, фарміруецца ўменне планаваць сваю дзейнасць і даследчыя ўменні.

— Дадзеная ідэя арганізацыі бесперапыннай педпрактыкі закладзена ў адукацыйных стандартах і тыпавых вучэбных планах новага пакалення, па якіх мы пачалі працаваць з гэтага навучальнага года, — падкрэслівае рэктар БДПУ. — Важна, што пры такім падыходзе адбываецца паступовае асваенне розных педагагічных роляў. Падчас азнаямленчай практыкі студэнт — актыўны назіральнік, на другім курсе — ужо памочнік педагога, на трэцім — настаўнік і педагог. Падчас летняй практыкі — выхавальнік, а на пераддыпломнай практыцы — педагог- эксперт, педагог-даследчык. Паколькі на штодзённых уроках, як правіла, адсутнічаюць кантралёры, ад умення настаўніка рэфлексаваць і рабіць самаацэнку сваёй дзейнасці залежыць рост яго прафесіяналізму.

Дзе слабае месца?

Цікавыя вынікі былі атрыманы падчас правядзення рэспубліканскага апытання з мэтай даведацца, як арганізавана педагагічная практыка ў ВНУ — суб'ектах вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара — сёння.

— Рэалізацыя бесперапыннай педагагічнай практыкі вымагае ўзмацнення самастойнасці студэнтаў, іх рэфлексіі ад курса да курса, дыферэнцыяцыі і індывідуалізацыі яе зместу, — разважае Аляксандр Жук. — Трэба ўлічваць і тую акалічнасць, што выпускнікі профільных педкласаў пачалі паглыбленне ў прафесію намнога раней: яны ўжо маюць і сваё прафесійнае партфоліа, і вопыт даследаванняў, таму для іх усе заданні па практыцы, пачынаючы з першага курса, павінны прапаноўвацца з улікам іх папярэдняга вопыту. Плюс можна выкарыстоўваць гэтых хлопцаў і дзяўчат у якасці цьютараў для тых студэнтаў, якія не навучаліся ў педкласах. Мы пацікавіліся, ці ўлічваецца пры арганізацыі педагагічнай практыкі наяўнасць першаснага вопыту педагагічнай дзейнасці ў студэнтаў. 73 працэнты апытаных адказалі, што не ўлічваецца, 17 працэнтаў далі станоўчы адказ і 10 працэнтаў адказалі, што толькі часткова. Між іншым, на сёння на педагагічных спецыяльнасцях навучаюцца ўжо 2,5 тысячы выпускнікоў профільных педагагічных класаў, летась адбыўся першы выпуск з педагагічных спецыяльнасцяў маладых людзей, якія прайшлі праз педкласы. Такім студэнтам трэба прапаноўваць больш складаныя ролі. І мы думаем, што базамі для педпрактыкі павінны станавіцца ў першую чаргу навучальныя ўстановы, дзе дзейнічаюць профільныя педагагічныя класы і філіялы кафедраў ВНУ. Такое аб'яднанне намаганняў абавязкова дасць сінергетычны эфект.

Нас цікавіла, ці ўлічваецца меркаванне студэнтаў пры выбары базы для праходжання практыкі? Усё ж такі даволі шмат маладых людзей ужо працуюць з трэцяга курса. Гэта актуальна для Мінска і Мінскай вобласці, дзе адчуваецца дэфіцыт педагагічных кадраў. Дык дзе працуючым студэнтам праходзіць практыку? Рэспандэнтамі было адзначана, што для студэнтаў, якія працуюць і маюць сярэдні бал па вучобе, не ніжэйшы за «8», магчымы варыянт праходжання практыкі па месцы іх працы.

Шчыра кажучы, узнікае пытанне: а ці ўсім студэнтам можна дазволіць сумяшчаць вучобу ва ўніверсітэце з работай ва ўстановах адукацыі? Мяркуем, што трэба браць пад увагу іх паспяховасць. Калі іх сярэдні бал ніжэйшы за 7,2 (а па стандартах якасці гэта мінімальны ўзровень), то, напэўна, лепш засяродзіцца на вучобе, бо калі ты тут не спраўляешся, то якім педагогам станеш?

Падчас апытання высветлілася, што больш за ўсё студэнтам падабаецца выконваць падчас праходжання практыкі творчыя заданні са стварэннем уласнага адукацыйнага прадукту; заданні, якія датычацца арганізацыі работы па непасрэдным узаемадзеянні з дзецьмі; заданні на выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій і элементаў праектнага метаду; інтэграваныя заданні. Яны з задавальненнем выконваюць функцыі класнага кіраўніка, удзельнічаюць у метадычных мерапрыемствах.

— На жаль, сярод задач, якія падабаецца выконваць студэнтам, няма заданняў даследчага і аналітычнага характару, — канстатуе Аляксандр Жук. — Таму мы лічым, што трэба пашыраць рэалізацыю даследчага падыходу ў падрыхтоўцы нашых студэнтаў.

А якія ж заданні выклікаюць у студэнтаў складанасці? Высветлілася, што гэта работа з бацькамі, афармленне вучэбна-праграмнай дакументацыі, планаў, арганізацыя інтэграванага навучання, праца са слабымі вучнямі (педагогі сёння больш нацэлены на работу з адоранымі навучэнцамі), выступленне на публіцы, арганізацыя ўзаемадзеяння з педагогамі школы. Практыкантам складана ацэньваць, як прасунуўся ў засваенні праграмы кожны навучэнец. Ім складана падбіраць формы, метады і прыёмы работы з дзецьмі з улікам іх мэтазгоднасці і пасільнасці для канкрэтнай дзіцячай аўдыторыі, матываваць да вывучэння свайго прадмета.

Мы папрасілі таксама выказацца наконт далейшага ўдасканалення бесперапыннай педагагічнай практыкі. Былі агучаны прапановы наконт распрацоўкі інтэграваных заданняў, якія ўключаюць метадычны, педагагічны і псіхалагічны складнік, таксама прапаноўвалася выдзяляць у вучэбных планах больш гадзін на праходжанне практыкі, адлюстроўваць дасягненні студэнтаў, якія паспяхова прайшлі практыку, у характарыстыках выпускнікоў, пры вывядзенні рэйтынгавых балаў і ўлічваць гэту інфармацыю пры размеркаванні маладых спецыялістаў.

Дарэчы, маладыя педагогі, якія прыходзяць у школы, прызнаюцца, што спярша ім зусім няпроста прызвычаіцца да таго, што завуць іх ужо не Каця або Сярожа, а Кацярына Аляксандраўна або Сяргей Уладзіміравіч і што не іх зараз выклічуць да дошкі. Больш за тое, галоўнымі «дырыжорамі» ў дзіцячым аркестры павінны стаць менавіта яны. І хочацца, каб у іх гэта абавязкова атрымалася…

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.