Вы тут

Што насамрэч дапамагае засцерагчыся і вылечыцца ад каранавіруса?


Якая сувязь існуе паміж харчаваннем і COVІD-19? Ці можа пэўная дыета засцерагчы нас ад каранавіруса? Наколькі важнае здаровае харчаванне для падтрымання імуннай сістэмы? Усе гэтыя пытанні ўзнімаліся падчас Міжведамаснага каардынацыйнага савета па праблемах харчавання пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.


Апошнімі навуковымі звесткамі на гэту тэму падзяліліся дырэктар Інстытута фізіялогіі НАН Беларусі, доктар медыцынскіх навук, прафесар, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Сяргей Губкін і загадчык лабараторыі фізіялогіі харчавання і спорту Інстытута фізіялогіі, кандыдат біялагічных навук Цігран Мелік-Касумаў. Яны абагульнілі вынікі міжнароднай практыкі прымянення рэкамендацый Сусветнай арганізацыі аховы здароўя па харчаванні пры лячэнні COVІD-19, а таксама вопыт выкарыстання напрацовак у навуковых і медыцынскіх установах Беларусі і свету.

Збалансаваны падыход

Новая інфекцыя, якая стала прычынай глабальнай пандэміі, працягвае выклікаць актыўны інтарэс міжнароднай навуковай і медыцынскай супольнасці. Шырока вывучаюцца як асаблівасці патагенезу гэтага захворвання, так і магчымыя метады тэрапіі, немедыкаментознай падтрымкі і рэабілітацыі цяжкіх пацыентаў. Ужо цяпер відавочна, што ў найбліжэйшыя гады свет сутыкнецца з вялікай праблемай: мільёны людзей, што перахварэлі на ковід, у той ці іншай ступені будуць адчуваць наступствы гэтай інфекцыі. У кагосьці ад каранавіруса церпіць басейн мазгавых сасудаў, у кагосьці — басейн сасудаў сэрца. Але гэта ні для кога не праходзіць бясследна, можа адбівацца на кагнітыўных функцыях чалавека, цягне парушэнні памяці, узмацненне дэпрэсіўных станаў, актывізацыю хвароб Паркінсона, Альцгеймера і кардыялагічных захворванняў.

Усе мы памятаем, як падчас першай хвалі каранавіруса беларусы актыўна шукалі эфектыўныя спосабы яго прафілактыкі і лячэння народнымі спосабамі. З-за распаўсюджвання чутак аб іх «цудадзейнай сіле» рэзка падаражэлі і нават зніклі з продажу на пэўны час імбір і лімоны.

Аднак гэта інфармацыя аказалася міфам. «Няма ніводнага прадукту, які здольны знішчыць каранавірус ці папярэдзіць яго пападанне ў арганізм чалавека», — запэўнівае Сяргей Губкін. Вядома, што і часнок, і лімон, і імбір утрымліваюць карысныя біялагічна актыўныя злучэнні, але панацэяй — сродкам, які здольны супрацьстаяць інфекцыі, — яны не з'яўляюцца. Шыпшына, цыбуля, абляпіха, сала, сметанковае масла, перац, зялёны чай, рыба ці брокалі не абараняюць нас ад ковіду, хоць іх ужыванне ў ежу,
несумненна, карыснае.

Каранавірусная інфекцыя часта суправаджаецца стратай смакавых адчуванняў і апетыту. Сама інфекцыя і агрэсіўныя метады лячэння ў вострым перыядзе хваробы, у тым ліку тэрапія антыбіётыкамі, прыводзяць да парушэнняў стрававання. Слабасць, заняпад сіл, павышаная стамляльнасць — не толькі сімптом хваробы, але і частая прычына нядужання ў перыяд аднаўлення. Эксперты разглядаюць харчаванне як важны фактар падтрымкі сіл і энергіі, які павышае эфектыўнасць лячэння. Збалансаваны падыход — дастатковая колькасць лёгка засваяльных пажыўных рэчываў, вітамінаў і мікраэлементаў — дапамагае аднавіць сілы, падтрымаць імунітэт і агульнае самаадчуванне.

Здароўе мікрабіёму

Між іншым, даказана, што COVІD лягчэй пранікае ў бронхі і лёгкія, аслабленыя абястлушчанай дыетай, паколькі сурфактант, які высцілае лёгачныя альвеолы і бранхіяльнае дрэва знутры, больш як на 90 працэнтаў складаецца з тлушчаў (фосфаліпідаў). Таму спецыялісты раяць хворым на ковід аддаваць перавагу прадуктам з павышаным утрыманнем бялку і тлушчаў і (або) спецыялізаваным энтэральным сумесям, зыходзячы з прынцыпу — максімум пажыўных рэчываў у адным мілілітры гатовага прадукту. Харчавацца лепш дробнымі порцыямі — 5-6 разоў на суткі, а таксама аддаваць перавагу мяккай і вадкай ежы, «каб ежа і пітво адымалі як мага меней сіл». Можна наразаць прадукты на дробныя кавалачкі ці здрабніць ежу ў блэндары і пры неабходнасці ўсмоктваць праз трубачку. А вось вадкасці трэба шмат — з разліку 25—30 мл на адзін кілаграм вагі чалавека ў суткі.

«Кішэчнік — найважнейшы імунны орган у чалавека, — падкрэслівае Сяргей Губкін. — Каля 80 працэнтаў імунакампетэнтных клетак арганізма ўтрымліваецца ў яго слізістай абалонцы. 25 працэнтаў слізістай абалонкі кішэчніка складаюцца з імуналагічна актыўных тканак».

Лічыцца, што 90 працэнтаў захворванняў чалавека могуць быць тым ці іншым чынам звязаныя з кішэчнікам і «здароўем мікрабіёму» (гэта ўнікальная супольнасць мікраарганізмаў, якія засяляюць канкрэтнае асяроддзе). Мікрабіём уплывае на страваванне, імунную сістэму, гаенне ран, прафілактыку хвароб, кагнітыўныя функцыі і нават эмоцыі. Значэнне мікрабіёму для нас настолькі вялікае, што навукоўцы называюць яго новым (а некаторыя — забытым) органам, амаль такім жа важным, як мозг ці сэрца. Мы ўсе ведаем, што ковід мае не толькі лёгачную, але і кішэчную форму, а з распаўсюджваннем штама «амікрон» частата кішэчных формаў павялічылася.

Як толькі вірус трапляе ў арганізм, імунная сістэма тут жа ўключаецца ў барацьбу з «няпрошаным прышэльцам». Эндагенная флора чалавека працуе на мяжы сваіх магчымасцяў, у выніку арганізм слабее. У гэты час яму неабходна дапамога. У перыяд хваробы і рэабілітацыі пасля яе асабліва важна скарэкціраваць сваё харчаванне так, каб яно ішло на карысць кішэчніку. Рэкамендуецца штодня ўжываць не менш як 400 грам гародніны і садавіны. Прадукты, багатыя на клятчатку, спрыяюць падтрыманню нармальнай мікрафлоры кішэчніка: гэта яблыкі, таматы, салодкі перац, салата, капуста, спаржа, шпінат, цытрусавыя, хлеб з мукі грубага памолу, арэхі, семкі, грыбы, кукуруза, сухафрукты.

— Парушэнне балансу мікрафлоры кішэчніка не можа не адбіцца на агульным імунным статусе, — падтрымлівае калегу Цігран Мелік-Касумаў. — У адным з даследаванняў было паказана, што баланс кішэчніка, парушаны ў выніку інфіцыравання каранавірусам, не мог аднавіцца да кантрольных сярэдніх значэнняў на працягу шасці месяцаў пасля перанесенага захворвання. Між іншым, дысбаланс мікрафлоры, які не ліквідаваўся, можа ўплываць на цяжкасць і працягласць постковіднага сіндрому. А аднаўленне мікрафлоры, у тым ліку з дапамогай харчавання, можа быць эфектыўным спосабам для больш хуткага аднаўлення пасля хваробы.

Падтрымліваць нармальную мікрафлору кішэчніка дапамагаюць прадукты, якія ўтрымліваюць прэбіётыкі і прабіётыкі. Прэбіётыкі — гэта рэчывы, якія не ўсмоктваюцца і не ператраўляюцца ў страўніку і тонкім кішэчніку, але ствараюць спрыяльныя ўмовы для росту і размнажэння карысных бактэрый кішэчніка. А прабіётыкі — мікраарганізмы і рэчывы мікробнага і іншага паходжання, якія пры натуральным спосабе ўвядзення аптымізуюць яго мікраэкалагічны статус. Так, было даказана, што ў людзей, якія на працягу 15 дзён атрымлівалі прабіётыкі, павялічваецца колькасць імунаглабулінаў M і G (ахоўных малекул). Да таго ж прымяненне прабіётыку паляпшае стан пацыентаў ва ўзросце, старэйшым за 45 гадоў, у тым ліку і ў людзей з першай стадыяй атлусцення.

Чым небяспечны дэфіцыт?

Многіх цікавіць, а наколькі карысныя пры COVІD-19 вітаміны і біялагічна актыўныя дабаўкі (БАДы)? Усе клінічныя і медыцынскія даследаванні сыходзяцца на тым, што ключавая роля належыць вітамінам D, С, цынку і селену.

— У нашых кліматычных умовах многія адчуваюць дэфіцыт вітаміну D, між іншым, менавіта гэты вітамін даказаў сваю эфектыўнасць і пры прафілактыцы, і пры лячэнні ковіду, — падкрэслівае Цігран Мелік-Касумаў. — Даказана, што вітамін D падаўляе асноўныя этапы размнажэння і заражэння клетак каранавірусам. Навукова абгрунтаваная не толькі яго эфектыўнасць, але і механізм уздзеяння пры каранавірусе.

Вітамін С, у сваю чаргу, працуе ў нашым арганізме як антыаксідант і прыпыняе ўтварэнне свабодных радыкалаў. Цынк у патагенезе спыняе пранікненне каранавіруса ў клетку, звязванне віруса з клеткай і трансляцыю ферменту, які дапамагае вірусу размнажацца, гэта значыць, спыняе яго размнажэнне ўжо ўнутры інфіцыраванай клеткі.

Дастатковае ўтрыманне ў арганізме такога мінеральнага элемента, як селен, таксама важнае для барацьбы з ковідам і іншымі рэспіраторнымі захворваннямі. З гэтым пагаджаюцца ўсе даследчыкі. У 2022 годзе выйшаў агляд, дзе дакладна паказана, што дэфіцыт у арганізме ўсіх пералічаных вышэй вітамінаў і мікраэлементаў істотна павышае працягласць шпіталізацыі, рызыку цяжкага працякання захворвання, развіцця вострага рэспіраторнага дыстрэс-сіндрому і смерці пацыентаў.

Дарэчы, у 2020 годзе больш за 200 навукоўцаў і медыкаў падпісаліся пад адкрытым лістом, адрасаваным урадам усіх краін. У да-
куменце змяшчаўся заклік неадкладна і паўсюдна павялічыць спажыванне вітаміну D (да 4000 ІU/100 мкг у дзень) у сувязі з павышанай рызыкай заражэння і цяжкага працякання COVІD-19 для людзей з небяспечным дэфіцытам гэтага вітаміну ў арганізме. Паводле ацэнак спецыялістаў, доля такіх у большай частцы свету складае 33 % ад насельніцтва.

Трэба мець на ўвазе, што лідарам па ўтрыманні вітаміну С з'яўляюцца чорныя парэчкі, шыпшына, журавіны, квашаная капуста, балгарскі перац, зялёная ліставая гародніна. Рэкамендуецца ўжываць ягады і гародніну глыбокай замарозкі, якія не губляюць сваіх карысных уласцівасцяў. У спісе прадуктаў, якія лідзіруюць па ўтрыманні вітаміну D, — рыба тлустых гатункаў: селядзец, ласось, скумбрыя, сардзіны і іншыя. Вялікая колькасць вітаміну D і ў печані траскі. Таксама параўнальна шмат яго ў яйках (асабліва ў жаўтку), сметанковым масле, ялавічнай печані. Менавіта таму рэкамендуецца ўключаць гэтыя прадукты ў свой рацыён на рэгулярнай аснове.

Народная медыцына

А ці апраўдваюцца надзеі, звязаныя з куркумой? Куркумін — моцны імунны стымулятар і прыродны антыбіётык, які перашкаджае развіццю бактэрыяльных ускладненняў пры вірусных інфекцыях, спыняе рост патагеннай мікрафлоры ў нашым кішэчніку. Але доказаў, што ён можа спыніць каранавірус, пакуль няма. Часнок і цыбуля ўтрымліваюць аліін — рэчыва, якое называюць прыродным антыбіётыкам. Традыцыйна многія выкарыстоўваюць іх для прафілактыкі і лячэння грыпападобных сімптомаў, і гэта не пазбаўлена сэнсу.

Імбір утрымлівае вітаміны групы С, B і A, цынк, кальцый, ёд, прыродныя і антыгрыбковыя антыбіётыкі. Падчас даследавання ў пацыентаў, якія замест плацэба атрымлівалі настойкі імбіру і эхінацэі, змяншалася колькасць скаргаў на кашаль, мышачныя болі і праблемы з дыханнем.

Актыўнасць у дачыненні да вірусаў даказалі кверцэцін і грыфітсін, якія ўтрымліваюцца ў зялёным чаі, жоўтым перцы, спаржы, вішні, каперсах, чырвонай цыбулі, чырвоным вінаградзе і марскіх водарасцях.

Увогуле, у склад некаторых прадуктаў уваходзяць рэчывы, якія «ў прабірцы» дэманструюць здольнасць абясшкоджваць каранавірус. Так, у праведзеным даследаванні нямецкіх навукоўцаў каранавірус «у прабірцы» падвяргалі ўздзеянню зялёнага чаю, соку ароніі (чарнаплоднай рабіны) і гранатавага соку — прадуктаў з высокім утрыманнем антыаксідантаў.

Сок ароніі паказаў самую высокую эфектыўнасць — за пяць хвілін уздзеяння інфіцыруючая здольнасць віруса знізілася на 97 %. Гранатавы сок і зялёны чай прыводзілі да інактывацыі віруса на 80 % за адну хвіліну ўздзеяння. Паколькі першапачатковае і хуткае размнажэнне каранавіруса адбываецца ў насаглотцы, паласканне горла зялёным чаем і сокамі ароніі і граната можа стаць стратэгіяй зніжэння верагоднасці заражэння і захворвання на COVІD-19, мяркуюць даследчыкі. У адрозненне ад шматлікіх аптэчных антысептыкаў для паласкання горла, гэта натуральныя прадукты. Іх можна рэгулярна выкарыстоўваць для прафілактыкі. Аднак усе гэтыя
мерапрыемствы нельга лічыць заменай стандартным мерам бяспекі і прафілактыкі, а толькі дапаўненнем да іх.

Увогуле, як адзначаюць вучоныя, нягледзячы на пазітыўныя эфекты ад многіх біялагічна актыўных рэчываў расліннага паходжання з антыаксідантным і імунамадулюючым эфектам, патрабуецца больш доказаў іх клінічнай эфектыўнасці. А навуковых работ, у якіх бы мэтанакіравана адсочвалася сувязь дыет рознага тыпу і захворвання на COVІD-19, пакуль няшмат.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?