Вы тут

На кніжнай выстаўцы-кірмашы прайшла прэзентацыя кнігі Хаяма «Выбраныя старонкі»


На XXIX Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы прайшла прэзентацыя кнігі Амара Хаяма «Выбраныя старонкі», якая выдадзена ў Выдавецкім доме «Звязда» пры падтрымцы Пасольства Ісламскай Рэспублікі Іран у Рэспубліцы Беларусь. 


Так атрымалася, што гэты праект складзены з тэкстаў перакладаў, здзейсненых у розны час. Значная частка кнігі — пераўвасабленні неўміручай паэзіі класіка ўсходняй літаратуры, якія ажыццявіў шмат гадоў назад народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін (1935 — 2014). Яны ўжо выдаваліся асобным кніжным фарматам. У «Выбраныя старонкі» уключаны яшчэ і новыя пераклады, зробленыя зусім нядаўна Віктарам Шніпам і Генадзем Аўласенка.

Адкрыў прэзентацыю старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч. «Мы не ўпершыню звяртаемся ў сваёй кнігавыдавецкай працы да перакладных праектаў, — адзначыў выступоўца і вядучы імпрэзы. — Некалі падзеяй стала выданне аўтарскай анталогіі перакладаў Міколы Мятліцкага „Пад крыламі дракона: Сто паэтаў Кітая“. У „Звяздзе“ была распачата і серыя „Светлыя знакі: паэты Кітая“, у якой пабачылі свет зборнікі Ай Ціна, Ван Вэя, Лі Цінчжаа, Ван Гачжэня, Мэн Хаажаня і іншых класікаў кітайскай паэзіі. Выдадзены кнігі паэтаў-сучаснікаў, ды і празаікаў таксама, з розных куткоў постсавецкай прасторы — Агагельды Аланазарава, Касыма Нурбадава, Эдварда Мілітаняна, Чынгіза Алі аглу, Абая, Міхайлы Слабашпіцкага і іншых вядомых творцаў. Да збірання кнігі Амара Хаяма мы падыходзілі з асцярогай. Класічная паэзія ўжо мае свой твар, і падыходзячы да перастварэння яе здабыткаў на іншую мову трэба мець асаблівую творчую адвагу...»

Такой адвагай вызначыліся перакладчыцкія памкненні і Віктара Шніпа, і Генадзя Аўласенкі. Віктар Анатольевіч падзяліўся сваімі ўражаннямі, эмацыйнымі перажываннямі, якія суправаджалі яго пры ажыццяўленні перакладаў твораў Амара Хаяма. Пра веліч паэта, яго ролю ў фарміраванні літаратурных густаў чытача ўсходніх краін гаварыў на прэзентацыі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ісламскай Рэспублікі Саід Яры. Ён падзякаваў «звяздоўцам», перакладчыкам за новы востраў Амара Хаяма ў Беларусі, расказаў пра планы далейшага кнігавыдавецкага, літаратурнага супрацоўніцтва са «Звяздой». У задумках — выданне кніг паэзіі Хафіза Шыразі, Саадзі на беларускай мове. 

На прэзентацыі сваімі развагамі пра міжнародныя літаратурныя, выдавецкія стасункі, пра ролю кнігі ў захаванні міралюбівых зносін паміж рознымі краінамі падзяліўся намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі. Пра творчасць любімага іранцамі паэта гаварыў на пляцоўцы XXIX Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмаша і намеснік старшыні Дома дружбы «Беларусь — Іран» доктар Гарбанніджад Гумен Гушанг. 

Выступіў перад гасцямі, удзельнікамі выстаўкі і мастак кнігі Амара Хаяма «Выбраныя старонкі» Каміль Камал. Яго графічныя работы надалі выданню асаблівую прыгажосць. У кнізе змешчана болей 30 малюнкаў Каміля Камала. Вядомы мастак не ўпершыню звяртаецца да афармлення кніг усходняй паэзіі. Яго праца над анталогіяй «Пялёсткі лотаса і хрызантэмы: Сто паэтаў Кітая XX стагоддзя» адзначана на конкурсе «Мастацтва кнігі». Каміль Камал аформіў і кнігі паэзіі кітайскага класіка Ай Ціна, бенгальскага, бангладэшскага мастака слова Казі Назруло Іслама. 

Сяргей ШЫЧКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».