Вы тут

У эфіры «Беларусь 3» пакажуць культавы фільм Таркоўскага «Андрэй Рублёў»


«Гармонія дасягаецца толькі шляхам нейкіх сутыкненняў, канфліктаў, яе нараджае хаос. І перавага чалавека ў тым, каб урэгуляваць яго, іначай дабіцца спакою, гармоніі немагчыма...» — сцвярджаў рэжысёр Андрэй Таркоўскі, 90-гадовы юбілей якога сёлета адзначыць кінематаграфічны свет. У эфіры «Беларусь 3» напярэдадні дня нараджэння рэжысёра, сцэнарыста і народнага артыста Расіі пакажуць адзін з яго знакавых фільмаў — гістарычную кінадраму «Андрэй Рублёў» (1966).


...Русь пачатку ХV стагоддзя. Краіну раздзіраюць княжацкія міжусобіцы. Набегі татар, голад і мор пераследуюць народ. У гэтую трагічную эпоху з'яўляецца вялікі жывапісец Андрэй Рублёў. Звесткі пра яго мізэрныя і адрывістыя. І толькі нямногія тварэнні геніяльнага майстра дайшлі да нас. Задума кінастужкі, як адзначаў Таркоўскі, звязана з праблемай творчасці, з патрабаваннямі, абавязковымі для мастака, — бачыць і знайсці выхад, сілы для стварэння прыгожага, нягледзячы на складанасць жыцця, здолець выпакутаваць, стварыць самога сябе.

Фільм падзелены на восем навел і ахоплівае перыяд з 1400 да 1423 года. Андрэй Рублёў, вандроўны манах, з двума братамі — Даніілам і Кірылам — адпраўляецца ў вандроўку па рускіх землях. Падчас гэтых падарожжаў ён сутыкаецца на сваім шляху з арыштамі мірных грамадзян, жорсткасцю і бяспраўем, бачыць шмат гора і суму. Ён расчараваны і пачынае сумнявацца: ці патрэбны ўвогуле яго іконы людзям, якія жывуць у такіх абставінах?

Варта адзначыць, што яшчэ на этапе напісання сцэнарыя рэжысёр вёў доўгую працу ў архівах, каб лепш вывучыць старажытнарускі побыт, рамёствы, дзяржаўную палітыку і лёсы людзей таго перыяду. Аднак улічваючы, што фільм мастацкі, то (як адзначалі даследчыкі) месцамі ўсё ж засталася недакладнасць, якую можна спісаць на фантазію рэжысёра. Паколькі ідэяй будучай карціны Таркоўскі абавязаны Васілю Ліванаву, то акцёр разлічваў і на галоўную ролю. Аднак рэжысёрскае рашэнне на гэты конт было іншае. І ўвасабляць галоўнага персанажа выпала Анатолю Саланіцыну. Каб наблізіцца да вобраза іканапісца і праўдзіва сыграць Андрэя Рублёва, які некалькі гадоў трымаў абет маўчання, Саланіцын таксама маўчаў некалькі месяцаў падрыхтоўкі да здымак.

Не абышлося без «ахвяр дзеля мастацтва» і з боку некаторых іншых дзеючых асоб. Так, напрыклад, ключар Патрыкей (яго ўвасобіў Юрый Нікулін) — рэальны персанаж. Ён падчас набегу татар хаваў царкоўныя каштоўнасці і нават пад допытам не раскрываў іх месцазнаходжанне. Роля для акцёра была складанай як псіхалагічна, так і фізічна. Здымаючы сцэну, у якой Патрыкею паляць твар, рабілі гэта акуратна, каб не апячы Нікуліна. Пасля заканчэння здымак рэжысёр пахваліў акцёра, адзначыўшы, што той вельмі натуралістычна крычаў і нават у вачах быў сапраўдны боль. Аказалася, прычынай таму — гарачая салярка, якая трапляла на ногі акцёра. А вось Мікалаю Бурляеву ў эпізодзе, дзе яго герой шукае гліну, давялося добра памерзнуць напрыканцы кастрычніка, пакуль з шасці дубляў знялі тое, чаго патрабаваў фільм. Увогуле, здымкі праходзілі ў розных лакацыях сярод сапраўдных помнікаў архітэктуры ХІV—ХV стст. Уладзіміра, Суздаля, Пскова і іншых гарадоў. Здымалі і на тэрыторыі Андронікава манастыра ў Маскве, дзе правёў свае апошнія гады Андрэй Рублёў.

У 1978 годзе, па апытанні кіназнаўцаў, фільм «Андрэй Рублёў» увайшоў у 100 найлепшых карцін свету. Але вось яго шлях на вялікі экран быў няпросты. Калі рэжысёр здаў першы варыянт адзнятага матэрыялу, то меркаванні ў экспертаў аказаліся супярэчлівыя. Партыйнае кіраўніцтва палічыла, што фільм атрымаўся антынародны. Пачаліся патрабаванні аб унясенні шэрагу правак, і справа з выхадам зацягнулася.  Праз нейкі час Андрэй Таркоўскі проста перастаў хадзіць на пасяджэнні мастацкага савета па сваім фільме. А пасля кінастужку выкупіў французскі бізнесмен рускага паходжання і павёз яе на Канскі кінафестываль (1969 г.), дзе «Андрэй Рублёў» атрымаў прыз міжнароднай асацыяцыі кінакрытыкаў. Таму абавязкова паглядзіце фільм, каб самім ацаніць майстэрства і ўшанаваць памяць вялікага рэжысёра.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.