Вы тут

Літаратурнае братэрства. Мікола Мятліцкі і Мумін Канаат


Летась, напрыканцы 2021 года, памёр Мікола Мятліцкі. Лаўрэат Дзяржаўна й прэміі Рэспублікі Беларусь. Лаўрэат Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне культуры і мастацтва. Творца, які прыклаў шмат намаганняў для кансалідацыі мастацкіх, літаратурных сіл на прасторах Садружнасці Незалежных Дзяржаў... Яго часта бачылі на вечарынах, розных мерапрыемствах, якія ладзілі ў Мінску замежныя амбасады. Да яго па-сяброўску ставіліся і ў пасольстве Казахстана, і ў пасольстве Таджыкістана, і ў расійскім пасольстве... Мікола Мятліцкі пераклаў ладную падборку вершаў для кніжачкі «Таджыкістан: імгненні вечнасці»... І асабліва чуйна, сардэчна ён ставіўся да паэзіі класіка таджыкскай літаратуры Муміна Канаата...


Мікола Мятліцкі.

Памятаю, як уразіла Міколу вестка пра смерць класіка таджыкскай літаратуры, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР, аўтара паэмы «Галасы Сталінграда» Муміна Канаата... Сапраўды прачулыя радкі з гэтай нагоды напісаліся ў Міколы Міхайлавіча... Вось гэты верш — «Светлая памяці Муміна Канаата»: 

І для мяне — асабістая страта,

І для ўсяго чалавецтва.

Не стала Муміна Канаата,

Крывёй абліваецца сэрца.

Ён планету ўсю трымаў на далоні,

Жадаў ёй дабра шчыра.

Схілілі сівыя скроні

Вяршыні Паміра.

Пагасла светлае ранне

Так нечакана.

Паэта чулі дыханне

Цясніны Таджыкістана.

Яго слова чуў увесь свет,

І мне скрушна-горка.

Пакінула зыркі след

Паэта высокая зорка.

Сягоння Айчына мая,

Таджыкістан,

З табою самоціцца,

Гарачай слязы бруя

Па шчацэ Нарачы коціцца.

Не, смерць не здатна забіць

Духу магутны арган,

Ён чуйным набатам гучыць

У сэрцах зямлян.

... А мне ўспомнілася, што ў Душанбэ выйшла кніга вершаў Міколы Мятліцкага ў перакладзе на таджыкскую мову. Канешне ж, гэта была праява і ўдзячнасці за тое, што Мікола Мятліцкі перакладае таджыкскіх паэтаў. Асобныя творы класікаў і сучаснікаў — творчых спадкаемцаў вялікага Рудакі ўвайшлі ў аўтарскую анталогію перакладаў «Сугучча», былі надрукаваны на старонках часопісаў «Полымя», «Маладосць», у газеце «Літаратура і мастацтва». 

Мумін Канаат.

Складаны лёс ў багатага на гісторыю і літаратурныя традыцыі народа, — неяк дзяліўся са мною сваімі развагамі Мікалай Міхайлавіч. — Горы загартоўвалі і працягваюць загартоўваць характар таджыкаў. Мне прыемна, што лёс звёў мяне з таджыкскім пісьменнікам — вядомым драматургам, празаікам, публіцыстам, перакладчыкам Ато Хамдамам. Дзякуючы яго вялікім арганізатарскім здольнасцям у Таджыкістане сённяшнім гучаць вершы і проза беларускіх аўтараў у перакладзе на таджыкскую мову. І на пасадзе дырэктара выдавецтва «Адзіб» («Пісьменнік») ён рухаў многія беларуска-таджыкскія ініцыятывы, і зараз працягвае гэта рабіць, працуючы ў Саюзе пісьменнікаў Таджыкістана. Ато Хамдам першым і паведаміў нам вестку пра смерць сапраўды легендарнага паэта Муміна Канаата...

Сярод задум беларускіх выдаўцоў — падрыхтоўка і выданне кнігі вершаў Муміна Канаата на беларускай мове. Спадзяёмся, што гэты клопат будзе з часам рэалізаваны. Паэзія таджыкскага майстра прыгожага пісьменства гэтага вартая. І ўжо нехта з літаратурнай моладзі далучыцца да працы, распачатай раней, тым самым засведчыць павагу не толькі да Муміна Канаата, але і захопленага яго паэзіяй беларуса Міколы Мятліцкага. «Крывёй абліваецца сэрца...» Не стала на белым свеце двух яркіх, самабытных паэтаў — таджыка Муміна Канаата і беларуса Міколы Мятліцкага... Але засталіся з намі іх вершы. Яны гучаць не толькі ў родных старонках мастакоў слова, яны гучаць па ўсім свеце. 

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.