Вы тут

25-кілаграмовая Эйфелева вежа, раяль і сала з шакаладу


9 з 10 чалавек кажуць, што любяць шакалад. Але што мы ведаем пра любімы ласунак? Які шакалад карысны? Як яго выбіраць і правільна ўжываць? Гэтымі і іншымі шакаладнымі сакрэтамі дзеляцца на незвычайнай выстаўцы «Музей шакаладу «Шакаландыя». Яна аб'ездзіла ўжо больш чым 70 гарадоў свету і цяпер упершыню завітала ў Мінск. Таму, калі вы не ведаеце, куды схадзіць з дзецьмі, шчыра рэкамендую перанесціся ў свет шакаладу.


25-кілаграмовая Эйфелева вежа, раяль і сала з шакаладу

Ну які музей без экспанатаў? Чаго тут толькі няма: шакаладныя шашкі, гантэлі, футбольны мяч і бутсы, шакаладнае сала і шакаладная бульба, шакаладная Эйфелева вежа, шакаладныя панды, пінгвіны і фламінга.

— Для вырабу экспанатаў выкарыстоўваем самы звычайны цёмны, белы і малочны шакалад, а таксама цукровую і марцыпанавыя пасты, кандытарскія ўпрыгожванні, харчовыя фарбавальнікі, — распавядае наш экскурсавод Алена. — Усе шакаладныя шэдэўры пакрываюцца харчовым лакам, каб надаць больш яркі выгляд, а таксама працягнуць тэрмін службы.

— І ўсю гэту прыгажосць сапраўды можна з'есці? — пытаецца хтосьці з групы.

— Можна. Але ўсё ж не варта. Адно з галоўных правілаў для наведвальнікаў нашага музея — не грызці, не ламаць, не псаваць экспанаты. Нашы майстры ўклалі вельмі шмат любові і творчасці ў кожны, і мы хочам, каб як мага больш людзей бачылі гэту прыгажосць у арыгінальным выглядзе.

— А што, былі выпадкі, калі пашкоджвалі шакаладныя шэдэўры? — цікаўлюся. Алена паказвае разламаны і пагрызены шакаладны банан. «Затое цяпер ёсць магчымасць прадэманстраваць цікаўным наведвальнікам, як выглядае экспанат знутры», — жартуе яна.

— О, здаецца, я знайшла сукенку сваёй мары, і туфлікі, і сумачку, — эмацыянальна ўскліквае адна з наведніц.

— Засталося ператварыцца ў Эльзу з «Халоднага сэрца», каб убор не растаў, — жартуе яе дачка і просіць маму сфатаграфаваць яе за шакаладным раялем.

Ёсць сярод экспанатаў і карціны з шакаладу. Калі трапіце ў музей, абавязкова папрасіце экскурсавода распавесці гісторыю пра знакамітую работу швейцарскага мастака Жана-Эцьена Ліятара «Шакаладніца». Копіі менавіта гэтай карціны на выстаўцы я не знайшла, але былі іншыя. «Раніца ў сасновым лесе» Шышкіна, «Сланечнікі» Ван Гога. Апошняя (не без дапамогі наведвальнікаў) не так даўно развалілася на шакаладныя кавалачкі. У выніку карціна ператварылася ў своеасаблівую інсталяцыю, якая, як па мне, глядзіцца вельмі арыгінальна. Дарэчы, рамы для салодкіх палотнаў таксама зроблены з чыстага шакаладу. У якасці клею выкарыстоўваецца гарачы шакалад.

Усе экспанаты, прадстаўленыя на выстаўцы, — творы шакаладных спраў майстра — шакалацье.

— У шакалацье цудоўная смакавая памяць, востры нюх, багатая фантазія, мастацкі густ і фізічная вынослівасць. І галоўнае — тытанічнае цярпенне. Працаваць з шакаладам і не з'есці — задача не з лёгкіх. А можа, пасля наведвання выстаўкі хтосьці захоча стаць шакалацье? — звярнулася экскурсавод да дзяцей — у той дзень там было некалькі груп школьнікаў. Урок пра шакалад — у маім дзяцінстве пра такое можна было толькі марыць.

 

— Бачыце — дзве гіры. Здагадайцеся, якая з іх шакаладная, а якая сапраўдная, — азадачвае наш экскурсавод. — А хто зможа вызначыць, які з 8 какава-пладоў (з іх здабываюць какава-бабы — галоўны інгрэдыент для вытворчасці якаснага шакаладу) сапраўдны. На выгляд гэта зрабіць вельмі складана. А вось калі ўзяць у рукі, усё адразу становіцца зразумелым. Шакаладныя копіі істотна адрозніваюцца па вазе. Падумалася, што з какава-плода атрымаўся б цудоўны музычны інструмент — шэйкер. Шкада, што яго нельга купіць на выстаўцы. Дарэчы, ці ведалі вы, што племя Мая выкарыстоўвала какава-зерне ў якасці грошай? У прыватнасці, за 10 бабоў можна было купіць аднаго труса.

Асабіста мне вельмі спадабаўся кароценькі фільм пра гісторыю шакаладу. Цікава было паглядзець на трапічны лес, дзе растуць какава-дрэвы. На тое, як людзі (шакавала, што пераважная большасць работнікаў какава-фермаў атрымлівае ад 10 да 20 долараў у месяц) збіраюць з іх плады, з якіх тут жа, на месцы, вымаюць какава-бабы. Як ферментуюць апошнія у драўляных бочках, а потым сушаць на адкрытым паветры. Дарэчы, для вырабу аднаго кілаграма сапраўднага шакаладу неабходна каля 900 какава-
зерняў.

Сакрэты дэгустацыі і шока-расфарбоўка

Акрамя экспанатаў, на выстаўцы хапае шакаладных актыўнасцяў. У прыватнасці, у «Доме мод» стаіць скрыня з рознымі капялюшыкамі і аксесуарамі, і дзеткі могуць стварыць ідэальны вобраз для шакаладных сабачак. Можна загадаць жаданне каля чароўнага шакаладнага дрэва і пагуляць з сябрамі ў «салодкія» настолкі. Гульня «Шакаладная душа» дапаможа праверыць, ці добра вы знаёмы са светам шакаладу і ці ўважліва слухалі экскурсавода.

Самая ж любімая частка выстаўкі ва ўсіх ласуноў — дэгустацыя бельгійскага шакаладу і салодкі майстар-клас. Што, пагадзіцеся, зусім не дзіўна.

Напрыканцы экскурсіі Алена прапанавала нам пераўвасобіцца ў шакалацье. Мы надзелі яркія аранжавыя капялюшыкі, фартушкі і нарукаўнікі і селі за столікі. Праз некалькі хвілін перад кожным з нас стаяў паднос з 8 сартамі натуральнага бельгійскага шакаладу.

— Спачатку глядзім, дакранаемся, слухаем, нюхаем. І толькі пасля каштуем і запамінаем, — дзеліцца Алена сакрэтамі дэгустацыі. Дарэчы, вучоныя даказалі, што пах шакаладу ў крамах павялічвае продажы.

— Дарослыя ведаюць, што выбіраць, — усміхаецца Алена і звяртаецца да маленькіх ласуноў. — Памятайце: сапраўдны і карысны шакалад — толькі цёмны, а ўсё астатняе — для задавальнення. Дарэчы, раней горкі шакалад лічыўся лекамі, ён прадаваўся ў аптэках і толькі па рэцэпце ўрача. Таму цяпер вы ведаеце, што рабіць, калі забалела галава ці, напрыклад, пагоршыўся настрой. З'ешце кавалачак шакаладкі, і, глядзіш, усё наладзіцца.

Парадай экскурсавода ўсе дзеткі паспяхова скарысталіся падчас майстар-класа. Як кажа мой трохгадовы сын, «для падстрахоўкі». Алена ж раздала кожнаму па невялікай шакаладнай 3D-фігурцы і прапанавала пакрыць коціка кандурынам.

— Чым-чым? — запыталіся мы.

Экскурсавод патлумачыла, што кандурын — гэта натуральны фарбавальнік. Усе кандытарскія вырабы, пафарбаваныя ім, цалкам бяспечныя і іх можна ўжываць не толькі дарослым, але і дзеткам.

Дзеці з'елі свае шакаладныя міні-карціны не выходзячы з-за стала. Працягласць жа жыцця экспанатаў, створаных прафесійнымі шакалацье, можа дасягаць 5 гадоў. Галоўнае — выконваць тэмпературны і вільготнасны рэжым пры экспанаванні і транспарціроўцы.

— Аптымальная тэмпература навакольнага асяроддзя павінна быць на ўзроўні 20—24 градусаў Цэльсія. Галоўны вораг — сонца, прамы сонечны прамень можа растапіць экспанат нават у халоднае зімняе надвор'е. Пасля 3-4 гадоў насычанага шакаладнага жыцця адпраўляем экспанаты на заслужаны адпачынак. А пасля ствараем новую шакаладную калекцыю.

Для «Шакаландыі» выкарыстана больш за 500 кг шакаладу. Таму я не здзівілася, калі пачула, што адзін з наведвальнікаў выстаўкі папрасіўся... застацца пераначаваць у музеі. Сказаў, што ўсё жыццё марыў прачнуцца ў шакаладным раі. Праўда гэта ці выдумка, вы даведаецеся, калі наведаеце выстаўку. А пакуль мы насалоджваемся шакаладным раем, арганізатары выстаўкі думаюць над стварэннем «Музея торта».

Як наведаць выстаўку? 

Калі? Да 17 красавіка.

Дзе? Гандлёвы цэнтр «Еўропа» у Мінску.

Яшчэ да з'яўлення цвёрдага шакаладу з какава-бабоў рабілі какава-напой. Для яго прыгатавання зерне перамолвалі разам з кукурузнай мукой і перцам чылі. Не падсалоджвалі і пілі халодным. Нягледзячы на горыч, какава лічылі напоем багоў.


Што такое якасны шакалад?

Першае і важнае правіла пры выбары шакаладу — уважліва чытайце этыкетку. У склад якаснага шакаладу ўваходзяць какава цёртае, какава-масла, а таксама, калі гэта малочны шакалад, цукар, сухое малако. Ніякіх іншых кампанентаў быць не павінна. Важны яшчэ і працэнт утрымання какавы ў шакаладзе. Чым больш, тым лепш. Пры фабрычнай вытворчасці якаснага шакаладу ў яго склад могуць уваходзіць натуральныя араматызатары, прыродныя эмульгатары (лецыцін).

Тэрмін прыдатнасці таксама падкажа, які шакалад выбраць. У натуральнага рамесніцкага прадукту ён складае не больш за 6 месяцаў. А калі плітка з начынкай — не больш за 4 месяцы. Пры фабрычнай вытворчасці шакаладу тэрмін прыдатнасці можа даходзіць да года.

Колькі і як правільна есці шакалад?

Дзённая норма для дарослага чалавека — 30—50 грамаў горкага шакаладу (ад трэцяй часткі да паловы звычайнай пліткі). Малочнага і белага шакаладу пажадана есці ў два разы менш — не больш за 25 грамаў у дзень.

Дзецям да 7 гадоў рэкамендавана не больш за 20 грамаў горкага шакаладу ў тыдзень, то-бок 3—5 грамаў у дзень. Да трох год наогул не раяць даваць шакалад. А з малочным ласункам лепш знаёміць дзяцей у школьным узросце і таксама дазавана, бо ёсць рызыка з'яўлення алергічнай рэакцыі.

Што датычыцца часу сутак, калі лепш ласавацца шакаладам, то тут строгіх правіл няма. Можна есці раніцай, днём, вечарам, галоўнае — не з'ядаць вялікую колькасць за адзін раз. Раніцай найлепш засвойваюцца тлушчы і вугляводы, днём шакалад паляпшае выпрацоўку гемаглабіну. Для хворых на дыябет ёсць шакаладкі без утрымання цукру.

Дзе знайсці добры шакалад?

Адзін з варыянтаў — набываць рамесніцкі шакалад. У гэтым выпадку вытворцы закупляюць какава-бабы з вызначаных плантацый, нерафінаваны трысняговы цукар і нерафінаванае какава-масла — усяго тры інгрэдыенты, з якіх атрымліваецца смачны і вельмі водарны шакалад. Таксама выдатны варыянт — гатаваць шакалад самастойна дома. Альбо набываць у надзейных фабрычных вытворцаў, якія строга сочаць за складам і якасцю прадукцыі.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».