Вы тут

На прамую лінію да Юрыя Шулейкі звярнуўся 31 жыхар Брэсцкай вобласці


Гэтым разам адбыўся дыялог губернатара Юрыя Шулейкі з 31 жыхаром вобласці. А калі ўлічыць, што большасць зваротаў мела калектыўны характар, то можна гаварыць аб праблемах, якія трэба вырашаць у многіх раёнах вобласці. Дарэчы, адну з гэтых праблем удалося вырашыць падчас прамой лініі.


Фота: БелТА

Жыхарка гарадскога пасёлка Целяханы Івацэвіцкага раёна паскардзілася на неапраўданае завышэнне цэн на соткі. Мясцовая гаспадарка даўно выдзяляе зямлю жыхарам для пасадкі бульбы. Скажам, летась такая арэнда абыходзілася 5 рублёў за сотку, а там, дзе зямля лепшая, — максімум 8 рублёў. Цяпер жа людзям аб'явілі, што цана паднялася да 23 і 32 рублёў адпаведна. Пры гэтым прычыну не назвалі, а перапісалі цэннік, нібы ў магазіне. «Для пенсіянера ўзяць гэтыя 10 сотак становіцца немагчыма», — даводзіла жанчына.

Кіраўнік вобласці звязаўся з кіраўніком раёна і атрымаў запэўніванне, што пытанне будзе вырашана на карысць людзей, а цэны ў гэтым годзе павышацца не будуць.

Папрасілі паспрыяць з адкрыццём крамы жыхары вёскі Белы Лясок Пружанскага раёна. Белы Лясок — вёска асаблівая, сваёй ускраінай яна ўпіраецца ў Белавежскую пушчу, там шлагбаум стаіць на ўездзе ў Нацыянальны парк. Цяпер у Белым Ляску пастаянна пражывае сотня жыхароў, а летам насельніцтва падвойваецца. Але два гады таму мясцовую краму закрылі, і два разы на тыдзень у населены пункт заходзіць аўтакрама. Вядома, людзям хочацца, каб гандлёвы аб'ект быў стацыянарны, а не на колах. Кіраўнік вобласці ў гэтым выпадку абяцаць нічога не стаў, сказаў, што трэба вывучыць сітуацыю. Магчыма, хопіць таго, што павялічыць перыядычнасць заезду аўтакрамы, а магчыма, і адкрыць магазін.

Як заўсёды, на прамой лініі цэлы шэраг пытанняў датычылася добраўпарадкавання, стану дарог. Гэтым разам людзі неаднойчы звярталіся з нагоды дарожнай бяспекі. Жыхар Брэста звярнуў увагу ўлады на тое, што на шляху да аўтобуснага прыпынку па вуліцы Азёрнай няма пешаходнай дарожкі, «ляжачых паліцэйскіх» пры тым, што рух транспарту там даволі інтэнсіўны. А яшчэ людзі непакояцца там, дзе пастаянна праходзяць велікагрузныя аўтамабілі. Пра гэта гаварылі двое жыхароў Брэста. Яны жывуць у напрамку пунктаў пропуску і штодзень адчуваюць пэўныя нязручнасці. Кіраўнік вобласці падкрэсліў, што пытанні будуць вывучацца спецыялістамі кампетэнтных органаў і ўстаноў: «Бяспека людзей — перш за ўсё».

Сюды ж можна аднесці і нездавальняльны стан тратуараў па вуліцы Савецкай Канстытуцыі ў Брэсце, і недастатковае асвятленне вуліц прыгараднай вёсцы Косічы. У кожным выпадку дадзена даручэнне мясцовым органам улады.

Кабрынчане ўзнялі даволі складаную праблему, але ж вырашаць яе давядзецца. На тэрыторыі былога ваеннага гарадка кацельную перавялі на мясцовыя віды паліва. Цяпер смурод і дым сталі пастаяннай з'явай увесь ацяпляльны сезон. «Попел асядае на будынках, дварах і машынах, дыхаць немагчыма», — казаў жыхар горада, які дазваніўся на прамую лінію. Старшыня аблвыканкама паабяцаў, што ў сітуацыі будуць разбірацца, відаць, давядзецца мадэрнізаваць кацельную, перагледзець яе работу.

На прамую лінію пазванілі людзі з усіх рэгіёнаў вобласці. Акрамя названых вышэй пытанняў, узнімалі праблемы змянення заканадаўства. Гаворка ідзе пра магчымасць рэгістрацыі на дачных домаўладаннях. Людзі чакаюць таксама змянення тарыфаў на газ і электрычнасць. Гэта ўжо пасыл парламентарыям, каб яны не зацягвалі вырашэнне пытанняў.

Яна СВЕТАВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.