Вы тут

Спецыялісты расказалі пра асаблівасці выяўлення і небяспекі наркатычных рэчываў


Рэспубліканскі пералік наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў утрымлівае больш за 700 пазіцый. Згодна з міжнароднай практыкай, калі спецыялісты выяўляюць структуру рэчыва, якое можа з'яўляцца псіхатропным, або заўважаюць псіхатропны эфект матэрыялу, яго ўносяць у гэты спіс. Многія з пералічаных падкантрольных наркасродкаў амаль не сустракаюцца ў Беларусі, як, напрыклад, экзатычныя ліст шалфею вешчуноў, кветкі блакітнага лотаса, насенне ружы гавайскай. А вось «традыцыйныя» для краіны наркотыкі — раслінныя, якія атрымліваюць з маку і канопляў. Мефедрон і альфа-PVP — асабліва небяспечныя псіхатропныя рэчывы, з якімі спецыялісты таксама сустракаюцца падчас правядзення судовых экспертыз. Даволі часты «госць» і метадон — рэчыва, якое выкарыстоўваецца ў медыцыне. Пра асаблівасці выяўлення, ужывання і небяспекі наркотыкаў расказалі спецыялісты Дзяржкамітэта судовых экспертыз па Мінскай вобласці.


Забруджанасць макавага зерня і «майстры канапляводства»

Бяскрыўдная макавая кветка можа стаць небяспечным наркотыкам, калі за справу бяруцца ўмельцы. Сорт маку, які дадаюць у булкі, і таго, з якога вараць макавую салому, можа быць адзін і той жа, уся розніца ў забруджанасці насення, растлумачыў Аляксандр Харытонік, намеснік начальніка ўпраўлення спецыяльных экспертыз упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Мінскай вобласці:

— Калі насенне недастаткова ачышчанае, на зерне трапляюць пыл і часцінкі макавай саломы. А калі мак рос на паўднёвых схілах Афганістана, то ўтрыманне алкалоідаў у такіх часцінках вельмі высокае. І з паўкіло такога забруджанага зерня можна атрымаць дозу экстракцыйнага опіуму. У Беларусі практыкуецца падыход да нулявога забруджвання насення — праз граніцу прапускаецца толькі ідэальна чыстае зерне, якое наркатычнай небяспекі не нясе. Аднак можна правесці забруджванне опіумам насення спецыяльна, і з такіх зярнят наркаманы таксама вараць сабе «кайф».

А каноплі, якім цяпер таксама аб'яўлена вайна, у савецкія часы лічыліся каштоўным тэхнічным прадуктам, і найлепшыя спецыялісты ў гэтай галіне атрымлівалі значкі «Майстру канапляводства». Са сцяблін расліны рабілі вяроўкі, а з насення — алей ды падкормку для вадаплаўных. Аднак вырошчваць яе на падворку нельга, таксама як і прыродныя псілацыбінавыя грыбы, якія маюць галюцынагенны эфект. Аднак ёсць умельцы, што вырошчваюць «чароўныя грыбочкі» і ў памяшканні. Прычым, гэта высокаадукаваныя асобы, бо для росту такой грыбніцы патрэбныя аўтаматычныя кантролеры вільгаці, святла і тэмпературы. Часцей сустракаюцца і «лабараторыі» па вырошчванні канопляў на гідрапоніцы (без глебы).

— А ёсць яшчэ кактусы-пеёты, у якіх утрымліваецца мескалін — псіхатропнае амфітамінападобнае рэчыва. Першапачаткова такія кактусы сушылі індзейцы і выкарыстоўвалі ў сваіх абрадах, каб уваходзіць у транс, — дадаў Уладзімір Сухадолец, галоўны эксперт упраўлення спецыяльных экспертыз упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Мінскай вобласці. — Некаторыя прышчэпліваюць пеёты на звычайныя кактусы для больш хуткага росту.

Сезонныя, медыцынскія, прэкурсоры...

Летам, калі растуць мак і каноплі, рэчываў з іх паступае на судовую экспертызу больш. Не ў сезон эксперты даследуюць, як правіла, марыхуану, якая засталася з лета, або імпартную, радзей бывае гашыш. А восенню і ўзімку пераважаюць сінтэтычныя наркасродкі, псіхатропныя гатовыя да ўжывання рэчывы, у прыватнасці, мефедрон і альфа-PVP.

— З пэўнай перыядычнасцю (некалькі разоў на год) з'яўляюцца хвалі наркасродкаў, якія не набываюць шырокага распаўсюджвання (гераін, какаін, экстазі, ЛСД, амфетаміны), — удакладніў Аляксандр Харытонік. — Раней метадон у чыстым выглядзе сустракаўся досыць рэдка. Наркаманы, купляючы дозу, дзялілі яе папалам: адну ўжывалі, а ў другую — дадавалі рэчыва-напаўняльнік і перапрадавалі іншаму, які рабіў тое ж самае, пакуль нарэшце не заставаўся толькі напаўняльнік са слядамі метадону. Цяпер жа з пункту гледжання «хіміі» прыходзіць вельмі чысты метадон, у яго менш спадарожных прадуктаў і прэкурсораў. І калі былыя наркаманы ўжываюць дозу, зыходзячы з таго, што яна такая ж разбаўленая, якой была раней, то пакідаюць гэты свет ад перадазіроўкі. Тым больш там усё ж могуць быць пабочныя прадукты ад хімічных рэакцый падчас вытворчасці наркотыку. Так што казаць пра аптымальную для кайфу, але не смяротную дозу вельмі цяжка.

У рэспубліканскім пераліку прэкурсоры падзяляюцца на дзве катэгорыі. Першая: рэчывы, якія выкарыстоўваюць у працэсе вырабу наркасродкаў. Гэта могуць быць ацэтон, воцатная кіслата, чырвоны фосфар, талуол — тое, што многімі выкарыстоўваецца ў штодзённым жыцці. Праўда, каб лічыцца прэкурсорам, яны павінны быць даволі канцэнтраванымі (фактычна, рэактывамі): воцатная кіслата, напрыклад, — мець 80 % і больш. Другая: рэчывы, з якіх атрымліваюць псіхатропы. Яны, як правіла, не сустракаюцца ў быце, а з'яўляюцца падрыхтаванымі да сінтэзу рэчывамі, растлумачыў спецыяліст.

— Наркотыкі, якія ўжываюцца ў медыцыне, таксама сустракаюцца не толькі ў бальніцах, але і ў быце. Напрыклад, прэпараты клоназепам ці трамадол, якія ўжываюць наркаманы, што стаяць на ўліку і атрымліваюць рэцэпт на іх атрыманне. Існуе і метадоназамяшчальная тэрапія, калі чалавека, які ўжываў цяжкія наркотыкі, стараюцца пазбавіць фізічнай залежнасці.

Парашкі, мікранаслаенні, хімічныя формулы

Лабараторыя судовых экспертыз, дзе за год праводзіцца больш чым 1000 даследаванняў наркасродкаў, падчас якіх вывучаецца звыш чатырох тысяч аб'ектаў, падзелена на дзве зоны. У першай адбываецца агляд аб'ектаў, узяцце прадстаўнічай пробы і пробападрыхтоўка. Судовы эксперт аглядае аб'екты, фатаграфуе іх, распакоўвае спецыяльны пакет, звярае яго змесціва з дакументамі і ізноў робіць здымкі. Пасля праводзіць візуальны агляд і вызначае, якая будзе пробападрыхтоўка рэчыва.

— Каб атрымаць аналітычную пробу, трэба зрабіць арганічны раствор наркатычнага сродку. Калі гэта рэчывы расліннай прыроды, напрыклад, макавая салома ці марыхуана, з іх трэба выцягнуць актыўныя рэчывы (алкалоіды), таму праводзіцца экстракцыя. Калі гэта парашок — яго раствараюць. У залежнасці ад віду наркотыку да яго трэба падабраць адпаведнае асяроддзе: кіслае або шчолачнае. Наша аналітычнае абсталяванне не можа працаваць з воднымі растворамі, таму выкарыстоўваецца арганічны растваральнік, на які рэагуе наркотык, — расказаў намеснік начальніка ўпраўлення.

Усе рэчывы судовыя эксперты абавязкова ўзважваюць, вядома, калі гэта магчыма. Даследаваць можна не толькі наркатычныя сродкі, але і мікранаслаенні на аб'ектах, з якімі яны кантактавалі: вагі для ўзважвання наркотыку, трубкі, праз якія яго курылі, і нават пазногці чалавека, які фасаваў рэчыва.

У другой зоне лабараторыі робяць аналіз атрыманай пробы. «Разумнае» абсталяванне — храмата-мас-спектрометр — працуе бесперапынна і пастаянна. Каштуе яно больш за 100 тысяч долараў і спыняецца толькі на некалькі гадзін у год для тэхнічнага абслугоўвання дзяржаўнай паверкі. Гэтую працэдуру, дарэчы, праходзіць абсалютна ўсё абсталяванне лабараторыі: вагі, тэрмометры, цэнтрыфугі, шафы-сушылкі, піпеткі, падкрэслівае Аляксандр Харытонік:

— Працуе апарат па пэўным алгарытме. Доследная проба ўводзіцца ў апарат і праходзіць частку вузлоў. Падчас працэсу іанізацыі рэчыва падзяляецца на кавалкі, і калі пэўны набор гэтых кавалкаў трапляе на мас-дэтэктар, камп'ютар «бачыць», якія менавіта кавалкі сюды дайшлі. Ён піша храматаграму, кожны пікавы паказчык якой азначае пэўнае рэчыва. У выніку апарат ідэнтыфікуе рэчыва, называючы яго хімічную формулу. Ужо па ёй эксперт вызначае, што за наркотык быў у даследаваным растворы.

Уладзімір Сухадолец.

Спыняць спектрометр, акрамя як для тэхабслугоўвання, не варта, паясніў судовы эксперт. Унутры апарата тэмпература 250-295 градусаў. А яшчэ ён пастаянна прадзімаецца геліем. Калі апарат выключыць, то на ўвод яго ў рабочы рэжым спатрэбяцца суткі. Акрамя таго, ён вельмі дарагі ва ўжыванні.

Не заўжды ўсё, што трапляе на судовую экспертызу, з'яўляецца наркотыкам. «Небяспечнымі рэчывамі» могуць аказацца мука, цукар, соль, крухмал. Гашыш, напрыклад, вельмі падобны на гематаген; какаін ці амфетамін — на муку. А мефедрон, альфа-PVP ці метадон (крышталізаваны наркотык) у залежнасці ад ступені здрабнення можна пераблытаць з цукровай пудрай ці соллю для ванны. Тым больш што крышталі альфа-PVP часта падфарбоўваюць у ружовы, чырвоны, блакітны ці сіні колеры.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на тыдзень

Усходні гараскоп на тыдзень

РАК. У першай палове тыдня будзеце актыўна вучыцца новаму і размаўляць з людзьмі. У сярэдзіне тыдня можа змяніцца настрой, з'явіцца дакладнае разуменне сваіх мэт.

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.