Вы тут

Як захаваць псіхічнае здароўе падчас інфармацыйнай вайны?


У апошні час усе мы так ці інакш становімся спажыўцамі таго патока негатыўнай і фэйкавай інфармацыі, якая абрушваецца на нас у неімаверных аб’ёмах. Ідзе сапраўдная інфармацыйная вайна, мэта якой знішчэнне самасвядомасці і змяненне менталітэта людзей. Яна ідзе пастаянна і незаўважна. Праз некаторы час наш галаўны мозг пачынае лёгка ўспрымаць тое, што яму навязваюць. Маніпулятыўныя методыкі сталі настолькі разнастайнымі, што мы не заўважаем, як віртуозна яны ўздзейнічаюць на нашыя эмоцыі, як кіруюць нашымі паводзінамі і вядуць да пэўных «не нашых» мэт.


Як вытрымаць інфармацыйны націск і захаваць сваё псіхічнае здароўе? І што рабіць, калі эмацыянальны ўздым усё-такі справакаваў стрэс? Па-першае, скажыце сабе: «СТОП!» Па-другое, дачытайце наш матэрыял да канца. Разбіраемся ў гэтай актуальнай тэме разам з нейрахірургам, навуковым супрацоўнікам аддзялення пухлін галаўнога мозга РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава Гурбаніджадам Гуменам Гушангам. 

— Яшчэ некаторы час таму, існавала меркаванне: той, хто валодае інфармацыяй, валодае светам. Сёння рэчаіснасць змянілася настолькі кардыальна, што можна смела сказаць: той, хто ведае, як працуе галаўны мозг чалавека, валодае светам. Наколькі вы згодны з дадзеным меркаваннем?

— Чалавек — ідэальная мадэль для маніпуляцый. Як бы дзіўна гэта ні гучала, але чалавекам лягчэй кіраваць у яго выбары і паводзінах. Чалавек мае больш гнуткі галаўны мозг, чым іншыя віды жывёл. Напрыклад, калі ў цырку дрэсіруюць ільва або тыгра, гэты працэс больш складаны і працяглы. Каб прымусіць жывёлу выконваць пэўныя загады, прымяняюцца не зусім гуманныя метады ўздзеяння. З чалавекам усё намнога прасцей. Ведаючы, як працуюць нейронныя тракты ў галаўным мозге, можна эфектыўна на яго ўплываць. Самы распаўсюджаны спосаб — дыстанцыйны, праз інтэрнэт, дзе з пэўнай перыядычнасцю да чалавека трапляюць порцыі інфармацыі, якія адпавядаюць пэўнаму пункту гледжання. Менавіта гэта інфармацыя вызначае яго выбар і стымулюе паводзіны.

— Зыходзячы з гэтага, ці можам мы сцвярджаць, што чалавек — істота залежная, нягледзячы на тое, што сам ён лічыць сябе свабодным ?

— Тое, што людзі самі робяць выбар — гэта ілюзія. На наш выбар уплывае шмат фактараў: падсвядомасць, зрок, пах. Адключыць гэтыя працэсы немагчыма. Так мы пабудаваны генетычна. Зыходзячы з таго, як працуе падсвядомасць, што яна нам дыктуе, такі лад жыцця, пакупкі, вопратку мы выбіраем. І, канешне, ёсць людзі, якія гэтым карыстаюцца ў сваіх мэтах. Напрыклад, гандляры, якія ведаюць, што не толькі дызайн, але іх пах незаўважна можа паўплываць на выбар чалавека. На гэты конт ёсць цікавая гісторыя з кампаніяй «Ролсройс», якая ў адной з мадэляў машын вырашыла змяніць дарагое драўлянае аздабленне салона на больш таннае — пластыкавае. У выніку машына страціла пах раскошы і стала горш прадавацца. Сітуацыю прааналізівалі і выправілі. 

— Адкуль у падсвядомасць чалавека трапляюць патэрны «выгадных» камусьці паводзін?

— Маніпуляцыя пачынаецца са стварэння ілжывых мэт. Пры дапамозе рэкламы паступова фарміруецца адчуванне, што ў жыцці ёсць рэчы, без якіх людзі проста не змогуць пражыць: «Макдональдс», «Фэйсбук», «Айфон», дарагія брэнды адзення, аўтамабіляў і г.д. Канешне, для пэўнай катэгорыі людзей, напрыклад, сацсеткі, вельмі важная частка жыцця. Як без гэтага існаваць? І вось, калі чалавек рэальна становіцца залежным ад гэтых рэчаў, можна рабіць з ім, што заўгодна. 

— Доктар Гумен, а ці можа чалавек жыць без маніпуляцый?

— На самой справе не можа. Маніпуляцыя чалавеку патрэбна. Гэта не амаральнае нешта, так павінна быць. Чалавек жыве ў соцыуме. Як вядома, у соцыуме ёсць пэўныя законы, якія трэба выконваць. Дзеля таго, каб рэгуляваць паводзіны людзей, і патрэбна маніпуляцыя. 

— Мне здаецца, зараз я чую выказванні нязгодных, што ўсе мы цывілізаваныя людзі, можам самі сябе кантраляваць…

— Не трэба сябе падманваць. Па-першае, чалавек не з’яўляецца ідэальнай біялагічнай істотай, якому можна даць волю, і няхай ён робіць, што хоча. Па-другое, на жаль, не ўсе людзі валодаюць высокім інтэлектам, каб разумець свае сапраўдныя мэты. Такой катэгорыі людзей мэты трэба ствараць і накіроўваць у бок іх дасягнення. Па-трэцяе, у чалавека ёсць схільнасці да анархіі, разбурэння і хаоса. Усе мы розныя. Параўнайце: скальпель у руках хірурга лечыць, а ў руках злачынцы наносіць шкоду. Калі пачынаюцца інфармацыйныя войны, гэта той момант, калі скальпель знаходзіцца ў чужых руках. І гэта не стварэнне, а разбурэнне. Наносіцца вялікі ўрон псіхіцы чалавека: думкі, паводзіны, энергія людзей накіроўваецца ў пэўным напрамку ў адпаведнасці з пэўнымі мэтамі. 

— Давайце больш падрабязна спынімся на асноўных методыках уздзеяння на людзей, якія шырока распаўсюджаны сёння. Як яны працуюць?

— На аснове пластычнасці нашага галаўнога мозга распрацавана вялікая колькасць маніпулятыўных методык. З кожным годам іх становіцца ўсё больш. Яны пастаянна ўдасканальваюцца, бо праз пэўны час губляюць сваё ўздзеянне. 

  • «Акно Авертона». Сутнасць дадзенай тэхналогіі заключаецца ў асэнсаваным маніпуляванні грамадскім меркаваннем у нядобрых мэтах. Гаворачы простымі словамі, можна змяніць думкі і ідэі чалавека настолькі кардынальна, што ён будзе рабіць тое і пагаджацца з тым, што для яго на самой справе невыгадна і непрымальна. Чалавек працуе супраць сябе, але ацэньвае сітуацыю станоўча. 
  • Люстэркавыя нейроны. Засталіся нам ад нашых продкаў, звязаны з жывёльным светам і адказваюць за паводзіны ў зграі. У грамадстве гэта паводзіны сярод людзей. Калі мы бачым, як паводзіць сябе большасць людзей, спрацоўвае люстэркавы нейрон, і мы пачынаем паводзіць сябе, як большасць. Незаўважна адлюстроўваем тое, што робіць большасць: мода, рухі цела, мысленне. Ведаючы, як працуюць люстэркавыя нейроны, таксама можна паўплываць на паводзіны чалавека. 
  • Уздзеянне на лімбічную сістэму. Гэта сістэма галаўнога мозга адказвае за пачуццё шчасця. У пагоні за ім людзі губляюць сапраўдныя мэты жыцця. Напрыклад, замест таго, каб праводзіць больш часу з роднымі і атрымліваць асалоду ад зносін, чалавек посціць фота ў сацыяльных сетках і атрымлівае асалоду ад лайкаў і каментарыяў тых людзей, якіх ён ні разу не бачыў у сваім жыцці. І гэта толькі адзін прыклад з мноства. У выніку ўздзеяння на лімбічную сістэму парушаюцца здаровыя сацыяльныя кантакты, людзі накіроўваюцца па ілжываму шляху жыцця, робяць тое, што для іх нехарактэрна. 

— У апошні час мы сутыкаемся з такім моцным наплывам інфармацыі і, перш за ўсё, негатыўнай і неправеранай, што часам здаецца, псіхіка можа не вытрымаць. Да якіх псіхічных захворванняў можа прывесці інфармацыйная вайна?

— Стрэс, дэпрэсія, панічныя атакі. Наступствы для нярвовай сістэмы могуць быць рознымі. Справакаваць з’яўленне такіх захворванняў — гэта таксама адна з мэт інфармацыйнай вайны. Калі людзі знаходзяцца ў такім стане, яны горш працуюць, горш думаюць, горш арыентуюцца ў сваіх дзеяннях. У выніку павялічваецца хаос у грамадстве. Каб навесці парадак, патрэбна шмат сіл, а іх няма. Гэтым таксама карыстаюцца пэўныя сілы. 

Дарэчы, стрэс — гэта нармальны фізіялагічны стан арганізма. Жыць без яго чалавеку было б няпроста. Ён стымулюе тыя жыццёваважныя органы, якія патрэбны нам падчас небяспечных сітуацый. І накіроўвае сілы нашага арганізма ў тыя месцы, дзе яны больш патрэбны. Напрыклад, калі чалавек раптам у лесе сустракае мядзведзя, то перажывае стрэс. Арганізм пачынае выпрацоўваць гармоны стрэса: адрэналін, нор адрэналін і картызол. Актывізуецца сімпатычная нярвовая сістэма, кроў накіроўваецца ў галаўны мозг і мышцы, каб мы маглі сарыентавацца, што рабіць і куды бегчы. Павышаецца ўзровень глюкозы ў крыві, што надае нам энергію. Павялічваецца сэрцабіццё і артэрыяльны ціск. Кроў становіцца больш густой, каб у выпадку ранення, арганізм змог хутчэй яе спыніць. Без гэтага механізма мы б не змаглі нават паспрабаваць збегчы ад мядзведзя. 

А зараз параўнайце! Чалавек знаходзіцца дома ці на рабоце і бясконца спажывае негатыўную інфармацыю з інтэрнэта. Здаецца, рэальнай пагрозы яго жыццю няма, але арганізм перажывае такі самы стрэс, як пры сустрэчы з мядзведзем. Так як чалавек нікуды не бяжыць, то арганізм фізічна не можа вызваліцца ад тых кампанентаў, якія ўтварыліся і трапілі ў кроў. У выніку гэты стрэс можа нанесці вялікі ўрон здароўю. 

— Як захаваць сябе падчас інфармацыйнай вайны?

— Выключыць чалавека з інфармацыйнага патока — нерэальна. Гэта частка нашага жыцця. Цывілізаваны чалавек павінен валодаць інфармацыяй пра тое, што адбываецца ў свеце. Пра тое ж надвор’е! Іншая справа, калі чалавек сутыкаецца з вялікай колькасцю негатыўнай інфармацыі, мэта якой не пазнаёміць з фактамі, а прымусіць думаць у пэўным напрамку. Калі вы не з’яўляецеся непасрэдным ўдзельнікам пэўных падзей, вам, як мінімум, не варта моцна паглыбляцца ў іх нюансы. Неабходна сканцэнтравацца на тых крыніцах інфармацыі, якія не будуць перашкаджаць паўнацэннай працы і функцыянаванню. Заўсёды нагадвайце сабе, што наш мозг лёгка паддаецца маніпуляцыі і старайцеся ўспрымаць інфармацыю не эмацыянальна, а рацыянальна. Гэта першы крок. 

Другі крок — фізічныя нагрузкі. Падчас стрэса наш арганізм выпрацоўвае пэўныя гармоны. Іх узровень неабходна зніжаць. Як? Пры дапамозе фізічнай нагрузкі: трэнажорная зала, бег, язда на ровары. Нагрузка павінна быць даволі сур’ёзнай, каб у вас не было магчымасці думаць пра першапрычыну стрэса. Людзям з хранічнымі захворваннямі ў такім выпадку варта звярнуцца да ўрача і падабраць антыдэпрэсанты. Калі хварэе нярвовая сістэма, яе таксама неабходна лячыць, як любы іншы орган. 

— Гэта экалагічныя спосабы. А што скажаце наконт дрэнных звычак, як спосабу барацьбы са стрэсам?

— Пагашэнне стрэса пры дапамозе алкаголя, курэння або пераядання сітуацыю толькі пагаршаюць. Напрыклад, падчас стрэса нам патрэбна шмат кісларода, вітамінаў. Курэнне забірае ўвесь кісларод з нашага арганізма, блакіруе вітаміны. Алкаголь можа выключыць галаўны мозг на нейкі час, але потым стрэс вернецца з падвоенай сілай. Акрамя таго, можна набыць залежнасць. Пераяданне — акрамя нагрузкі на страўнікава-кішачны тракт нічога добрага не прынясе. 

— А калі чалавек жыве ў стрэсе пастаянна і нічога не прадпрымае, каб яго пераадолець. Да чаго могуць прывесці такія адносіны да сябе? 

— Не разабраліся ў сітуацыі на пачатковым этапе, не сказалі сабе: «Стоп! Я выбіраю спакойнае жыццё». У выніку атрымалі запушчаны стрэс, які можа перарасці ў дэпрэсію. Гэта, калі акамулятар разрадзіўся, і энергіі больш няма. Чалавек ні чым не цікавіцца, не есць, ні на што не рэагуе, не хоча працаваць. Ці наадварот, можа быць занадта актыўным, калючым, агрэсіўным. Дастукацца да такога чалавека немагчыма! Арганізм патрабуе перазагрузку! Калі і ў гэтым выпадку нічога не прадпрымаць, дэпрэсія набывае хранічную форму. Чалавеку адназначна патрабуецца медыкаментознае лячэнне. Ні спорт, ні гутарка з сябрамі на кухні праблему не вырашаць. 

Калі і ў гэтым выпадку нічога не прадпрымаць, можна дажыць да панічных атак — гэта калі чалавек верыц ў тое, што штосьці дрэннае абавязкова з ім здарыцца. Пры гэтым становішы раздражняльны фактар (агент) знаходзіцца не звонку, не ў інтэрнэце, а ўнутры чалавека. Падчас панічнай атакі псіхічныя функцыі чалавека парушаюцца, і ён не можа адэкватна рэагаваць на падзеі вакол. 

— Што рабіць у такой сітуацыі?

— Скажыце сабе: «Са мной нічога дрэннага не здарыцца, ўсё будзе добра!» Самаўнушэнне патрэбна, каб супакоіцца. Адцягніце ўвагу на штосьці іншае. Напрыклад, нанясіце на скуру пякучую мазь. Скура пачне «гарэць», і нашыя рэцэптары аўтаматычна пераключацца на гэты ўчасткак цела. Ёсць яшчэ адна папулярная методыка, якая дазваляе пераключыць увагу ўнутранага агента. Яна называецца «5, 4, 3, 2, 1». Як гэта працуе? 

5 — перш за ўсё мы павінны ўважліва паглядзець вакол сябе, знайсці пяць рэчаў і назваць іх уголас. 
4 — пакратаць чатыры рэчы і ўголас апісаць іх якасці.
3 — заплюшчыць вочы, вылучыць з навакольнага асяроддзя тры гукі і таксама ўголас апісаць іх.
2 — знасці дзве крыніцы з пахам, панюхаць іх сказаць, на што яны падобныя.
1 — пакаштаваць штосьці адно на смак

Прымяняючы гэтую методыку, вы дапаможаце сабе супакоіцца.

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.