Вы тут

У Магілёве прайшла сустрэча студэнтаў эканамічнага факультэта з прадпрымальнікамі


Сустрэча адбылася ў рамках беларускага тыдня прадпрымальніцтва.


— Мы арганізавалі сустрэчу студэнтаў эканамічнага факультэта з прадпрымальнікамі Магілёўшчыны і прадстаўнікамі аблвыканкама, — паведаміла дэкан эканамічнага факультэта ўніверсітэта Алена Казлова. — Нашы студэнты вывучаюць асновы прадпрымальніцтва, але магчымасць пагутарыць непасрэдна з тымі, у каго ёсць свой бізнес, ёсць не ва ўсіх. Мы вырашылі выправіць гэты прабел. Запрошаныя прадпрымальнікі, абапіраючыся на асабісты вопыт, расказалі, як рэалізаваць сябе ў бізнесе і дабіцца поспеху. Студэнты, паслухаўшы іх, могуць зрабіць высновы — гэта іх шлях або не. 

Дырэктар фарэлевай гаспадаркі «Лахва» Юрый Куксянкоў — былы студэнт гэтай вышэйшай установы. Ён тут вучыўся, калі яна была яшчэ тэхналагічным інстытутам. 

— Было цікава паглядзець на сучасных студэнтаў, — усміхаецца ён. — А калі сурёзна, такія сустрэчы вельмі карысныя. Ва ўсялякім разе студэнты будуць ведаць, што ў нас у вобласці ствараецца, чаго не хапае, куды трэба ісці. Наша фірма супрацоўнічае з Беларускай сельскагаспадарчай акадэміяй, там ёсць адпаведная спецыяльнасць, але і эканамісты таксама мяне цікавяць. Мне было прыемна пагутарыць са студэнтамі, падказаць, што далей рабіць. Шмат было пытанняў, прычым ад студэнтаў, якія прыехалі да нас з-за мяжы. Яны разумеюць, як важна атрымаць добрую адукацыю. Калісьці я быў у Егіпце і жыхар гэтай краіны зрабіў камплімент, што ў нашай краіне вельмі добрыя магчымасці вучыцца. Праўда, не ўсе гэта цэняць. 

Дар’я Гвоздзь, якая расказала моладзі, як яна дабілася поспеху, таксама былая выпускніца ўніверсітэта. Яна скончыла ўстанову 5 гадоў таму, у бізнесе 3,5 гады. Адкрыла ў Магілёве івент-прастору, дзе праводзяцца майстар-класы, святы і модныя зараз мабільныя фотасесіі.

— Такіх мерапрыемстваў, як гэта, калі я тут вучылася, мне дакладна не хапала, — прызналася яна. — Яны вельмі важныя, бо, калі б знайшоўся тады чалавек, які мог мяне заматываваць, я, магчыма, раней намеціла б сабе нейкі шлях. І мне было б прасцей пасля ўніверсітэта пачынаць сваю справу. Задача ўстановы даваць магчымасць студэнтам чэрпаць інфармацыю з розных крыніц. І цудоўна, калі можна запрасіць людзей, якія чагосьці дабіліся і могуць падзяліцца вопытам. Гэтай магчымасцю трэба абавязкова карыстацца. 

Акрамя сустрэч з прадстаўнікамі бізнесу, студэнты эканамічнага факультэта спаборнічалі ў віктарыне, вырашалі кейсы, рабілі даклады. Актыўны ўдзел у мерапрыемстве прымалі і замежныя студэнты з Узбекістана і Таджыкістана.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.