Вы тут

З клецкай Сіняўкі — у Лапландыю. Жыццё краязнаўцы Сяргея Сергеля


Непадалёку ад Мінска ёсць такая вёска — Сіняўка. На Клеччыне. Самае скрыжаванне дарог: Клецк, Ганцавічы, Слуцк, Івацэвічы. Колішнія ўладанні славутай каралевы Боны Сфорцы.


Давайце паспрабуем зазірнуць у 1883 год. Тады Сіняўка — цэнтр воласці ў Слуцкім павеце. У сям’і валаснога пісара нарадзіўся Сяргей Іванавіч Сергель. У 1894 годзе хлопчык паступае ў Магілёўскую гімназію. У 1890"я гады ён жыве ў Магілёве. Культурныя, асветніцкія рысы таго часу не дужа спрыялі ўзлёту навуковых цікавасцей зусім юнага чалавека. Але для Сяргея гэта не стала перашкодай.

1904 год. Пазначаны для нашага суайчынніка годам заканчэння гімназіі. На той час Сяргей Сергель — бязбацькавіч. Паступае на прыродазнаўчае аддзяленне фізіка"матэматычнага факультэта Пецярбургскага ўніверсітэта. І выбар невыпадковы. Яшчэ ў 1903 годзе магілёўскі гімназіст ажыццяўляе самастойнае падарожжа па паўночнай рацэ Пячоры. Яно пачалося з гарадка Чардынь, дзе юнак набыў лодку. Падняўся па вадзе да вярхоўяў ракі Колвы. Пасля волакам — да ракі Унья, левага прытока Пячоры. І так дайшоў амаль да вярхоўяў Пячоры. Назад — па беразе пешшу, са стрэльбай, па тайзе. Пэўна ж, і боязнь некаторая была. Але ўсё перамагала цяга да падрожжаў. Да адкрыцця новага свету, дагэтуль незнаёмага. У тым падарожжы Сяргей пазнаёміўся з комізыранамі, мансі, ненцамі, рускімі стараверамі. Народы дзіўныя для беларускага хлопца. Але да ўсіх ён ставіўся з пашанай, імкнучыся нешта новае даведацца, нешта новае адкрыць.

Маладая жанчына ў святочным строі. Саамы. 1907 г., Нарвегія, Фінмарк.

Вучоба ва ўніверсітэце давалася не так ужо і цяжка. Ды толькі аднымі ўрокамі не абыходзілася... Даводзілася зарабляць на жыццё рэпетытарствам. Малады чалавек наладжвае сувязі з Этнаграфічным аддзелам Рускага музея. Легендарная ўстанова! Трэба спыніцца і адзначыць, якую ролю па тым часе адыгрываў гэты музей у атрыманні ведаў пра народы, што насялялі Расійскую імперыю. У лютым 1906 года Сяргей Сергель піша заяўку ў Этнаграфічны аддзел з просьбай выдзеліць 1000 рублёў на падарожжа па сярэднім цячэнні Пячоры і збор калекцый этнаграфічных матэрыялаў пра зыранскае насельніцтва, якое жыве па берагах рэк, што ўпадаюць у Пячору ў сярэднім яе цячэнні. Этнаграфічны аддзел, даведаўшыся, што звяртаецца да іх хаця і малады, але ўжо вопытны даследчык, пагаджаецца, прымае заяўку. Некаторая рызыка была ў вучоных мужоў. Але так свяціліся вочы ў юнака, што не паверыць яму было нельга.

Вясна 1906 года. Падарожжа пачынаецца з Волагды параходам да Усць-Сысольска. Далейшы маршрут звязаны з верхнім цячэннем ракі Вычагды. Збор каштоўных экспанатаў, звязаных з жыццём і дзейнасцю зыран, заняў асноўны час у экспедыцыі. Сяргею хацелася апраўдаць навуковы давер.

Чэрвень 1907 года. Наступнае падарожжа да зыран. У Этнаграфічным аддзеле Рускага музея цяпер ужо не сумняваюцца, што Сяргей Сергель правядзе вандроўку з карысцю. Як вынік яе — рукапісная справаздача на 110 старонак «Апісанне зыранскіх пабудоў у Памоздзінскай воласці Усць-Сысольскага павета Валагодскай губерні». Дарэчы, у 1928 годзе ў Маскве выйдзе кніга Сяргея Сергеля «У зыранскім краі», заснаваная на матэрыялах менавіта экспедыцый 1906–1907 гадоў. У экспедыцыі 1907-га наш зямляк шмат фатаграфаваў. Фактычна дзякуючы гэтым здымкам і фарміравалася ўяўленне пра аблічча зыран, іх побыт. Між іншым, здымкі тыя захаваліся да нашых дзён.

Адпачынак на полі падчас ворыва. Комізыране. 1906 г., в. Вільгарт Усць-Сысольскага павета Валагодскай губерні.

Новае падарожжа. На гэты раз — да саамаў Нарвегіі і Фінляндыі. Даволі малалікі народ. Нагадаем: адна з версій пра паходжанне саамаў звязана з меркаваннем, што яны — нашчадкі старажытнага насельніцтва Паўночнай Еўропы. Былі і іншыя даследчыкі жыцця саамаў. Залатароў, Кельсіеў, Крэпс, Максімаў і іншыя этнографы. Але зробленае, вынайдзенае нашым земляком у экспедыцыі не згубілася сярод іх адкрыццяў. Кропка адліку падарожжа ўраджэнца Клеччыны — паўночны горад Нарвегіі Гамерфест. Сяргей Сергель збірае этнаграфічную калекцыю пра саамаў, ізноў шмат фатаграфуе. На заходнім беразе Парсангерфіёрда знаходзіць унікальны ткацкі вертыкальны станок. Прывозіць у Пецярбург і саамскія лыжкі з чыстага срэбра (!), датаваныя XVIII стагоддзем. Па выніках вандроўкі піша справаздачу ў 197 старонак — «Паездка да нарвежскіх лапароў». А ў 1927 годзе пра гэтую ўнікальную экспедыцыю Сяргей Сергель выдае яшчэ і кнігу «Год вандроўкі з лапарамі».

Відаць, тыя ўніверсітэцкія гады былі самымі насычанымі ў жыцці Сяргея Сергеля. Далей сваю пячатку на яго жыццё наклалі Першая сусветная, Кастрычнік, грамадзянская вайна і іншыя сацыяльныя, палітычныя перыпетыі часу. Вядома, што ў 1913 годзе Сяргей Сергель закончыў універсітэт. У 1915— 1916 гадах працаваў чыноўнікам у горадзе Вельску Валагодскай вобласці. Ва Удзельнай акрузе Міністэрства Імператарскага двара і ўдзелаў. У 1920-я гады працаваў выкладчыкам геаграфіі Валакаламскага зоаветэрынарнага тэхнікума. Характарыстыка таго часу падаецца залатой эрай у развіцці краязнаўства. Масавы краязнаўчы рух, яркім арганізатарам якога ў Расіі быў і наш зямляк Ота Шміт, самым цесным чынам быў звязаны з прыродазнаўствам. Вядома, што Сяргей Іванавіч Сергель звяртаўся ў Камітэт Поўначы пры Прэзідыуме УЦВК з просьбай накіраваць яго краязнаўцам на адну з паўночных культбаз. Але на 1930 годзе і на Валакаламску сляды Сяргея Сергеля губляюцца. Іншыя яго мары, памкненні зусім невядомыя. Ды зробленае ім на пачатку ХХ стагоддзя і зараз прымушае даследчыкаў звяртацца да этнаграфічных і краязнаўчых адкрыццяў нашага земляка.

Мікола РАЎНАПОЛЬСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».