Вы тут

Самара з беларускім каларытам


Навіны з горада на Волзе праз прызму абласной грамадскай арганізацыі беларусаў і выхадцаў з Беларусі «Руска-Беларускае Братэрства 2000» — ад нашага няштатнага карэспандэнта.


Зорка Марыны з ансамбля «Сузор’е»

Салістка беларускага вакальнага ансамбля «Сузор’е» Марыс Прус паспяхова паўдзельнічала ў адкрытым міжрэгіянальным конкурсе «Алый парус»: у старэйшай моладзевай групе ў намінацыі «Паэзія» атрымала дыплом Лаўрэата 1 ступені.

Вынікі літаратурнага конкурсу, які ладзілі Цэнтр пазашкольнай работы «Поиск» гарадской акругі Самара і абласная арганізацыя маладых літаратараў, падвялі на пачатку лютага 2022 года. І вось радасная вестка: Марына Прус ушанавана дыпломам Лаўрэата 1 ступені: за верш «Нет важнее семьи». Зорка вядомасці таленавітай дзяўчыны ўзыходзіць і дзякуючы таму, што яна — салістка беларускага вакальнага ансамбля «Сузор’е» (мастацкая кіраўніца — Алена Кірылышава). Дзейнічае ж творчы калектыў пры Самарскай абласной грамадскай арганізацыі беларусаў і выхадцаў з Беларусі «Руска-Беларускае Братэрства 2000». Верш Марыны — своеасаблівы заклік да ўсіх берагчы шчасце ў сямейным коле:

«...Мир здесь ярче, теплее, добрее
Смех здесь громче и так нежно греет.
Сердце тает, а разум светлеет.
Нет важнее семьи, нет важнее!»...

Марына Прус на гістарычным фэсце

Нарадзілася Марына Прус 29 лістапада 1988 года, закончыла Паволжскую дзяржаўную сацыяльна-гуманітарную акадэмію (цяпер: Самарскі дзяржаўны сацыяльна-педагагічны ўніверсітэт). Адзначым, што ў гэтай установе з 1932-га па 1946 год загадваў кафедрай заалогіі Андрэй Мельнічэнка — наш зямляк з вёскі Казіміраўкі Лоеўскага раёна Гомельшчыны. З 21 ліпеня 1943 года ён выконваў абавязкі дырэктара Куйбышаўскага педінстытута, а ў студзені 44-га назначаны там дырэктарам. Што да Марыны Алегаўны, то яна працавала настаўніцай музыкі, цяпер — настаўніца пачатковых класаў у 1-й школе пасёлка Стройкераміка: гэта ў муніцыпальным раёне Волжскі Самарскай вобласці. Болей за 15 гадоў Марына ў суполцы «Руска-Беларускае Братэрства 2000», у складзе прысуполкавых ансамбляў «Каданс» і «Сузор’е» шмат выступала як у Расіі, так і ў Беларусі. А нядаўна пачала браць удзел і ў фестывалях гістарычнай рэканструкцыі «Энколпион».

Вершы пачала пісаць яшчэ школьніцай. Прычым на яе тагачасны верш «Самара» Алена Кірылышава напісала музыку — і песня загучала са сцэны, перамагала ў конкурсах-фестывалях мастацтваў. Цяпер вершаў у Марыны ўжо шмат: кніжку можна сабраць. А хутка выйдзе выйдзе зборнік твораў лаўрэатаў конкурсу верш Марыны, «Алый парус», і ў ім будзе адзначаны дыпломам .

Усе сябры суполкі «Руска-Беларускае Братэрства 2000» віншуюць Марыну з поспехам. Новых вышынь у творчасці!

Самарская Масленіца і «Родны кут»

Каб зладзіць найстаражытнае славянскае свята, паядналі свае намаганні як самарскія беларусы, так і партнёры іх па культурнай дзейнасці.

Як адзначае кіраўніца суполкі «Руска-Беларускае Братэрства 2000» Ірына Глуская, сёлета для беларусаў Самарскай вобласці «Масленіца заззяла новымі фарбамі»: бо ўвесь 2022 год прысвечаны ў краіне культурнай спадчыне народаў Расіі. Так што для беларусаў гэта цудоўная магчымасць і самім больш паглыбіцца ў традыцыі нашых продкаў, і расказаць пра іх іншым. Таму педагогі беларускай нядзельнай школы «Родны кут» Іна Сухачэўская і Наталля Меліхава, актывісты моладзевага аддзялення суполкі на чале з Юліяй Цяплянскай вырашылі зладзіць у Самары Масленіцу з беларускім каларытам. Падключылі партнёраў з Цэнтра пазашкольнай адукацыі «Творчество» — і ўсё атрымалася на славу.

Педагогі ў займальнай, гульнявой форме расказалі юным гасцям свята пра адметнасці Масленіцы ў Беларусі: тут яна і Масленка, і Сырніца. Вяскоўцы ведаюць: да прыходу Масленага тыдня каровы на падвор’ях ацяліцца паспяваюць, ёсць малако ў хатах. Таму ў Беларусі, сцвярджаюць знаўцы, на Масленіцу прынята есці не толькі бліны, але ж і сырнікі ды варэнікі.

І пра дзеі абрадавыя быў на свяце аповед. А гандляры з розным таварам прыйшлі, пры тым спявалі, карагоды вадзілі ды ўсіх у гурт далучалі. Дзеткі з «Роднага кута» акунуліся ў масленічныя гульні-забавы, як кажуць, з галавой.

А яшчэ й даведаліся заадно ад педагогаў, што кожны дзень Масленіцы мае сваё значэнне. А заканчваецца Масленічны тыдзень Даравальнай Нядзеляй. Паводле беларускіх традыцый, пасля вячэры сядзеў гаспадар хаты, а да яго па чарзе падыходзілі браты і сыны, пасля жанчыны. Кланяліся да зямлі, казалі: «Даруй, бацька родны, калі чым саграшыў (саграшыла) перад табой справай ці языком». Выслухаўшы ўсіх, гаспадар у сваю чаргу кланяўся да зямлі ўсёй сям’і, просячы, такім чынам, прабачэння за ўсе і свае грахі ды памылкі. Пэўна што такая, глыбока хрыясціянская па духу традыцыя спрыяла ўмацаванню родавых сувязяў, прыўносіла дух дабрыні, міласэрнасці ў хаты і сэрцы. І як жа важна, будзем шчырымі, каб падобныя традыцыі прадаўжаліся і ў нашым часе. Яны ж не страцілі свой высокадухоўны, пазітыўны патэнцыял — гэта многія з нас традыцыі бацькоў страцілі.

Мікалай БОЙКА

Фота з сямейнага архіва Марыны ПРУС

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.