Вы тут

Лукашэнка: Гэта поўнамаштабная інфармацыйная вайна і прайграць мы проста не можам


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду аб пытаннях дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі. На парадку дня – самыя праблемныя пытанні ў рабоце СМІ, сярод якіх работа падчас інфармацыйнай вайны, пытанні рэкламы, кадравы патэнцыял.


«Як бы ні было цяжка, вы павінны не толькі ўтрымліваць фокус увагі аўдыторыі, адукоўваць, тлумачыць, падтрымліваць, але і думаць аб уласным развіцці. Мы не павінны апусціць рукі — урок 2020 года, калі нам здавалася, што ўсё добра. А не. Таму трэба працаваць», — падкрэсліў Прэзідэнт.

На парадку дня таксама і праект Указа, які рэгулюе пытанні рэкламы ў сродках масаавай інфармацыі. Урад, Адміністрацыя Прэзідэнта разглядалі гэтае пытанне некалькі разоў з розных бакоў. Цяпер дакумент знаходзіцца на разглядзе ў кіраўніка дзяржавы.

«Мы ўвялі ў дзеянне айчынную сістэму медыявымярэння, якая павінна забяспечыць празрыстасць рынку і рэйтынгаў тэлеканалаў і радыёстанцый у нашай краіне, затым стварылі рэестр рэкламных распаўсюджвальнікаў. Сёння сітуацыя памянялася кардынальна. У выніку цяперашняга геапалітычнага канфлікту на Расію, а заадно і на Беларусь абрынулі новы шквал рабаўнічых санкцый», — сказаў Аляксанжр Лукашэнка. Прэзідэнт пацікавіўся, ці ёсць рэальныя інструменты падтрымкі СМІ ў сітуацыі, якая склалася?

Трэба прапагандаваць усё найлепшае

Асобна кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на негатыўнае адценне слова «прапаганда», якая заўсёды прысутнічае ў медыя. Па яго словах, пра гэта не трэба турбавацца і прапагандаваць не фэйкі, а праўду. «Мы ва ўнікальнай сітуацыі. Адзіная з усіх цывілізаваных краін, якая прыстойна выглядае. Мы не хлусім, мы не перабольшваем нічога. У нас дастаткова фактаў, дастаткова інфанагод, каб іх паднесці сусветнай грамадскасці, не толькі нашай публіцы. Але так і трэба прапагандаваць. Чаго мы баімся? Не ведаю, чаму абылгалі і апаганілі гэтае слова. Заўсёды была, ёсць і будзе прапаганда. Але нам пажадана прапагандаваць усё найлепшае. У нас хапае гэтага дабра», — растлумачыў ён.

На нарадзе гаворка ішла не толькі пра эканамічны бок работы СМІ, хоць гэта і найважнейшае пытанне. Беларускі лідар акцэнтаваў увагу, што любая падтрымка можа быць аказана толькі пад канкрэтны план развіцця. «Я вам шчыра кажу, пакуль вы не вычарпаеце свае магчымасці зарабляць, не звяртайцеся да бюджэту. Вы людзі адукаваныя, разумееце, што ў бюджэце лішніх грошай няма. Але калі трэба і на выхадзе мы будзем бачыць эфект, мы заўжды грошы знойдзем», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што трэба прызнаць, як прафесійна ідзе інфармацыйная вайна. Па яго словах, па дэманізацыі Максва і Мінска ўжо пераплюнулі Шарпа і Гебельса. «Струмені адкрытай, самай нахабнай і дзікай хлусні льюцца на людзей з Інтэрнэту. Забыта ўсялякая прыстойнасць. Пра нормы журналістыкі, прафесійную адказнасць увогуле ніхто не ўспамінае. Гэта поўнамаштабная інфармацыйная вайна — за розум нашых людзей, за будучыню нашых дзяцей. І прайграць мы проста не можам», — канстатаваў ён.

Паводле слоў беларускага лідара, беларускія медыя ўсё часцей перахопліваюць інфармацыйны парадак дня ў Інтэрнеце. Беларускія вядучыя тэлеканалы, «СБ», БелТА там заўважныя. Але казаць, што наша інфармацыя там дамінуе, пакуль рана.

Павінна быць пераемнасць 

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, заблакаваць вядучыя вэб-пляцоўкі — Youtube, некаторыя сацыяльныя сеткі, — як гэта зрабілі ў Расіі, або паставіць «залаты шчыт», як Кітай, тэарэтычна магчыма. Але перш чым зрабіць нейкі крок, трэба ўсё ўзважыць, і спяшацца тут не варта, а трэба быць акуратнымі. «Калі ўсё, што там робіцца, на шкоду і ў перспектыве яшчэ большая будзе шкода, тады прымайце рашэнне. Калі пакуль да гэтага не дайшло, давайце пачакаем, давайце не будзем спяшацца», — сказаў ён. 

Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, што трэба прымаць узважаныя рашэнні і развіваць свае рэсурсы. У тым ліку, разам з расійскімі калегамі. Але заўсёды трэба бачыць сябе.

«І асноўнае — кадры. Чалавечы патэнцыял. Трэба, захоўваючы журналісцкія калектывы, знаходзіць новых людзей, маладых, крэатыўных, патрыятычна настроеных. Павінна быць пераемнасць», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў падкрэсліў, што асноўныя намаганні міністэрства накіраваныя на рэалізацыю дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі, на выкананне ідэалагічных задач, забеспячэнне нагляднай дзейнасці ў інфармацыйнай сферы. «Прыемна адзначыць, што аналіз інфармацыйнай прасторы Беларусі паказвае ўзрослы давер да дзяржСМІ, давер да ўрада і выверанай палітыкі дзяржавы». — сказаў ён.

Уладзімір Пярцоў назваў прыярытэтныя задачы ў дзейнасці міністэрства інфармацыі. Першая — паляпшэнне якасці інфармацыйнага прадукта, павышэнне ўзроўню журналістаў. «На гэты конт шмат сказана, але, аб’ектыўна кажучы, ёсць над чым працаваць», — заўважыў міністр. Другая задача — забеспячэнне павелічэння тэлепраграм уласнай вытворчасці. Ён расказаў, што на сёння ўласнага кантэнту ў сярэднім аб’ёме дзяржаўных тэлеканалаў ужо 40,3 працэнта. У перспектыве пераход на 50-70 працэнтаў уласнага прадукту, але гэта залежыць ад фінансавых магчымасцяў. Трэцяя задача — прасоўванне і ўмацаванне дзяржаўнай пазіцыі ў інтэрнет-прасторы, уключаючы актыўнае асваенне сацыяльных сетак. Згодна з сацыяльным даследаваннем 63,2 працэнта жыхароў Беларусі атрымліваюць інфармацыю з інтэрнэт-крыніц, 61,3 з тэлебачання. Кожны другі карыстаецца сацыяльнымі сеткамі. Чацвёртая задача прадугледжвае ўмацаванне рэдакцый рэгіянальных СМІ, стварэнне рэгіянальных медыяхолдынгаў. «Гэта дасць магчымасць канцэнтраваць фінансавы і тэхнічныя кадравыя рэсурсы ў галаўной рэдакцыі. І як вынік стварэнне адзінай кіруемай сістэмы рэгіянальных СМІ. Гэта работа ўжо вядзецца», — расказаў міністр.


У тэму

У нас ёсць бяспрэчная перавага – мы нясём праўду

Пасля нарады з Прэзідэнтам міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў у размове з журналістамі падвёў яе вынікі. Паводле яго слоў, ужо ні для кога ні сакрэт, што ідзе не проста інфармацыйнае супрацьстаянне, ідзе сапраўдная інфармацыйная вайна. Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі — на перадавой, і супраць байцоў прымяняюцца самыя жорсткія меры, якія могуць прымяняцца падчас гарачай вайны, аж да фізічнага знішчэння.

«Доказ таго, што праца дзяржаўных СМІ эфектыўная, — тое, што нашы апаненты, якія яшчэ нядаўна выхваляліся сваімі лагатыпамі і назвамі ў сацыяльных сетках, сёння мімікрыруюць пад лагатыпы БелТА і іншых дзяржаўных СМІ. Значыць, яны ведаюць і разумеюць, што нашым дзяржаўным СМІ давяраюць, што гэтыя СМІ карыстаюцца вялікім аўтарытэтам», — заявіў міністр.

Паводле яго слоў, пасля загартоўкі 2020 года дзяржаўныя медыя сталі больш падрыхтаваныя, чым СМІ дзяржаў, дзе праходзілі нядаўна гарачыя падзеі. «Мы згуртаваліся, адкінулі нашы прадузятасці. Мы да 2020 года былі залішне асцярожныя, акуратныя, баяліся кагосьці пакрыўдзіць. Больш у беларускіх СМІ такога няма. Але супраць нас працуе вялізная махіна, якая выкарыстоўвае тэхніку, што імі распрацавана. Мы гуляем на іхнім полі, калі заходзім у асяроддзе Інтэрнэт. І нам тут нельга ні ў якім разе расслабляцца, нам трэба быць на крок наперадзе. У нас ёсць бясспрэчная перавага — мы нясем праўду. Нас не прымушаюць хлусіць, прыдумляць фэйкі, мы проста расказваем, як ёсць. У гэтым наша сіла. І нашы ўменні павінны быць накіраваныя на тое, каб гэтую праўду эфектыўна даносіць да гледачоў, слухачоў і чытачоў», — сказаў Уладзімір Пярцоў.

Таксама міністр расказаў, што Прэзідэнт даручыў прапрацаваць да канца месяца не толькі праект указа, які сёння абмяркоўваўся, але і іншыя нарматыўна-прававыя акты, якія дапамогуць дзяржаўным і іншым патрыятычна настроеным СМІ выжываць у гэты няпросты перыяд.

«Я думаю, што плён будзе. Мы прапрацавалі шэраг мер, каб СМІ Рэспублікі Беларусь дастойна развіваліся і працавалі. У нас у краіне ёсць для гэтага патэнцыял. А СМІ павінны выконваць сваю задачу — даносіць праўдзівую і аб’ектыўную інфармацыю», — сказаў ён.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».