Вы тут

«Зялёныя» пазнакі: Вывучаем экамаркіроўку


Як мы выбіраем тавары ў краме? Некаторыя глядзяць на фірму альбо брэнд, іншых цікавіць кошт ды якасць. А ці задумваліся вы, па якіх крытэрыях ці падказках можна адшукаць на палічцы экалагічны тавар?


У свеце створана цэлая сістэма экамаркіроўкі. Экалагічныя лагатыпы можна ўбачыць на абсалютна розных таварах: камп’ютарах і прадметах мэблі, харчовых прадуктах, адзенні, паперы ды іншых рэчах. «Зялёнымі» знакамі пазначаюць нават будаўнічыя і турыстычныя паслугі. У свеце выкарыстоўваюцца нацыянальныя і міжнародныя сімвалы, знакі асобных сфер вытворчасці альбо прамысловасці. Напрыклад, калі на пачку з кардонам ёсць значок FSC (Лясны апякунскі савет), гэта азначае, што сыравіна для гэтага прадукту паступіла з правераных крыніц, а не дзякуючы бескантрольнай высечцы лесу.

Можна задацца пытаннем: навошта патрэбна экамаркіроўка? Яна дапамагае выбраць экалагічна чысты ці найбольш бяспечны для здароўя прадукт. Гэта ў пэўным сэнсе «сігнал» аб тым, што кампаніі сапраўды клапоцяцца пра жыццёвы цыкл тавару. Ці можна будзе перапрацаваць пасля выкарыстання тую ж пластыкавую бутэльку альбо тэтра_пак? Адпаведны значок адкажа на гэтае пытанне. Калі яго не будзе на ўпакоўцы, значыць, лёс тавару не цікавіць вытворцаў.

У 1977 годзе ў Федэратыўнай Рэспубліцы Германія ўпершыню ў свеце была ўведзена экалагічная маркіроўка. Знак «Блакітны Анёл» існуе і сёння, ён прысвойваецца прадуктам і паслугам, бяспечным для наваколля.

Шведская маркіроўка «Краў» паказвае, што ўвесь працэс жыццядзейнасці тавару — ад сыравіны да ўтылізацыі адходаў — адбываецца ў адпаведнасці з прынятымі экалагічнымі стандартамі.

«Ecolabel» — значок якасці ад Еўрапейскага саюза. Ім маркіруюць тавары, бяспечнасць якіх для чалавека і наваколля навукова пацверджана.

Значок «Energy Star» указвае на энергаэфектыўнасць тэхнікі.

У Беларусі таксама ёсць свой экалагічны лагатып «Натуральны прадукт». Беларускай маркіроўкай ацэньваецца толькі гатовы тавар, без уліку ўпакоўкі і выдаткаў на вытворчасць. Значок «Натуральны прадукт» даецца прадуктам харчавання, якія зроблены з натуральнай сыравіны і без выкарыстання метадаў геннай інжынерыі, у якіх няма штучных дабавак.

У канцы 2019 года пасля прыняцця закона «Аб вытворчасці і абарачэнні арганічнай прадукцыі» з’явіўся знак «Арганічны прадукт». Ён сведчыць пра тое, што вытворца падцвердзіў адпаведнасць сваёй арганічнай прадукцыі патрабаванням, якія распаўсюджваюцца на такую прадукцыю і працэсы вытворчасці.

Акрамя гэтых «зялёных» пазнак, існуе яшчэ з дзясятак іншых экалагічных лагатыпаў. Хадзем шукаць іх на таварах?


Экаазбука

Маркіроўка экалагічная — размяшчэнне на таварах i ўпакоўцы спецыяльных сімвалаў, якія азначаюць, што тавар з’яўляецца экалагічна бяспечным для прыроды і здароўя чалавека. Інфармуе пакупнікоў пра экалагічныя ўласцівасці прадукцыі. У 1994 годзе была створана глабальная сетка экалагічнай маркіроўкі Global Ecolabeling Network, у якую былі ўключаны многія нацыянальныя экалагічныя знакі.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».