Вы тут

Надыходзіць новы этап эканамічнай інтэграцыі


Дзень адзінства народаў Беларусі і Расіі — не толькі свята, але і добрая нагода яшчэ раз абмеркаваць супрацоўніцтва ў розных сферах, акрэсліць новыя шляхі сумеснага развіцця. Менавіта з такой мэтай прайшоў экспертна-медыйны форум «Саюзная дзяржава: эканамічная інтэграцыя — задачы развіцця», які адбыўся ў Мінску і Маскве ў фармаце тэлемоста. Арганізатары нязменныя — Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы і МІА «Расія сёння».


Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў адзначыў, што сёння надыходзіць новы этап эканамічнай інтэграцыі паміж Беларуссю і Расіяй. Ён паспяхова быў рэалізаваны на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета, які правялі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін 4 лістапада 2021 года. Таксама Дзмітрый Мезенцаў нагадаў, што пад кіраўніцтвам прэм'ер-міністраў Беларусі і Расіі Рамана Галоўчанкі і Міхаіла Мішусціна зацверджаны і падрыхтаваны 28 саюзных праграм. «Гэты факт вельмі ўважліва разглядаюць эксперты. І нават тыя, хто не вельмі настроены адносна нас, гавораць аб тым, што гэта гістарычны этап нашага ўзаемадзеяння, — падкрэсліў дзяржсакратар.

У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў форуму былі пытанні эканамічнага супрацоўніцтва абедзвюх краін. Асаблівую актуальнасць яны набываюць ва ўмовах санкцыйнага ціску. Міністр эканомікі Беларусі Аляксандр Чарвякоў падкрэсліў, што Беларусь і Расія хутка адновяць тыя напрамкі, на якія найбольш уплываюць санкцыі. «Сёння важна, каб прадпрыемствы працягвалі працаваць. Калі ВУП будзе запавольвацца, то з аб'ектыўных прычын, звязаных з жорсткімі санкцыямі. Усё залежыць ад таго, наколькі хутка мы зможам адаптавацца да гэтых умоў. Сёння ва ўрадзе Беларусі і Расійскай Федэрацыі працуюць над тым, каб аператыўна прымаць рашэнні, — сказаў ён.

Міністр нагадаў, што Беларусь ужо другі год жыве ва ўмовах санкцый. І ў мінулым годзе айчынная эканоміка вытрымала гэты ўплыў і ўсе абмежаванні. «У лютым гэтага года, калі стаў відавочны беспрэцэдэнтны аб'ём санкцый, нам давялося поўнасцю перафарматаваць нашы планы для таго, каб супрацьстаяць гэтаму ціску. Цяпер адкрываецца абсалютна новы парадак дня. У Саюзнай дзяржавы з'яўляюцца новыя магчымасці. Тут засяроджаны асноўны патэнцыял, які мы павінны вельмі актыўна развіваць», — падкрэсліў Аляксандр Чарвякоў.

Паводле яго слоў, варта ўдзяліць увагу перанакіраванню экспартных патокаў на рынкі Расіі, Кітая, Індыі, дзяржаў ЕАЭС, а таксама лагістыцы, імпартазамяшчэнню, фінансавай сістэме ўзаемаразлікаў.

Новыя гарызонты супрацоўніцтва Беларусі і Расіі адкрываюцца ў сферы лічбавых тэхналогій. У рамках Саюзнай дзяржавы над гэтым вядзецца актыўная работа. Па словах міністра сувязі і інфарматызацыі Канстанціна Шульгана, лічбавыя тэхналогіі аптымізуюць выдаткі і робяць нашу прадукцыю канкурэнтаздольнай. Ён прывёў у прыклад Еўразійскую садружнасць, дзе лічбавы парадак дня аб'ядноўвае некаторыя праекты, якія датычацца аховы здароўя, прамысловасці і іншых галін народнай гаспадаркі.

Па словах Канстанціна Шульгана, з 1 красавіка адменена плата за ўваходныя званкі ў роўмінгу на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы. «Гэта дасць магчымасць камфортных зносін паміж нашымі грамадзянамі. У нас няма часу разважаць і перапісвацца месяцамі. Рашэнні павінны быць мабільнымі і выверанымі. Лічбавізацыя — працэс, які неабходна рэалізоўваць калектыўна. Гэта пытанне не аднаго міністэрства, мы павінны яго вырашаць комплексна і разам», — канстатаваў ён.

Старшыня канцэрна «Беллегпрам» Таццяна Лугіна расказала, што рэгіёны Расійскай Федэрацыі зацікаўлены ў беларускай прадукцыі легпрама. «У нас і так была добрая камунікацыя і ўзаемадзеянне з Дэпартаментам лёгкай прамысловасці Расіі. Цяпер жа гэта работа паскорылася ў два-тры разы. У прыватнасці, у нас створана падгаліновая міжведамасная група, на якой мы ўжо абмеркавалі пытанні імпартазамяшчэння, выявілі вузкія месцы крытычнага імпарту. Напрыклад, мы звярнулі ўвагу, што слабае месца ў нашых краінах — гэта фурнітура. Яна ёсць, але яе недастаткова ні ў швейнай, ні ў скургалантарэйнай прамысловасці. Цяпер мы разглядаем мэтазгоднасць пашырэння вытворчасці гэтага асартыменту», — сказала яна.

Падчас медыйна-экспертнага форуму былі абмеркаваны розныя аспекты супрацоўніцтва Беларусі і Расіі. Выснова простая: сёння як ніколі неабходны кансалідацыя сіл і работа дзеля агульных інтарэсаў.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Віктара ДРАЧОВА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.