Вы тут

Як польская граніца дзеліць па-жывому папуляцыю белавежскіх зуброў


Навукоўцы і грамадскасць працягваюць біць трывогу. Занепакоенасць выклікаюць тыя наступствы, якія могуць напаткаць Нацыянальны парк «Белавежская пушча», калі яго раздзяліць высокай стальной агароджай. Асаблівую заклапочанасць эколагі звязваюць з далейшым лёсам зуброў. Іх папуляцыя ў прамым сэнсе будзе раздзелена на дзве паловы. Супраць будаўніцтва агароджы на беларуска-польскай граніцы ў Гродзенскай вобласці сабрана каля 1,5 тысячы подпісаў.


Фота: БелТА

Сцяна супраць зубра

Белавежская пушча ганарыцца сваімі зубрамі. Дзякуючы шматгадовай рабоце па аднаўленні папуляцыі, менавіта на гэтай тэрыторыі ўдалося стварыць самае вялікае ў свеце пагалоўе гэтай жывёлы.

Роўна 30 гадоў таму Нацыянальны парк як асабліва ахоўная тэрыторыя быў унесены ЮНЕСКА ў спіс сусветнай спадчыны. Як паведаміў дэкан факультэта біялогіі і экалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы Аляксандр Карэўскі, на працягу гэтага перыяду ў Беларусі вялася работа па аднаўленні папуляцыі белавежскага зубра, якіх заставалася літаральна некалькі асобін.

Як вядома, частка прыроднага парку знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы, нядаўна там распачалося будаўніцтва пагранічнай загараджальнай сістэмы. І гэтая агароджа даволі грунтоўная — металічная канструкцыя вышынёй 5,5 метра. Стальныя слупы ставяцца на бетонны фундамент, а зверху — віткі калючага дроту. Паведамлялася, што на будаўніцтва такой сцяны ўрадам Польшчы ў 2021 годзе выдзелена каля 400 мільёнаў долараў.

Узвядзенне непраходнай перашкоды пачалося на беларуска-польскай граніцы ў канцы снежня. Паводле планаў польскай пагранічнай службы, работы павінны завяршыцца за 150 дзён, гэта значыць да ліпеня.

Прыстанішча для папуляцыі

Праз Белавежскую пушчу агароджа пройдзе ажно на 60 кіламетраў. Зразумела, што такі бар'ер нясе пагрозу трансгранічнаму экалагічнаму аб'екту, сістэма якога стваралася стагоддзямі. Пацерпяць ад гэтага многія віды жывёл, асабліва зубры, для якіх пушча стала амаль апошнім прыстанішчам.

— Белавежская пушча — незаменная тэрыторыя для захавання папуляцыі зуброў, — адзначыў старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Валянцін Палянчук. — На сённяшні дзень колькасць гэтых жывёлін складае тут прыкладна 1,5 тысячы асобін. Адна палова з іх знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, другая — на тэрыторыі Польшчы. Будаўніцтва агароджы на беларуска-польскай граніцы прывядзе да памяншэння генетычнай разнастайнасці белавежскага зубра. А з цягам часу паставіць пад пагрозу захаванне і самой папуляцыі.

Цяпер, па словах спецыялістаў, у Нацыянальным парку налічваецца 703 зубры. Іх колькасць за год павялічылася амаль на 30 галоў. З польскага боку зафіксавана 779 жывёлін. На беларускім баку пераважная колькасць — самкі: 402, а вось дарослых самцоў толькі 117. Міграцыя вырашае дэмаграфічную праблему папуляцыі.

Агароджа парушыць традыцыйныя шляхі міграцыі жывёл. Як правіла, зімой яны канцэнтруюцца ў вялікіх лясных масівах, дзе ёсць кармавая база, а вось вясной пераходзяць на ўзлескі, палі. Звяры прывыклі да таго, што дарога для іх заўсёды адкрытая. Калі ўзнікае перашкода, яны будуць старацца яе пераадолець. Негатыўныя наступствы можна было назіраць падчас устаноўкі калючай сеткі на граніцы, якая станавілася смяротнай пасткай для аленяў, ласёў і нават зуброў. Статак апошніх прыйшоў з тэрыторыі Польшчы, а потым з-за бар'ера не мог вярнуцца назад. Яны практычна былі асуджаныя на галаданне. Пры спробе прабіцца праз калючы дрот адзін зубр загінуў.

Наступствы адчуюць і людзі

Эколагі расказалі, што на граніцы ёсць службы, якія дапамагаюць жывёлам. Але пры жорсткім варыянце раздзялення тэрыторыі аказаць дапамогу будзе немагчыма.

«У жывёл ёсць свой свет існавання, у якім яны прывыклі жыць на працягу дзесяцігоддзяў. Цяпер людзі істотна ўмешваюцца ў іх асяроддзе. Што мы можам атрымаць у выніку? Зуброў, якія ходзяць па дарогах, скаргі мясцовых жыхароў на ваўкоў і рысяў, якія прыходзяць на іх падворкі, — намаляваў карціну хуткага будучага ў ходзе круглага стала старшыня грамадскага аб'яднання «Экаманіторынг» Яўген Філімонаў. — Усё гэта можа выклікаць хаатычныя негатыўныя наступствы».

— Будаўніцтва фундаментальнай агароджы, якое суправаджаецца пэўнай нагрузкай на глебу, на вадаёмы, стварае пагрозу заніравання цэласнай экалагічнай сістэмы Белавежскай пушчы. Да агароджы, якая пройдзе і праз Белавежскую пушчу, будуць пракладвацца дарогі, весціся іншыя фундаментальныя работы, — распавёў «Звяздзе» Аляксандр Карэўскі. — Як у такім выпадку можна ацэньваць уплыў гэтага будаўніцтва на наваколле сусветна вядомага прыроднага комплексу? Надзвычай негатыўна.

У лютым і сакавіку бягучага года ў Гродзенскім рэгіёне прайшоў шэраг круглых сталоў з удзелам грамадскасці і вучоных з заклікам спыніць будаўніцтва агароджы на тэрыторыі Белавежскай пушчы і іншых трансгранічных ахоўных тэрыторыях з польскага боку. На рэзалюцыях у ходзе круглых сталоў сабрана больш за 1,5 тысячы подпісаў. Сваю нязгоду з будаўніцтвам сцяны выказалі многія прыродаахоўныя арганізацыі, абаронцы навакольнага асяроддзя і простыя жыхары.

«Вокны» не вырашаюць праблему

Разам з тым, будаўніцтва такога значнага і глабальнага аб'екта патрабуе агульнага ўзгаднення навукоўцаў Беларусі і Польшчы. Па словах Аляксандра Карэўскага, згаданая справа атрымала шырокі рэзананс. Неабходнасць спынення будаўніцтва пагранічнай агароджы разумеюць і вучоныя з польскага боку, з якімі праведзена нямала сумесных трансгранічных праектаў адносна Белавежскай пушчы. Гэта і недапушчэнне распаўсюджвання чужародных відаў, і праект па фарміраванні шляхоў міграцыі праз граніцу дзікіх жывёлін.

— У дадзеных пытаннях праведзена значная работа з боку навукоўцаў. І хочацца, каб той рэзананс, які выклікалі круглыя сталы, трансліраваўся надалей і знайшоў адлюстраванне ў канкрэтных дзеяннях па кансалідацыі намаганняў, — падкрэсліў суразмоўнік.

І адзіны выхад тут бачаць толькі ў тым, каб спыніць будаўніцтва агароджы. Спачатку хоць бы для таго, каб поўнасцю высветліць уздзеянне такога маштабнага ўмяшання на навакольнае асяроддзе. Дарэчы, з падобнай прапановай у Еўрапейскую камісію па парушэнні Бернскай канвенцыі, якая замацоўвае ахову дзікай фаўны і флоры Еўропы, звярнуліся сотні арганізацый з Беларусі і Польшчы.

— Варта падумаць аб наступствах. Пакуль, згодна з праектам, на 186 кіламетраў агароджы прадугледжана толькі дзевяць так званых вокнаў для міграцыі жывёлін сумежных дзяржаў. Гэтага надзвычай мала, — заўважыў навуковец.

Па яго словах, дзікім жывёлінам знайсці месцы для міграцыі вельмі складана. Тыя ж зубры наўрад ці змогуць адшукваць гэтыя «вокны» падчас гону, гэта значыць шлюбнага перыяду. Тое ж можна сказаць і пра іншых насельнікаў пушчы. А іх тут — ні многа, ні мала — некалькі сотняў відаў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?