Вы тут

Як засцерагчы свой транспартны сродак ад крадзяжоў?


Дачакаўшыся першых цёплых дзён, многія з нас не толькі дасталі з шафы вясеннюю вопратку, а і паспяшаліся выцягнуць з лоджый, падвалаў і гаражоў веласіпеды. Аднак, падрыхтаваўшы іх да сезона і нават ужо прымяніўшы па прызначэнні, некаторыя веласіпедысты забыліся пра адну вельмі важную дэталь — паклапаціцца аб захаванасці свайго транспартнага сродку.


З наступленнем вясны ўсё часцей у органы ўнутраных спраў трапляюць паведамленні аб крадзяжах веласіпедаў. Сёлета гарачая пара для велазлодзеяў наступіла раней, чым звычайна. Па стане на 2 сакавіка ўжо здзейснена 159 такіх злачынстваў (летась за аналагічны перыяд — 143). Усяго за 2021 год праваахоўнікі зафіксавалі 2128 фактаў крадзяжу велатранспарту. Большасць правапарушэнняў, як правіла, звязаная з бесклапотнымі адносінамі ўладальнікаў да захаванасці сваёй маёмасці.

— Ці магчыма ўявіць, каб хтосьці пакінуў у пад'ездзе або на вуліцы нейкую рэч коштам у сотні рублёў? — задае рытарычнае пытанне начальнік арганізацыйна-аналітычнага ўпраўлення міліцыі грамадскай бяспекі МУС, палкоўнік міліцыі Вадзім Петыш. — А з веласіпедамі, якія часам каштуюць значна даражэй, такое адбываецца дастаткова часта. Прычым, як паказвае практыка, некаторыя велааматары лічаць дастатковым проста паставіць веласіпед пад акном свайго дома. Калі б уладальнікі не адносіліся так абыякава да свайго двухколавага транспарту, крадзяжоў было б у разы менш. Наяўнасць нават самага простага тросу або ахоўнага прыстасавання павялічвае шанцы на тое, што злодзей пройдзе міма.

Праваахоўнікі не перастаюць паўтараць: захаванасць маёмасці залежыць выключна ад саміх грамадзян. Пакідаючы веласіпед у грамадскім месцы нават на непрацяглы час, варта прывязваць яго тросікам з велазамком. Спецыялісты рэкамендуюць выкарыстоўваць трос максімальнай таўшчыні. Веласіпед неабходна замацоўваць за кола і раму. Калі ж даўжыня троса дазваляе, то за раму і за абодва колы.

Пакідаючы веласіпед у лёгкадаступных для іншых грамадзян месцах, ёсць сэнс забіраць з сабой аксесуары, якія хутка здымаюцца: велакамп'ютар, ліхтар, помпу, іншыя гаджэты. Такі транспартны сродак не складае асаблівай цікавасці для хуліганаў. Найбольшая ж захаванасць забяспечваецца тады, калі ён знаходзіцца ў полі зроку гаспадароў або пад назіраннем відэакамер.

На жаль, як паказвае статыстыка, прадаць украдзены веласіпед даволі лёгка. Дастаткова і тых, хто гатовы купляць крадзенае. Хоць зразумець, што яно менавіта такое, нескладана: у большасці выпадкаў за яго просяць невялікія грошы, у той час як рэальны кошт транспартнага сродку нашмат большы.

Як нагадвае Вадзім Петыш, набываючы крадзенае, людзі рызыкуюць застацца і без гэтай рэчы, і без кампенсацыі за яе. «Акрамя таго, грамадзяне могуць быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці па артыкуле 236 Крымінальнага кодэкса — набыццё або збыт матэрыяльных каштоўнасцяў, загадзя здабытых злачынным шляхам, — удакладніў прадстаўнік міліцэйскага ведамства. — Адказнасць за дадзенае злачынства дастаткова суровая: да шасці гадоў пазбаўлення волі са штрафам».

Калі ж усё-ткі ваш веласіпед укралі, неадкладна паведаміце аб гэтым у міліцыю. Праваахоўнікі рэкамендуюць запомніць месца, дзе гэта адбылося, паспрабаваць знайсці сведкаў здарэння, запісаць іх нумары тэлефонаў і адрасы. Нялішнім будзе размясціць інфармацыю аб украдзеным транспартным сродку ў інтэрнэце — з яго фотаздымкамі і характарыстыкамі. Неабходна паведаміць аб крадзяжы сваім знаёмым: магчыма, веласіпед трапіць камусьці з іх на вочы. Не забывайцеся і самі праглядаць аб'явы аб продажы ужываных веласіпедаў — ёсць выпадкі, калі грамадзяне такім чынам самі знаходзяць сваю ўкрадзеную маёмасць. У гэтым выпадку не трэба дамагацца справядлівасці самастойна, лепш звярнуцца ў міліцыю.


Як знізіць рызыку крадзяжу веласіпеда:

  • замест звычайнага троса лепш выкарыстоўваць ланцуг або стальны U-падобны замок;
  • зафіксаваць колы можна спецыяльнымі блакіратарамі;
  • пакідаючы веласіпед, забірайце з сабой усё абсталяванне, якое лёгка здымаецца;
  • зрабіце свой транспарт унікальным;
  • захоўвайце дакументы на веласіпед (калі яго знойдуць, вы зможаце пацвердзіць, што ён ваш).

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.