Вы тут

«Звязда» — сярод пераможцаў конкурса «Мастацтва кнігі»


Падчас правядзення ХXІX Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу былі названы імёны пераможцаў нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі», які праводзіцца ў 61 раз. Удзел у спаборніцтве прынялі 35 выдавецтваў нашай краіны. У склад журы ўвайшлі прадстаўнікі сфер культуры і мастацтва дзяржаўных устаноў. Узначальваў калегію рэктар Акадэміі мастацтваў Рэспублікі Беларусь, кандыдат мастацтвазнаўства Міхаіл Баразна.


Падчас урачыстага ўзнагароджання пераможцаў намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі адзначыў:

— Я ўдзячны ўсім, хто мае дачыненне да гэтай справы — за ўзаемадзеянне з нашымі паліграфічнымі прадпрыемствамі, з нашымі выдавецтвамі. Гэта канкурэнтнае асяроддзе, у якім здзяйсняецца пошук формы таго выяўленчага мастацтва, якое ў далейшым павінна прывесці да выдатнага, паўнавартаснага твора. Як удзельнік адбору, я скажу, што працэс ацэньвання вельмі складаны — часам мы можам не пагаджацца адзін з другім. Але мы заўсёды падкрэсліваем: названыя пераможцы — гэта чарговая прыступка на шляху ўдасканалення. Вынікі гэтай працы мы сёння і бачым. 

У намінацыі «Адзінства» перамог Выдавецкі дом «Звязда» з кнігай «17 верасня. Дзень народнага адзінства» Уладзіміра Ліхадзедава. 

У намінацыі «У люстэрку часу» пераможцам стала выдавецтва «Беларусь» з кнігай «Честь имеем!», якая прысвечана Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Гран-пры намінацыі «Беларусь памятае» таксама дастаўся выдавецтву «Беларусь» за выданне «Они были первыми». Кніга распавядае аб дэпутатах Вярхоўнага Савета БССР першага склікання.

У намінацыі «Літфармат», пераможца — выдавецтва «Мастацкая літаратура» за серыю кніг «Народная біблітэка», у якую ўвайшлі творы класікаў беларускай літаратуры: Васіля Быкава, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы. 

У гэтай жа намінацыі Выдавецкі дом «Звязда» атрымаў дыплом I-ступені за зборнік твораў Алеся Бадака «Ідэальны чытач». 

Гран-пры намінацыі «Залатыя скрыжалі» дастаўся Выдавецкаму дому «Беларуская навука» за выданне «Стагоддзі на картах». 

У намінацыі «Духоўнасць» найлепшым стала выдавецтва «Беларусь» з кнігай «Беларускі буквар у нацыянальнай і сусветнай прасторы». 

Спецыяльным прызам быў адзначаны Выдавецкі дом «Звязда» за кнігу Валерыі Сцяцко «Нязломны». Аўтабіяграфічнае выданне распавядае аб жыцці Аляксея Талая.

Намінацыя «Разам з кнігай мы расцём», пераможца — выдавецтва «Форум» за кнігу «Военное детство сверстников». 

У намінацыі «За ўклад і захаванне гісторыка-культурнай спадчыны» адразу два выданні атрымалі гран-пры. Гэта «Паводле Лукі Святое Евангелле» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а таксама «Сустрэчы. Янка Купала» Выдавецкага дома «Звязда». 

Выдавецтва «Народная асвета» за выданні, прысвечаныя расказам аб раслінах і жывёлах Чырвонай кнігі, атрымала гран-пры ў намінацыі «Навука і веды».

У намінацыі «Падручнік новага стагддзя» найлепшым стала выдавецтва «Народная асвета» за падручнікі біялогіі на рускай і беларускай мове для навучэнцаў 11-ых класаў. 

У спецыяльнай намінацыі «Садружнасць» дыплом пераможцы прысудзілі Выдавецкаму дому «Звязда» за альбом «Подвиг советского народа бессмертен». 

Гран-пры намінацыі «Арт-кніга» уручаны выдавецтву «Беларусь» за кнігу «Лит-арт. Знаки белорусского алфавита». 

У намінацыі «Фотапогляд» пераможцамі сталі Алег Лукашэвіч і Алесь Алексееў за альбом «Спадчына Беларусі». 

Найлепшым ілюстратарам кнігі прызналі Лізавету Пастушэнка за яе работы ў кнізе «Жоўты бусел», якая пабачыла свет у выдавецтве «Народная асвета». 

Найлепшым дызайнерам стаў Міхаіл Дайлідаў за серыю кніг «Народная бібліятэка» выдавецтва «Мастацкая літаратура». 

Галоўным пераможцам «Мастацтва кнігі», якому ўручылі найвышэйшую ўзнагароду конкурса — сімвал «Залаты фаліянт» і ганаровы дыплом імя Францыска Скарыны стала выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» за кнігу «Гордость за Беларусь», аўтар якога Сяргей Мусіенка. 

Арына КАРПОВІЧ

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».