Вы тут

Атлантыка прынясе нам снег з дажджом


Нешта надвор’е нас здзіўляе кожны год. Першы месяц вясны — не выключэнне. Такі сухі сакавік я нават не ўзгадаю за апошнія 20 гадоў. А сапраўды ж, антыцыклоны, якія змянялі адзін аднаго на працягу доўгага перыяду, забяспечвалі нам адносна (месцамі) цёплае і камфортнае без ападкаў надвор’е. Нягледзячы на тое, што ў начныя гадзіны было марозна, удзень ва ўмовах малавоблачнага надвор’я тэмпература пераходзіла ў градацыю станоўчых значэнняў. Самымі цёплымі сталі 22 і 23 сакавіка, калі ў разгар дня вясновае сонца прагрэла паветра да плюс 11–19 градусаў. Але сакавік каварны, і ў апошні тыдзень ён спяшаецца нагадаць, што ў нашых шыротах гэта яшчэ амаль зімовы месяц. У чацвер паветраныя масы з Паўночнай Атлантыкі прынеслі шмат аблокаў і ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Таксама як увесь тыдзень, у пятніцу будзе пераважна без ападкаў. Толькі па паўднёвым усходзе краіны чакаюцца невялікія кароткачасовыя ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. Месцамі на дарогах будзе галалёдзіца. Максімальная тэмпература паветра складзе ад плюс 9 градусаў па ўсходзе да 17 цяпла па захадзе краіны.

А ўжо ў суботу пераважна без ападкаў чакаецца толькі ўначы. Раніцай і ўдзень на большай частцы краіны пройдзе кароткачасовы дождж, па паўночным усходзе з мокрым снегам. У многіх раёнах будзе ўзмацненне ветру парывамі да 15–20 м/с. Тэмпература паветра ўначы складзе 1–6 цяпла, а ўдзень — ад 6 да 13 градусаў са знакам плюс, па поўдні будзе да 16 цяпла.

У нядзелю «халодныя» ападкі будуць ісці як раз у цёмны час сутак. Так, уначы і раніцай пераважна па ўсходняй палове краіны будзе кароткачасовы снег, мокры снег, і ў многіх раёнах чакаецца ўзмацненне ветру парывамі да 15–20 м/с. На асобных участках дарог будзе галалёдзіца. Удзень будзе без істотных ападкаў. Тэмпература паветра ўначы складзе 1–7 марозу, а ўдзень дасягне 2–9 цяпла, але па паўночным усходзе будзе каля нуля градусаў.

Паводле папярэдніх прагнозаў сіноптыкам, няўстойлівы характар надвор’я захаваецца і ў пачатку наступнага тыдня. У панядзелак уначы месцамі, а ўдзень на большай частцы тэрыторыі краіны чакаюцца кароткачасовыя ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу. Уначы і раніцай па паўночным усходзе на асобных участках дарог — галалёдзіца. У многіх раёнах будзе ўзмацненне ветру парывамі да 15–22 м/с. Тэмпература паветра ў начны час складзе ад мінус 3 градусаў па паўночным усходзе да плюс 5 градусаў па паўднёвым захадзе. Удзень тэмпература паветра будзе складаць 8–15 цяпла, па поўначы — ад плюс 5 да плюс 7 градусаў.

Патрывожыць нас снег з дажджом і ў аўторак. У гэты дзень месцамі па краіне — кароткачасовыя ападкі. Уначы і раніцай месцамі магчыма ўзмацненне ветру парывамі да 15–20 м/с, на асобных участках дарог прагназуецца галалёдзіца. Тэмпература паветра на працягу сутак складзе ад мінус 2 да плюс 5 градусаў. Уначы па поўначы тэмпература будзе да мінус 5 градусаў, а ў дзень па поўдні да плюс 7 градусаў.

У сераду месцамі па краіне чакаюцца кароткачасовыя ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. Уначы і раніцай на асобных участках дарог будзе галалёдзіца. Тэмпература паветра ў начны час складзе ад мінус 6 градусаў да плюс 1, месцамі па поўначы — да мінус 8 градусаў. Удзень тэмпература паветра ад 0 да 7 цяпла.

Сяргей КУРКАЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.