Вы тут

«Мы адкрывалі незвычайных асоб, якіх Гасподзь узнагародзіў талентам»


Усё пачыналася з бясконцых паездак па вёсках, пошукаў, знаёмстваў, адкрыццяў, уражанняў. Пасля прыняцця ў канцы 1990-х — пачатку 2000-х пастановы аб стварэнні Дамоў рамёстваў і падтрымцы народнай творчасці пачалася карпатлівая работа па збіранні звестак пра майстроў, якія яшчэ памятаюць народныя традыцыі і могуць падзяліцца сакрэтамі, што пераймалі ад сваіх продкаў. Стаяла няпростая задача: захаваць і адрадзіць вялікі пласт народнай культуры. Пасля разрухі 1990-х здавалася, што выканаць яе будзе цяжка. Метадыст Навагрудскага Цэнтра рамёстваў Вольга Юшкевіч, якая была першаадкрывальніцай у дадзенай справе па раёне, згадвае:


— У той час ужо не працавалі ткацкія станкі. Майстроў іхнія ж суседзі звалі «дзівакамі», маглі ўшчуваць, маўляў: «Сядзіць, лайдак, кошыкі пляце. Лепш бы справай заняўся»... А мы адкрывалі незвычайных асоб, якіх Гасподзь узнагародзіў талентам. Гэта сапраўдная скарбніца.

Была зроблена карта рамёстваў па сельскіх Саветах, на якой пазначалася, дзе што захавалася. Сабрана багатая калекцыя народных вырабаў (некаторым з іх пад сотню гадоў), «падгледжаны» тэхнікі і ідэі. Сталі ладзіцца святы рамёстваў. Аднаўляюцца ўзоры са старых навагрудскіх паясоў, ствараюцца традыцыйныя строі. Рабіліся запісы па фальклоры, традыцыях раёна. Нават навагрудская кухня была «раскручана» дзякуючы майстрам — яны ўпаміналі, якія стравы былі ў іх сем'ях. Так дзякуючы рамёствам захоўваецца гістарычная памяць пра даўнейшае жыццё рэгіёна.

Пад крыламі анёла

На Навагрудчыне можна пачуць легенду пра Свіцязянку — панначку, якая ад свайго каханага атрымала ў падарунак чаравічкі. Перад расстаннем (хлопца адпраўлялі ў рэкруты) маладыя пакляліся назаўсёды захаваць сваё каханне. Калі дзяўчыну сілком хацелі выдаць замуж за нялюбага, кінулася яна ў Свіцязь, ператварылася ў русалку. Праз пэўны час юнак вярнуўся з рэкрутаў, убачыў, як з возера выходзіць прыгажуня, аслупянеў, пагадзіўся стаць яе нарачоным. Толькі раптам чараўніца абярнулася паненкай, што трымала ў руках яго падарунак — чаравічкі, і папракнула, што не стрымаў хлопец слова, не застаўся верным свайму каханню... А яшчэ легенду можна звезці з сабой. Майстры з навагрудскага Цэнтра рамёстваў перадаюць яе праз карціны, пано, робяць лялькі і саламяныя туфлікі Свіцязянкі. Апошнія ўжо сталі брэндавым сувенірам раёна. Аўтар ідэі — загадчык Навагрудскага раённага Цэнтра рамёстваў Святлана Кулак. Пад яе рукамі з саломкі выходзяць сапраўдныя цуды — на пано ўзнікаюць дзівосныя кветкі, Навагрудскі замак, храмы.

Дзякуючы творцам ажываюць чароўныя сюжэты, вяртаюцца старажытныя ўзоры, захоўваюцца і аднаўляюцца традыцыі продкаў. Кожныя лялька, ручнічок — напамін пра прыгажосць роднай зямлі, пра тое, што побач жывуць таленавітыя людзі і што хараство можна ствараць сваімі рукамі і трэба несці ў сэрцы. У Цэнтры рамёстваў можна сустрэць казачных і калядных персанажаў, анёла-ахоўніка Навагрудка. У сучасныя вырабы закладваюцца старадаўнія ідэі, пажаданне добрай долі роднай зямлі.

Рукі майстра

Сёння перад майстрамі цэнтра стаіць задача сабраць уласныя калекцыі. Гэта ўжо будзе аповед пра сучасную гісторыю раёна. Не трэба думаць, што цэнтры рамёстваў займаюцца толькі захаваннем старога — тут нараджаецца і новае мастацтва. Работа рамеснікаў ускладняецца.

— Сёння людзі перанасычаныя тым, што было. Яны пастаянна бачаць прыгожыя малюнкі ў інтэрнэце. Каб іх уразіць, трэба шукаць новае. Ненавіджу злізванне з інтэрнэту,— прызнаецца майстар саломапляцення Вольга Юшкевіч. — Кожная работа, якую ствараю, існуе ў адным экзэмпляры. Люблю работы, якія прыносяць карысць, могуць служыць чалавеку. Напрыклад, адна жанчына набыла кошык, каб скласці туды ўсю сваю касметыку. Вы не ўяўляеце, наколькі гэта зручна. Мы жывём у такі час, калі замест шаф усюды паліцы. Каб усё прыбраць з іх, каб не было захламленасці, людзі ставяць плеценыя кошыкі. І як мяняецца інтэр'ер!

Змяніліся і адносіны да майстроў. Вольга Міхайлаўна згадала, як на адной з выставак мужчына ўпадабаў адну з работ. Вось толькі цэны яму падаліся высокімі. Жанчына паказала яму свае рукі, спрэс паколатыя саломкай. І чалавек адразу забраў выраб.

— Не мае значэння, ці гэта салома, пэчварк, ткацтва. Кожную справу трэба рабіць з добрым настроем. У яе чалавек укладвае і сваё цярпенне, і сваю душу, — заўважае Вольга Міхайлаўна. — Цяпер мы працуем у няпростых умовах. Многія функцыі Цэнтра рамёстваў завязаныя на выкананні платных паслуг. Вельмі хочацца, каб было больш часу на творчасць і пошукі. Каб можна было паехаць на раён, пагаварыць з людзьмі, якія яшчэ засталіся па вёсках, сабраць апошні матэрыял. Навагрудскай зямлі ёсць чым пахваліцца. Вельмі радуе тое, колькі ў краіне робіцца для захавання рамёстваў. 20 гадоў стабільнасці дазволілі нам зрабіць вельмі многае. Мы пачыналі работу з двух сталоў. Сёння ў нас шыкоўны цэнтр, запаснікі. Ёсць што паказаць дзеткам. Хочацца, каб усё тое, што мы распачыналі, захавалася і прымнажалася, не пайшло ў заняпад. Таму для дзяцей, якія прыходзяць да нас на экскурсіі, мы стараемся стварыць адмысловую атмасферу. Мы ім распавядаем не толькі пра рамёствы, а і пра святы, абрады, загадваем загадкі, расказваем прыказкі і прымаўкі. Яны гуляюць у тыя гульні, якія былі ў нас на Калядах, Вялікадні, Масленіцы. Праводзім флэшмобы на вуліцы, ездзім у летнія лагеры. Вельмі перашкаджае каранавірус, да пандэміі ў нас заўсёды было шмат гасцей, аўтобусам недзе было стаць.

Захавальнікі традыцый

Навагрудскі раённы Цэнтр рамёстваў працуе ўжо 22-гі год. Тут адраджаюцца традыцыі саломапляцення, аплікацыі з саломкі, ручнога ткацтва, пляцення паясоў, абрэзкавага шыцця, кавальства, вязання, бондарства, роспісу, вышыўкі, інкрустацыі бяростай. З мэтай падтрымкі народных умельцаў і развіцця пры Цэнтры рамёстваў працуюць 13 клубных фарміраванняў, у тым ліку і народны клуб майстроў народнай творчасці «Каляровая альтанка». Прывезена багата дыпломаў з разнастайных конкурсаў. Майстры актыўна ўдзельнічаюць у рэспубліканскіх і абласных святах, фестывалях, выстаўках.

— Калі мне было 16 гадоў, я ўсё перажывала, што ж я буду рабіць на пенсіі. А яшчэ ні дня на ёй не была, — смяецца Любоў Завольская. За яе плячыма больш за 40 гадоў работы на быткамбінаце і ў сферы адукацыі. А з 2015 года яна прыйшла ў Цэнтр рамёстваў, аднавіла ткацтва, пляценне паясоў на дошчачках, робіць нацыянальныя строі, вучыць рамёствам дзяцей і дарослых.

Таісію Крупіцу мне прадстаўляюць як аднаго з самых актыўных «баявых таварышаў» «Каляровай альтанкі»: «Яна з намі і ў додждж, і ў снег, і ў буру ездзіць на ўсе выстаўкі, і на Александрыю і на Славянскі базар, фестываль нацкультур, на Дажынках у холад з тэрмасам стаяла. Заўсёды падтрымае ўсмешкай».

— Сюды цягне. Гэта супадзенне поглядаў, настрояў і інтарэсаў, — прызнаецца Таісія Сямёнаўна. Яна самастойна навучылася вязаць кручком. І стварае такія рэчы, за якімі б за мяжой ганяліся дызайнеры, а аб яе карункавых парасонах марыла б кожная прыгажуня. У свае «за 70» Таісія Сямёнаўна актыўна пераймае ў цэнтры новыя веды, выкладвае абразы з бісеру, захапілася шыццём са шматкоў.

Калі вы пабываеце ў Навагрудскім Цэнтры рамёстваў, адчуеце, што тутэйшыя майстры здольныя чараваць над самымі рознымі праектамі: яны могуць стварыць незвычайныя прадметы інтэр'еру, упрыгажэнні, дызайнерскія рэчы. Можа, таму, што працуюць зладжаным калектывам, дзеляцца сваімі ідэямі і талентамі. Іна Анікевіч ўмее з кавалкаў тканіны вырабляць карціны, пано, дыванкі, цацкі, торбачкі. Яе пано ў тэхніцы абрэзкавага шыцця «Матывы роднай Беларусі» ўпрыгожвае «Палатно-абярэг «Дыван сяброўства», якое з'яўляецца сімвалам Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур.

Цэнтр стаў кропкай прыцягнення для маладых творцаў, сюды яны ідуць са сваімі ўменнямі і набіраюцца ведаў і вопыту побач са старэйшымі калегамі.

Дзяўчаты, якія шчыруюць над аўтарскімі лялькамі, аздабляюць іх элементамі з выкарыстаннем традыцыйных тэхнік. Так, майстар дэкаратыўна-прыкладной творчасці народнага калектыву «Каляровая альтанка» Вольга Крако пераняла вопыт ткацтва паясоў, і яе аўтарскія конікі займелі незвычайныя папружкі. Сёння яна працуе над калекцыяй лялек у народных касцюмах.

Тут вы сустрэнеце майстроў на ўсе рукі, яны ўмеюць працаваць з рознымі матэрыяламі. Алена Шульга займаецца саломапляценнем, аплікацыяй, роспісам па дрэве і шкле, стварае вырабы з гіпсу і халоднага фарфору ды іншае. Сучаснаму майстру без такога набору ўменняў не абысціся.

— Часам я пачынаю працаваць без эскіза — не ведаю, што можа атрымацца, і нават не растлумачу, якая сіла мной кіруе, — прызнаецца Алена, калі дэманструе калекцыю сваіх лялек. Вы нідзе не знойдзеце падобных.

Кацярына Сіневіч знаёміць са сваёй калекцыяй галаўных убораў, дэталі на кожным з якіх падбіраліся пад розныя народныя святы...

Наогул, пра навагрудскіх чараўнікоў можна распавядаць доўга. Толькі ў клубе «Каляровая альтанка» 28 майстроў, а колькі ў іх таленавітых сяброў! У вёсках нараджаюцца незвычайныя карціны, ствараюцца абразы, лялькі, музычныя інструменты. Многія хаты нагадваюць сапраўдныя музеі народнага мастацтва...

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.