Вы тут

Замшаў: Людзі вернуцца да слова, і, галоўнае, да слова друкаванага


Галоўны рэдактар «Литературной газеты» Максім Замшаў часта бывае ў Беларусі і ўжо шмат гадоў запар наведвае Мінскую міжнародную кніжную выстаўку-кірмаш. З беларускімі літаратарамі яго звязваюць стасункі не толькі творчыя, але і сяброўскія. Гэтым разам паэт, празаік і крытык, сябра Саюза пісьменнікаў і Саюза журналістаў Расіі таксама не абмінуў традыцыйнае кніжнае свята і паспеў падзяліцца думкамі аб тым, наколькі важныя міжнародныя літаратурныя сустрэчы, у чым бясспрэчная вартасць друкаванай кнігі і кнігі якіх сучасных расійскіх пісьменнікаў варта пачытаць. 


 

— Максім Адольфавіч, адкуль нязменная цікавасць менавіта да Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу? У чым яе асаблівасць для расійскіх літаратурных дзеячаў? 

— Літаратуры Беларусі і Расіі настолькі блізкія, што Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш — гэта, бадай, адзінае месца, дзе рускія пісьменнікі не адчуваюць сябе за мяжой, на выездзе. Вядома, гэтаму спрыяе найперш адна моўная прастора. Што важна: мерапрыемствы, якія праходзяць на расійскіх стэндах, збіраюць вельмі шмат наведвальнікаў. Заўважна, у Беларусі чакаюць расійскіх пісьменнікаў. Цеплыня і водгук чытацкай аўдыторыі, зразумела, вылучаюць Мінскую кніжную выстаўку сярод іншых. Як правіла, на міжнародных мерапрыемствах такога тыпу прысутнічаюць прадстаўнікі розных краін, прэзентуюць творы на розных мовах — і гэта нязменная спецыфіка, якая патрабуе ад удзельнікаў асаблівых намаганняў: у нашым выпадку — спецыяльных праграм, якія пазіцыянуюць рускую мову і культуру, лекцый, каб прыцягнуць людзей, стварыць пэўнае поле для пазнання не толькі сучаснай, але і класічнай літаратуры. У Беларусь жа мы прыязджаем як да старых сяброў. 

— Ці бачыце і ці можаце назваць вартасці і недахопы кніжнага свята ў Мінску?

— Мінусаў я б не назваў: арганізацыя выстаўкі — заўсёды вялікі працэс, унутры якога закладзена шмат як удалага, так і не зусім. Тут многае залежыць ад кожнага стэнда той ці іншай краіны, які мае сваю праграму. Што важна, на беларускай выстаўцы-кірмашы выдатна прадстаўлена літаратура краін СНД, былога СССР. Іх дэлегацыі завітваюць сюды з задавальненнем. Усё ж колькі б ні раздзялі гэтую еўразійскую прастору, у культурным плане яна застаецца скроенай дастаткова шчыльна. Вялікі плюс, што мы можам сустрэцца з калегамі з блізкіх краін і абмеркаваць творчыя планы. Дарэчы, Мінская выстаўка-кірмаш характэрызуецца самай вялікай трываласцю. У перыяд пандэміі мерапрыемствы такога роду праходзілі толькі тут і ў Маскве, вядома, улічваючы ўсе пратаколы бяспекі. 

— Які год удзелу ў Мінскай выстаўцы стаў самым запамінальным? Якую з выставак лічыце найбольш плённай? 

— Калі па просьбе Аляксандра Мікалаевіча і Выдавецкага дома «Звязда» я заняўся перакладамі «Санетаў» Янкі Купалы на рускую мову, што да з’яўлення ў змястоўным зборніку былі апублікаваны ў «Литературной газете». Для мяне было важна, што высілкі ацанілі беларускія чатачы. Нават у музеі Купалы дзякавалі, уручылі грамату. Разумею, работа атрымалася сапраўды такой, якой яе хацелі бачыць заказчыкі.

— Што да рускіх чытачоў: яны нейкім чынам адгукнуліся на пераклад знакамітага цыкла беларускага класіка? 

— Так, расійскія чытачы ацанілі яго. У нас увогуле шмат чытаюць. Гэта міф, што Расія перастае быць краінай, якая чытае. Расія хутчэй перастае быць краінай, якая купляе шмат кніг па цэлым шэрагу прычын: і спецыялізаваных крам няшмат, і кнігі дарагія, і асартымент празмерна багаты, крыху заблытаны нават для дасведчанага чытача. Да таго ж існуе вялікая колькасць электронных рэсурсаў, якія для многіх больш зручныя, чым друкаваная кніга. У іх ліку, на жаль, шмат пірацкіх. Калі б з’явілася магчымасць сумарна палічыць чытанне не па колькасці прададзеных у кніжных крамах выданняў, а па факце знаёмства з творамі, не думаю, што мы былі б на ніжніх пазіцыях рэйтынгаў у свеце. Так ці інакш, для нашых чытачоў беларускія пісьменнікі і паэты — Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас, Уладзімір Караткевіч — культавыя і заўсёды цікавыя. Увагу іх творы ў перакладзе на рускую мову, безумоўна, выклікаюць. 

— Ці ёсць цяпер перспектывы падобных праектаў, як пераклад «Санетаў» Янкі Купалы? 

— Перспектывы ёсць заўсёды. Сутнасць у тым, што такія праекты ствараюцца на энтузіязме, таму нават пэўныя эканамічныя праблемы, якія натуральным чынам узнікаюць у эпоху капіталізму, не могуць перашкодзіць іх з’яўленню і развіццю. Ведаю, што ёсць ідэя перакласці на розныя мовы некаторыя творы Якуба Коласа. На ўдзел у праекце я пакуль дакладнай згоды не даў — дапісваю вялікі раман, які не дае магчымасці адхіліцца ўбок ужо два з паловай гады. Аднак я заўсёды адкрыты для розных ідэй, якія прапаноўваюць беларускія калегі. 

— Увогуле ж у сённяшніх умовах наколькі міжнародныя кніжныя выстаўкі ўплываюць на рознага роду супрацоўніцтва? 

— Гэта такія мерапрыемствы, якія хутчэй пазіцыянуюць тыя ці іншыя краіны. Іншая задача выставак — работа па куплі-продажы праў. Так, у кожнай выстаўкі свету ёсць пэўны нюанс, адценне, якое яе адрознівае ад іншых. Кантакты — справа чалавека з чалавекам, арганізацыі з іншай арганізацыяй. Зараз, вядома, некаторыя замежныя пэўны час не будуць узаемадзенічаць з намі так, я гэта рабілі раней. Хаця не факт. Упэўнены, што пытанні гуманітарнага супрацоўніцтва, пытанні слова здольны пераадолець палітычную рознаўсобіцу. Між тым не трэба цешыць сябе ілюзіяй, што краіны той жа Еўропы — гэта адзіны свет, з якім у культурнай сферы ёсць неабходнасць узаемадзенічаць. На іх рынку рускім і беларускім пісьменнікам першапачаткова вельмі складана сапернічаць: ён перанасычаны, шмат у чым скіраваны на ўнутраную аўдыторыю, а таксама пазіцыяніраванне сябе ў іншай прасторы, меней арыентаваны на тое, каб творцы іншых культур прадстаўлялі сябе. Аднак ёсць жа велізарны арабскі кніжны рынак, вельмі цікавяцца рускамоўнай кнігай у Індыі, нельга абмінуць і перспектыў супрацоўніцтва з Кітаем... Свет неабсяжны, і цяпер, калі ў ім столькі напружання, натуральным чынам людзі вернуцца да слова, і, галоўнае, да слова друкаванага. 

— А чым, на вашу думку, дрэннае чытанне з электроннага носьбіта? 

— Як правіла, у гэтым выпадку чалавек не канцэнтруецца толькі на адным творы. Ён пераключаецца на іншы, заходзіць у інтэрнэт, яго адцягваюць навіны, якія ўсплываюць... Якраз кніга ці газета ў значнай ступені дапамае ўспрыманню тэксту. Мы, напрыклад, аналізуем, як чытаюць «Литературную газету» на сайце і ў папяровым выглядзе. Сёння колькасць чытачоў абедзвюх версій прыкладна аднолькавая, аднак відавочна, што чытач традыцыйнай газеты бавіць з ёй больш часу, чым інтэрнэт-карыстальнік з тэкстамі таго ці іншага нумара. Між іншым папулярнасць выдання не вымяраецца выключна тым, колькі яго купілі ці выпісалі, трэба ж улічваць бібліятэкі. Апошнім часам карыстальнікаў там стала значна больш. Зразумела: кнігі сёння дарагія, да таго ж некаторым умовы не дазваляюць захоўваць шмат выданняў дома. Дарэчы, менавіта бібліятэка дае зразумець, наколькі твор папулярны. Тыраж і узровень продажу залежыць ад піяру і магчымасцей выдавецтва. Таму рэйтынгі лідараў продажу лічу не зусім справядлівымі ў дачыненні да якасці і сапраўднай папулярнасці літаратуры. 

— Каго з сучасных расійскіх аўтараў лічыце вартымі ўвагі і можаце параіць іх творы беларускаму чытачу?

— Можна рэкамендаваць толькі адно — больш чытаць, з часам ён сам рабярэцца. Усё ж у такіх парадах ёсць пэўная хітрасць, таму магу сказаць толькі пра асабістыя перавагі. Назаву Дзмітрыя Быкава — лічу яго цудоўным пісьменнікам, хоць і не цалкам пагаджаюся з яго поглядамі. Мне прыемна, што творы Яўгена Вадалазкіна добра прадаюцца. Заўсёды цікава чытаць тое, што піша Захар Прылепін. Варта пазнаёміцца з творамі Паўла Крусанава, Валерыя Папова, Ксеніі Букшы, Марыны Сцяпновай, Андрэя Рубанава, Міхаіла Елізарава, Сяргея Шаргунова, Аляксандра Праханава, Мікалая Іванова, Вольгі Пагодзінай-Кузьміной, Таццяны Масквіной... Падабаецца крыху меней знакаміты пісьменнік Сяргей Кузняцоў, ува многім наступнік Томаса Пінчана, класіка амерыканскага постмадэрнізму. Між тым вельмі цікавыя кнігі выходзяць у Выдавецкім доме «Городец» — у серыі, якую вядзе Вадзім Левенталь. Там сустракаюцца імёны, якія яшчэ не ўвайшлі ў вялікі ўжытак. Сярод іх — Дзмітрый Кудроў і Аляксандр Пялевін. 

— Што да агульных тэндэнцый, ці можаце даць нейкі прагноз па развіцці літаратурнага працэсу на найбліжэйшы час? І ці плануюцца пэўныя змены ў «Литературной газете»? 

— Што тычыцца сусветнай літаратуры, многія, я ў іх ліку, чакаюць новыя тэксты Мішэля Уэльбэка і Джонатана Франзэна на рускай мове. Аднак у плане перспектыў больш магу сказаць пра расійскі выдавецкі працэс: трэба сачыць за тымі кнігамі, што выходзяць у вышэйназваных выдавецтвах, а таксама ў «Рэдакцыі Алены Шубінай». Упэўнены, што партфелі кнігавыдаўцоў цалкам укампелектаваны. Раю сачыць за дэбютантамі, выдавецтвы сёння імкнуцца іх падтрымаць. Як бы ні мяняўся літаратурны працэс, «Литературная газета» будзе ўважліва сачыць за тым, што адбываецца. Друкаванае перыядычнае выданне — не штосьці пастаяннае, не збор твораў аднаго аўтара. Газета — жывая справа. На кожны нумар уплывае вялікая колькасць акалічнасцей. І ў кожнай вобласці стараешся выбраць найбольш вартае і важнае, усё ж сфера нашай дзейнасці вельмі шырокая, мы не абмяжоўваемся літаратурай, якая, між іншым, займае ад чвэрці да трэці палос «Литературной газеты». У нас заўсёды шмат рэцэнзій хутчэй кніжнага фармату, а не аналітычнага, бо аб’ём выдання не дазваляе. Будзем працягваць удзяляць вялікую ўвагу літаратурам, якія перакладаюцца з моў розных народаў Расіі. Вельмі хацелася б аднавіць праект, які называўся «Еўразійская муза». Там бы мы маглі друкаваць аўтараў краін былога СССР. І пакуль тут несумненнае лідарства ў Беларусі: у кожным нумары ў нас ёсць паласа «Белорусский дневник», дзе стараемся асвятляць беларускі літаратурны парадак дня для шырокага кола расійскіх чатачоў. Вельмі спадзяюся, што ў вас гэта бачаць і цэняць. Магчыма, адной старонкі мала, аднак тут разлічваем на падтрымку Саюзнай дзяржавы. 

Гутарыла Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

4 простыя спосабы зрабіць добрае ўражанне на мужчыну. Адказвае псіхолаг

4 простыя спосабы зрабіць добрае ўражанне на мужчыну. Адказвае псіхолаг

Дзе б вы ні працавалі і чым бы ні займаліся, уменне мець зносіны і зрабіць добрае ўражанне – адзін з самых галоўных навыкаў.

Культура

Аб гумары і сатыры ў жыцці Купалы і Коласа распавядае сумесны музейны праект

Аб гумары і сатыры ў жыцці Купалы і Коласа распавядае сумесны музейны праект

Сёлета адзначаецца 140-годдзе з дня нараджэння класікаў.

Грамадства

Гаджэт для фельчара. Як працуюць ФАП і амбулаторыя ў самым аддаленым сельсавеце Пружанскага раёна

Гаджэт для фельчара. Як працуюць ФАП і амбулаторыя ў самым аддаленым сельсавеце Пружанскага раёна

Паведаміла Людміла Аляксееўна, якая загадвае фельчарска-акушэрскім пунктам і з'яўляецца фельчарам, акушэркай, медсястрой у адной асобе.