Вы тут

Дэкларацыю аб даходах можна падаць нават 31 сакавіка, даслаўшы яе па пошце


Штогод пэўныя грамадзяне нашай краіны павінны самастойна падаваць дэкларацыю аб даходах, падаткаабкладанне якіх праводзіцца не крыніцай выплаты (не падатковым агентам, не беларускай арганізацыяй). Сярод самых папулярных — даходы, атрыманыя падатковымі рэзідэнтамі Беларусі ад крыніц за межамі нашай краіны. Гэта і заработная плата, і дывідэнды ў замежных дзяржавах, працэнты па ўкладах, выйгрышы ў замежных анлайн-казіно, падарункі не ад сваякоў на буйную суму ў выглядзе грашовых пераводаў. Ёсць у нас у краіне і вядомыя сусветныя блогеры, якім трэба дэклараваць даходы. Таксама дэкларацыю павінны падаць тыя, хто атрымлівае даходы ад продажу транспартных сродкаў і нерухомай маёмасці, адзначыў начальнік Галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Андрэй Кавалеўскі.


Паводле слоў спецыяліста, адразу трэба ўдакладніць, ці з’яўляецца чалавек падатковым рэзідэнтам. Падатковы рэзідэнт — гэта фізічная асоба, якая знаходзілася на тэрыторыі Беларусі больш за 183 дні ў каляндарным годзе. «Калі ты падатковы рэзідэнт, то падаеш справаздачу па даходах, атрыманых як у Беларусі, так і за яе межамі. Калі не, то толькі па даходах, атрыманых ад беларускіх крыніц. Калі чалавек за год ні ў адной краіне не пражыў 183 дні (напрыклад, пабыў па месяцы ў кожнай) , то ён прызнаецца рэзідэнтам па прынцыпе грамадзянства і павінен падаць дэкларацыю аб даходах. Калі даходы атрыманы ад замежнай арганізацыі ў выглядзе зарплаты, дывідэндаў, даходаў ад здачы маёмасці ў арэнду, працэнтаў ад укладаў па рахунках, то абкладаецца падаткам кожны зароблены за мяжой доллар (ці іншая валюта). Калі за мяжой утрыманы падаходны падатак, то гэта будзе прынята ў залік у Беларусі пры прадастаўленні дакументаў, пацверджаных падатковай службай», — адзначыў Андрэй Кавалеўскі.

Заканадаўствам прадугледжана, што калі сума ўсіх падарункаў не ад сваякоў не перавысіла 7521 рублель, то прадастаўляць дэкларацыю і плаціць падаткі не трэба. Падатак неабходна аплачваць толькі з сумы, якая перавышае гэты ўзровень. Гэта тычыцца не толькі атрымання такіх грошай з-за мяжы, але і падарункаў у межах тэрыторыі краіны.

Калі на працягу каляндарнага года асоба прадала два і больш легкавыя аўтамабілі, адзін і больш грузавы (тэхнічная маса перавышае 3 тоны), хоць бы адзін аўтобус (колькасць пасажырскіх месцаў больш за 8) , то пасля рэалізацыі гэтай маёмасці неабходна аплаціць падаходны падатак праз механізм падачы дэкларацыі. Рэалізацыя кватэры, дома, зямельнага ўчастка, гаража — адзін раз у пяць гадоў не абкладаецца падаткам. Прычым усе віды маёмасці разглядаюцца паасобку, гэта значыць, калі чалавек за пяць гадоў прадаў і дом, і гараж, і кватэру, дэкларацыю падаваць не патрабуецца.

Андрэй Кавалеўскі асобна заўважыў, што ў канцы сакавіка многія цікавяцца, якімі спосабамі мы зараз можам падаць падатковую дэкларацыю.

«Ёсць некалькі спосабаў падачы дэкларацыі. Першы — яе прадастаўленне ў падатковыя органы. Дэкларацыю аб даходах можна падаць у любую падатковую інспекцыю, незалежна ад месца жыхарства і пастаноўкі на ўлік. Другі спосаб — па пошце. Форму дэкларацыі можна спампаваць на сайце Міністэрства па падатках і зборах, запоўніць на камп’ютары або ўручную, падпісаць і накіраваць па пошце. Перавага гэтага спосабу ў тым, што дэкларацыя лічыцца прадстаўленай па даце паштовага адпраўлення, а не атрымання яе падатковым органам», — зазначыў Андрэй Кавалеўскі.

Трэці і самы папулярны спосаб падачы дэкларацыі — прадастаўленне дакументаў у электронным выглядзе. Чатыры гады таму толькі 4% грамадзян падавалі дэкларацыю ў электронным выглядзе. У мінулым годзе гэты паказчык склаў 88 %.

Прадстаўнік міністэрства адзначыў, што раней можна было падключыцца да асабістага кабінета толькі пасля звароту з пашпартам у любую падатковую інспекцыю для атрымання ўліковага запісу. Зараз зарэгістравацца можна і дыстанцыйна, але толькі з дапамогай міжбанкаўскай сістэмы ідэнтыфікацыі. «Калі вы запаўняеце электронную дэкларацыю, падатковы орган дае наяўныя ў яго звесткі і яны аўтаматычна пераносяцца ў дэкларацыю», — дадаў Андрэй Кавалеўскі.

Дэкларацыю аб даходах неабходна прадаставіць у падатковыя органы сёлета да апошняга дня сакавіка. А заплаціць падаходны падатак, які налічаць па дэкларацыі, трэба не пазней за 1 чэрвеня гэтага года.

Сяргей КУРКАЧ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».