Вы тут

Новыя краязнаўчыя энцыклапедыі: Мазалава і ваколіцы


У такое, магчыма, не кожны і паверыць: што, маўляў, усяго толькі адзін сельскі савет — а іх па краіне 1151 і толькі на Віцебшчыне 191 — звязаны з імёнамі самых розных знакамітасцяў, багаты на помнікі, мае выключныя прыродныя адметнасці. Размова — пра Мазалаўскі сельскі савет Віцебскага раёна. 


Трымаючы ў руках «Краязнаўчы атлас Мазалаўскага сельскага савета Віцебскага раёна», мы і выпраўляемся ў доўгую экскурсію па Мазалава і бліжніх ваколіцах. На тэрыторыі сельсавета — 33 населеныя пункты, у якіх пражывае 5 663 чалавек. І хаця створаны сельсавет у снежні 1960, лічыце, зусім нядаўна па гістарычных мерках, мікрарэгіён надзвычай багаты на падзеі, на рознага характару памяткі. Першыя пісьмовыя звесткі пра населеныя пункты, якія зараз уваходзяць у склад Мазалаўскага сельсавета, адносяцца да XVI стагоддзя. Лужасна (1530), Мазалава, Бабінічы, Доўжа, Падбярэззе... Блізкасць да Віцебска накладвала сваю пячатку на эканамічнае развіццё мікрарэгіёна ў другой палове XIX — пачатку XX стст. Важную ролю ў гаспадарцы адыгрывала Дзвіна, па якой у Рыгу сплаўлялі збожжа, паташ, шмальцугу (івавы паташ), клёпку, воск, тканіны, пяньку, мёд, сала і іншыя тавары. На рацэ былі румы — месцы збору, захавання і адпраўкі тавараў і фарміравання платоў (ганкоў). 

Кожны з раздзелаў атласа (а іх — усяго пяць) паказвае тыя ці іншыя аспекты жыцця ў прасторы і часе. «Гісторыка-культурная спадчына» знаёміць з помнікамі культавай архітэктуры, сядзібнай архітэктуры, грамадзянскай і прамысловай архітэктуры, археалогіі. А — яшчэ з помнікамі, памятнымі мясцінамі, паркавай скульптурай, помнікамі і пахаваннямі Вялікай Айчыннай вайны, музеямі і праявамі нематэрыяльнай спадчыны, этнічнай прысутнасцю на тэрыторыі сельсавета. Другі раздзел — «Помнікі і асяродкі духоўнай культуры», дзе нас чакаюць сустрэчы з легендамі і паданнямі, аб’ектамі нематэрыяльнай спадчыны, асяродкамі духоўнай культуры і мастацкімі калектывамі, гістарычнымі традыцыямі, абрадамі, промысламі. «Прыродная спадчына краю» — сустрэча з геалагічнымі, батанічнымі помнікамі, паркамі, крыніцамі, адметнымі ландшафтамі і жывапіснымі мясцінамі, рэкамі, азёрамі і іншымі воднымі аб’ектамі. Яшчэ два раздзелы прысвечаны адпачынку і рэкрэацыі, аб’ектам прамысловага турызму. 

Аўтар лаканічна і разам з тым усебакова адкрывае адрасы вандровак для школьнікаў, моладзі, для людзей, якія вызначаюцца нераўнадушным стаўленнем да родных краявідаў. «...веданне краю — аснова любові да сваёй малой Радзімы і павагі да Айчыны. Краязнаўства — заўсёды краялюбства...» (М. Півавар). 

Гартаеш старонкі адмысловага атласа, які ўжо сам па сабе з’яўляецца навацыяй у айчынным краязнаўстве, — і адкрываеш унікальныя аб’екты, знаёмішся з уражлівымі фактамі. На 1906 год у Віцебскім павеце было 146 сядзіб і маёнткаў. На тэрыторыі цяперашняга Мазалаўскага сельскага савета — некалькі дзясяткаў. Да нашага часу ў добрым стане дайшлі толькі тры — «Мілае» у в. Мазалава, У. Адамава ў Вялікіх Лётцах і І. Рэпіна «Здраўнёва». Дзве з іх знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета. 

Пра аўтара «Краязнаўчага атласа Мазалаўскага сельскага савета...»: кандыдат гістарычных навук Мікалай Півавар працуе настаўнікам гісторыі ў Віцебскім кадэцкім вучылішчы. Па сумяшчальніцтве працаваў у Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. М. Машэрава (2007 — 2017). Вывучае гісторыю і культуру Віцебшчыны. Аўтар і ўкладальнік прац «Даследчыкі Полацка-Віцебскай даўніны XVI ст. — 1944 г.» (2006), «Віцебскі раён: краязнаўчыя нарысы» (2008), «Краязнаўцы Віцебшчыны 2-й пал. XX — пач. XXI ст.» (2010), «Музеі Віцебска на пачатку XXI ст.» (2012), «Гістарычнае краязнаўства Беларусі ў 1961 — 1991 гг.» (2016), «50 музеев Витебска» (2016), «Сядзібы Віцебшчыны» (2020). 

Праробленая М. Піваварам праца — прыклад, узор, метадычная аснова для ўсіх, хто праяўляе нераўнадушнае стаўленне да гісторыі краіны. Напрыканцы «Слова да чытача» ў «Краязнаўчым атласе...» ёсць такія словы: «... Чалавек, які любіць свой край, ніколі не здрадзіць сваёй краіне. Выхаваць такога грамадзяніна — галоўная задача ідэалагічнай і выхаваўчай працы любой дзяржавы». І яшчэ: «...краязнаўства ці комплекснае вывучэнне краю — аснова росквіту нашай Радзімы». Хіба не дзеля гэтага рупіліся такія слынныя даследчыкі роднай старонкі, як Генадзь Каханоўскі, Віталь Скалабан, Адам Мальдзіс..?! І Мікалай Півавар — такога ж гарту руплівец. 

Раман СЭРВАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?