Вы тут

Перасячэнне граніцы, зарплаты бюджэтнікаў, роўмінг: Што чакае беларусаў у красавіку?


Перасячэнне беларускай граніцы, зарплаты бюджэтнікаў, бясплатныя ўваходныя ў роўмінгу, забарона на лоўлю ўсіх відаў рыбы, дзяржрэгуляванне цэн на сацыяльна значныя тавары. Якія змены чакаюць беларусаў у красавіку — чытайце ў аглядзе «Звязды».


Фота: БелТА

Абмежаванні на перасячэнне беларускай граніцы зняты з 3 красавіка

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 сакавіка 2022 года нумар 197 «Аб змяненні Пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 кастрычніка 2020 года нумар 624» адменены раней уведзеныя абмежаванні на перасячэнне граніцы ва ўмовах COVID-19, перадае ДПК.

З 00:00 3 красавіка для грамадзян Беларусі ўезд у краіну і выезд не абмежаваны. ПЦР-тэст (сертыфікат аб вакцынацыі) не патрабуецца.

Для замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ўезд у Беларусь і выезд таксама не абмежаваны. Разам з тым, для ўезду замежнікам неабходны ПЦР-тэст (сертыфікат аб вакцынацыі).

Адзначым, што неабходнасць наяўнасці ПЦР-тэсту (сертыфіката) для ўезду ў Беларусь не распаўсюджваецца на замежнікаў, якія прыбываюць у Беларусь у сувязі з сацыяльна-палітычнай абстаноўкай ва Украіне, у тым ліку наступных транзітам праз тэрыторыю іншых краін. Таксама, замежным грамадзянам, якія едуць з Украіны да месца пастаяннага пражывання, дазволены бязвізавы ўезд на тэрыторыю Беларусі да 15 красавіка ўключна.

Грамадзянам Расіі для ўезду ў Беларусь праз беларуска-расійскі ўчастак граніцы ПЦР-тэст (сертыфікат) не патрэбны.

Нагадаем, што пагранічны кантроль на беларуска-расійскай мяжы беларускімі пагранічнікамі не ажыццяўляецца як на наземным участку, так і ў аэрапортах.


Зарплаты бюджэтнікаў вырастуць

Урад прыняў рашэнне аб павышэнні базавай стаўкі паэтапна, пачынаючы з сакавіка. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 31 сакавіка 2022 года нумар 194, паведамляе БелТА са спасылкай на прэс-службу Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

 

«Рост заработнай платы работнікаў бюджэтнай сферы ў 2022 годзе планаваўся ў два этапы за кошт росту базавай стаўкі. Першы этап павышэння базавай стаўкі рэалізаваны з 1 студзеня 2022 года шляхам яе павелічэння на 4,5 працэнта. Другі этап павышэння планаваўся з 1 верасня. Разам з тым у мэтах падтрымкі работнікаў бюджэтных галін урад прыняў рашэнне аб павышэнні базавай стаўкі з апераджальным графікам, пачынаючы з сакавіка», — расказалі ў прэс-службе.

Так, пастановай Савета Міністраў ад 31 сакавіка 2022 года нумар 194 устаноўлены наступныя памеры базавай стаўкі: з 1 сакавіка — Br208, з 1 красавіка — Br209, з 1 мая — Br210. Паколькі да базавай стаўкі прывязаны іншыя стымулюючыя і кампенсуючыя выплаты, у маі павелічэнне зарплаты за кошт росту базавай стаўкі ў выніку складзе ад Br7 да Br35 у залежнасці ад кваліфікацыі работніка.

Прынятае рашэнне закране амаль 850 тыс. работнікаў бюджэтнай сферы, якія ўжо ў красавіку атрымаюць заработную плату за сакавік з улікам яе павелічэння, у тэрміны, устаноўленыя ў калектыўных дагаворах (пагадненнях), працоўных дагаворах (кантрактах).

На павышэнне базавай стаўкі ў сакавіку-маі з бюджэту будзе накіравана Br27 млн.

Базавая стаўка з’яўляецца асноўным элементам тарыфнай сістэмы, на аснове якой праводзіцца аплата працы работнікаў бюджэтных арганізацый і іншых арганізацый, што атрымліваюць субсідыі, работнікі якіх прыраўнаваны па аплаце працы да работнікаў бюджэтных арганізацый.


Беларускім абанентам у Расіі з 1 красавіка не трэба плаціць за ўваходныя званкі з Беларусі

Плата за ўваходныя выклікі ў роўмінгу на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы адмяняецца з 1 красавіка. Рашэнне было прынята 23 сакавіка на пасяджэнні Групы высокага ўзроўню Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы, паведамляе БелТА.

 

«З 1 красавіка 2022 года абаненты беларускіх аператараў сотавай рухомай электрасувязі не будуць плаціць за ўваходныя званкі з Беларусі пры знаходжанні ў роўмінгу на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы. Гэта стала важным вынікам работы, праведзенай Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі Беларусі сумесна з беларускімі аператарамі электрасувязі ва ўзаемадзеянні з расійскім бокам», — расказалі ў прэс-службе Мінсувязі.

Раней ужо быў зроблены шэраг важных крокаў для вырашэння задачы па адмене платы за ўваходныя званкі ў роўмінгу на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы. Так, з 1 лістапада 2020 года беларускія і расійскія аператары сотавай рухомай электрасувязі значна ўзаемна знізілі дзеючыя да гэтага роўмінгавыя тарыфы.

Беларускімі аператарамі сотавай рухомай электрасувязі абаненцкія тарыфы на паслугі роўмінгу ў Саюзнай дзяржаве былі зніжаны ад 70 працэнтаў да 80 працэнтаў у параўнанні з дзеючымі да 1 лістапада 2020 года, у выніку роўмінгавыя тарыфы паміж Беларуссю і РФ сталі блізкімі да ўнутрыкраінавых.

У верасні 2021 года была паспяхова завершана доследная эксплуатацыя работы ў новых умовах выдзеленых каналаў для перадачы роўмінгавага трафіка на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы. «Аператары электрасувязі дзвюх краін перайшлі на пастаяннае ўзаемадзеянне ва ўмовах зніжаных ставак міжнароднага інтэрканекту на роўмінгавы трафік, зніжаных міжаператарскіх роўмінгавых ставак і камфортных абаненцкіх роўмінгавых тарыфаў. Такім чынам былі ўстаноўлены камфортныя тарыфы для грамадзян Беларусі і Расіі пры іх знаходжанні ў роўмінгу на тэрыторыі СД», — адзначылі ва ўстанове.

«Адмена платы з 1 красавіка 2022 года за ўваходныя званкі ў роўмінгу стане новым вынікам сумеснай работы ў гэтым напрамку, што будзе садзейнічаць як далейшаму развіццю гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі, так і павышэнню мабільнасці і дзелавой актыўнасці грамадзян Саюзнай дзяржавы. Лічым сімвалічным, што адмена платы за ўваходныя званкі ў роўмінгу ў СД адбываецца напярэдадні надыходзячага свята — Дня яднання народаў Беларусі і Расіі, што адзначыць дасягненне новага этапу ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва і паглыбленага інтэграцыйнага ўзаемадзеяння на міжведамасным узроўні», — рэзюмавалі ў Мінсувязі.


У Мінскай, Магілёўскай і Гродзенскай абласцях уводзіцца забарона на лоўлю ўсіх відаў рыбы да 30 мая

У Мінскай, Магілёўскай і Гродзенскай абласцях устанаўліваецца забарона на лоўлю ўсіх відаў рыбы да 30 мая, паведамілі ў Беларускім таварыстве паляўнічых і рыбаловаў.

 

«Падчас нераставай забароны аматарскае рыбалоўства цалкам не забаронена, але істотна абмежавана: рыбачыць можна толькі адной вудай з адным кручком або адным спінінгам, абсталяваным штучнай прынадай, з адным адзінарным або падвойным, або патройным кручком у светлы час сутак з берага (без заходу ў ваду) альбо з лёду, са штучных збудаванняў (акрамя пералічаных у абз. 7 падп. 109.3 правілаў вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства)», — распавялі ў арганізацыі.

Прымяненне любых іншых гармат або спосабаў лоўлі ў перыяд забароны кваліфікуецца як парушэнне і цягне накладанне штрафу ў памеры ад 10 да 30 базавых велічынь. За вылаўленую забароненым спосабам або прыладай рыбу парушальнік абавязаны пакрыць шкоду, якая ў перыяд нереставай забароны вылічаецца па патройным таксі. Прычыненне шкоды на суму 100 і больш базавых велічынь з’яўляецца падставай для распачынання крымінальнай справы. «На працягу ўсяго перыяду забароны грамадзянам забаронена карыстацца маламернымі судамі не толькі для рыбалоўства, але і для іншых мэтаў (выключэнні — у падп. 109.6 правілаў вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства). Тэрміны агульнай вясновай забароны перасякаюцца з нераставымі забаронамі, усталяванымі асобна на некаторыя віды рыбы — шчупака, судака, сома. Такую рыбу, злоўленую ў перыяд забароны на здабычу канкрэтнага віду, неабходна адпусціць назад у вадаём», — адзначылі ў БТПР.

Раней, з 20 сакавіка, аналагічная забарона была ўсталявана ў рыбалоўных угоддзях Брэсцкай і Гомельскай абласцей, там яна будзе доўжыцца па 18 мая. У Віцебскай вобласці забарона будзе дзейнічаць з 10 красавіка па 8 чэрвеня. Такія ахоўныя меры неабходныя для стварэння спрыяльных умоў у перыяд нерасту рыбы. У гэтыя ж тэрміны забараняецца здабываць рака вузкапалага (даўгапалага).


МАРГ падоўжыў дзяржрэгуляванне цэн на сацыяльна значныя тавары да 29 чэрвеня

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю падоўжыла дзяржаўнае рэгуляванне цэн на сацыяльна значныя тавары па 29 чэрвеня 2022 года ўключна. Гэта прадугледжана пастановай № 25, паведамілі ў прэс-службе МАРГ.

«Захаванне рэгулявання коштаў накіравана на падтрыманне даступнасці тавараў першай неабходнасці для насельніцтва», — распавялі ў прэс-службе.

Паведамляецца, што ў другім квартале захоўваюцца падыходы па абмежаванні цэн для вытворцаў — гранічны максімальны нарматыў рэнтабельнасці (фактычны ўзровень за 2021 год ці не больш за 10%), для імпарцёраў — гранічныя максімальныя надбаўкі імпарцёра (ад 15 да 30% у залежнасці ад тавару), а таксама для аптовага і рознічнага гандлю — гранічныя максімальныя аптовыя, гандлёвыя надбаўкі (з улікам аптовай надбаўкі).

Пастанова ўступае ў сілу з 1 красавіка 2022 года.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».