Вы тут

Беларускія санаторыі і курорты будуць развіваць кірунак спа-паслуг


Набліжаецца доўгачаканая пара адпачынкаў. Чым запоўніць яе, каб набрацца сіл, кожны вырашае сам. Хтосьці не ўяўляе адпачынак без паездкі да мора, іншыя выкарыстоўваюць вольны час на аздараўленне бліжэй да дома. Тым больш што пандэмія, змяніўшы наша стаўленне да свайго здароўя, вымусіла кожнага стаць больш адказным у гэтым пытанні.


Фота: pexels.com

Бязмежныя магчымасці

Заставацца здаровым прасцей, зручней і танней, чым «аднаўляць здароўе», ужо захварэўшы: сёння людзі з розным узроўнем дастатку гатовыя ўкладваць час і сродкі ў аздараўленне арганізма. Спецыялісты сферы лячэбна-аздараўленчага турызму звязваюць з гэтым узрослы попыт на спа-паслугі ў санаторыях Беларусі.

— Гэта сапраўды вельмі запатрабаваны кірунак у краіне, практычна ўсе санаторыі сёння прапаноўваюць гэты від паслуг, — адзначае дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі. — У нас ужо функцыянуе 10 спа-цэнтраў і каля 20 аддзяленняў у санаторна-курортных арганізацыях.

Асноўны від дзейнасці санаторна-курортных устаноў — медыцынскія паслугі, але ў апошнія гады неад'емнай часткай іх работы стала аздараўленне — паляпшэнне функцыянальных магчымасцяў арганізма без выкарыстання медыцынскіх метадаў, падкрэсліў суразмоўца. Менавіта таму сёння здраўніцы павінны пазіцыянаваць сябе не проста як медыцынскія ўстановы: адпачывальнікам патрэбны аздараўленчыя комплексы, якія даюць магчымасць для адпачынку і аздараўлення і задаюць высокую планку сэрвісу. І такія ўстановы ў нашай краіне ёсць. Тым больш што развіццё менавіта спа-кірунку для Беларусі арганічна.

— Што датычыцца асаблівасцяў Рэспублікі Беларусь, то магчымасці, па сутнасці, бязмежныя, — лічыць Генадзь Балбатоўскі. — Бо ў спа-працэдурах выкарыстоўваюцца гаючыя ўласцівасці вады. А тут патэнцыял менавіта ў Беларусі вельмі вялікі. На тэрыторыі здраўніц у нас выкарыстоўваюць больш за 90 свідравін з мінеральнай вадой.

Спа — гэта метад фізіятэрапіі, звязаны з вадой. Тэрмін паходзіць ад назвы аднайменнага бельгійскага курорта, які набыў вядомасць дзякуючы сваім лячэбным водам. Ёсць і іншае значэнне тэрміна «спа» — «здароўе з вады», ад лацінскага выслоўя Sanіtas per aquam. Сёння спа — сімвал клопату пра здароўе: многія атэлі свету маюць уласныя спа-цэнтры.

— Калі ў шэрагу краін спа-паслугі аказваюцца з выкарыстаннем звычайнай вады, у нашых санаторыях паспяхова развіваюцца методыкі з выкарыстаннем менавіта мінеральнай вады — лячэбнай або лячэбна-сталовай, тут няма перашкод для развіцця і ўкаранення новых метадаў аздараўлення, — падкрэсліў Генадзь Мікалаевіч.

Усім спа!

Спа-кірунак для нашай краіны малады: ён развіваецца ў беларускіх здраўніцах каля 10 гадоў. Далейшае ўдасканаленне спа-паслуг знаходзілася ў цэнтры ўвагі рабочай групы па развіцці лячэбна-аздараўленчага турызму Міжведамаснага савета па турызме пры Савеце Міністраў. Круглы стол адбыўся ў санаторыі «Юнацтва», дзе калісьці пачыналася развіццё айчыннага спа, а сёння функцыянуе спа-цэнтр еўрапейскага ўзроўню.

— У гэтага кірунку не такі ўжо вялікі стаж развіцця, — адзначыў Генадзь Балбатоўскі. — За 10 гадоў немагчыма ўсё прывесці да эталона. «Юнацтва», мабыць, прыклад эталона, спа-цэнтр тут адпавядае міжнародным патрабаванням. У цэлым жа ў нас 105 устаноў санаторна-курортнага лячэння, і ўсе яны, за выключэннем студэнцкіх санаторыяў і прафілакторыяў, у тым ці іншым выглядзе аказваюць спа-паслугі. Але толькі трэцяя частка санаторна-курортных устаноў аказвае іх сапраўды на высокім узроўні. Таму сёння мы ставім перад сабой задачу вывесці гэтыя паслугі на такі ж высокі ўзровень, на якім аказваюцца ў беларускіх санаторыях паслугі лячэбныя.

Калі развіццё кірунку спа толькі пачыналася ў нашай краіне, ён быў арыентаваны на прыцягненне замежных грамадзян, адзначаюць спецыялісты. У Заходняй Еўропе гэты від адпачынку вельмі папулярны і даўно вядомы. Сёння цікавасць да спа-працэдур ёсць і ў нашых суайчыннікаў, кажуць яны.

Здароўе ў прыярытэце

За апошнія гады сфера спа-паслуг атрымала сваё афармленне з пункту гледжання заканадаўства. Для яе функцыянавання неабходныя і досыць спецыфічнае абсталяванне, і кваліфікаваныя кадры. Спецыялісты распавялі, што практычна ўсе кадры ў сферы спа-паслуг у нашай краіне маюць медыцынскую адукацыю.

— Па сутнасці, у нас не задзейнічаны ў сферы аказання спа-паслуг людзі, у якіх няма медыцынскай адукацыі, як гэта бывае ў іншых краінах, — адзначыў Генадзь Балбатоўскі.

Але ці ўсюды мэтазгодна развіваць кірунак спа?

На думку эксперта, у першую чаргу далейшае развіццё спа-паслуг неабходна пры наяўнасці добрай матэрыяльна-тэхнічнай базы — гэта значыць, у санаторыях вышэйшай і першай катэгорый.

— Тым не менш мы бачым станоўчы вопыт аказання такіх паслуг і ў санаторыях больш нізкага цэнавага сегмента. Сёння санаторыі працуюць ва ўмовах свабоднага рынку, і калі б не было попыту, уласнікі не займаліся б развіццём гэтага кірунку.

Відавочна, што wellness і спа-праграмы запатрабаваны ў большай ступені ў людзей з дастаткова высокім узроўнем даходу. Хоць імкненне сачыць за сваім здароўем як адзін з прыярытэтаў назіраецца сёння ў грамадстве ў цэлым.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.