Вы тут

Саломка, праца і натхненне


Майстрыха Ніна Барысюк, доўга жывучы ў Крыме, знаходзіць натхненне для творчасці ва ўспамінах з беларускага дзяцінства

Сёлета ў Ніны Мікалаеўны юбілей: споўніцца 15 снежня 70 гадоў. Запланавана персанальная выстава яе работ. А карціны майстрыхі з саломкі неверагодна прыгожыя, аб’ёмныя. Хто бачыў іх, задаецца пытаннем: адкуль вытокі таленту?


Помніцца, упершыню я любавалася карцінамі Ніны Барысюк у 2011-м у Ялце: на выставе «У вянок Максіму», прамеркаванай да 120-х угодкаў Максіма Багдановіча. Тады прадставілі свае працы таксама іншыя нашы крымскія землякі: ювелір Пётр Якубук, майстар дэкаратыўна-прыкладной творчасці Людміла Цімашчук. Усе трое былі адзначаны дыпломамі Пасольства Беларусі ва Украіне. На той выставе была й дэлегацыя з Беларусі. Ганаровыя госці прыехалі ўшанаваць памяць класіка, урачыстасці праходзілі пад дэвізам «Паэт прыгажосці, святла, любові».

Пазней мы пазнаёміліся з зямлячкай, і яна згадала, як неяк ехала на ровары з Краснаперакопска, дзе жыве, на дачу: «у вёску». Накрапваў дожджык, твар і валасы яе былі мокрыя. Спачатку над дарогай быццам нехта цёмны купал нацягнуў — і раптам прарваліся з-за хмар яркія промні. У той жа момант яна ўбачыла на вясковай дарозе каласкі са сцяблінамі:

«Ляжаць, золатам на сонцы гараць... А на іх рэдкія дажджынкі ззяюць блакітам, з чырванаватым адценнем: як прывітанне з Беларусі... Ой, зашчымела сэрца маё па роднай вёсцы... І ўбачыла ўжо нібы наяве — карціны з саломкі: лясы, азёры, палі, кветкі ды зялёныя дрэвы, беларусы ў нацыянальным адзенні...»

Вось такім было яе Азарэнне. І быццам само Неба вывела Ніну Мікалаеўну тады на патрэбную жыццёвую дарогу. Бо якраз на пачатку 90-х вяла яна яшчэ фотагурток, аднак з хімрэактывамі пачыналіся перабоі, з’яўлялася іншая фотатэхніка — адчувала: трэба зменьваць профіль гуртка. І вось такая знаходка: дзівосныя каласкі на дарозе. Так і аформіўся ў яе новы гурток: саломапляцення ды аплікацыі з саломкі. Новая форма творчасці, новыя сэнсы-фарбы ў жыцці.

А не складана было пачынаць новую справу? «Хвалявалася, вядома ж... Але слухала сэрца, ішла за сваёй творчай фантазіяй. Спадзявацца можна было толькі на сябе, на генетычную памяць: у нас жа ў вёсцы, на Слонімшчыне, вельмі моцныя былі традыцыі рукадзелля. Калі рабіла кампазіцыю можа з сотні дэталяў з саломкі, то захаплялася так, што й часу не заўважала. Ну нездарма ж у нас кажуць: дзе няма ахвоты, там няма й работы. Так і ёсць, я на сабе ўсё адчула». Так родныя беларускія традыцыі саломапляцення, аплікацыі саломкай у сонечным Крыме яе падтрымалі. Яна іх прадаўжае, развівае.

Нарадзілася Ніна Барысюк у вёсцы Лыскі, у Слонімскім раёне Гродзеншчыны ў 1952 годзе. І дзяды-прадзеды яе, і бацькі-беларусы (Мікалай Мікалаевіч Нуцко ды Ганна Канстанцінаўна, у дзявоцтве Захара) жылі ў той жа вёсцы. Ніна шостым дзіцем была ў сям’і: да вайны яшчэ нарадзіліся Яўген і Міхась, у 1944-м Марыя, потым Віктар (1946) і Мікалай (1950). Ганна Канстанцінаўна была Маці-гераіняй, адпаведны медаль атрымала. Бацькі, а падрастаючы і дзеці працавалі ў калгасе «Усход». Праўда, бацьку Ніна не памятае: у 1952-м трагічна загінуў, і маці сама гадавала дзяцей. Узаемадапамога, сяброўства ў сям’і былі заўсёды, панавала і атмасфера любові адзін да аднаго. Тры браты прайшлі тэрміновую вайсковую службу. Сёстры былі выдатнымі рукадзельніцамі: пралі, ткалі, вязалі: «Мы ўсёй сям’ёй плялі з лазы кошычкі ды вялікія кашы — для бытавых патрэб. Так што ўменні мы ўпітвалі, як кажуць, з малаком маці».

Ніна закончыла сярэднюю школу ў Сянькоўшчыне: адзіная ў сям’і атрымала сярэднюю адукацыю. У 1970-м пераехала жыць у Крым, паступіла вучыцца ў Сімферопальскі навучальна-вытворчы камбінат бытавога абслугоўвання. Набыла спецыяльнасць фатографа, тры гады адпрацавала — і потым у Краснаперакопску 20 гадоў кіравала фотагуртком у Доме дзіцячай і юнацкай творчасці. А потым «пераключылася» на дэкаратыўна-прыкладную творчасць: гурток стварыла, вучыла дзетак рамяству.

Сотні вучняў дзякуючы Ніне Барысюк фотасправу асвоілі, удасканальвалі майстэрства, годна прымалі ўдзел у гарадскіх і рэспубліканскіх фотавыставах. Затым гурток яе профіль змяніў — і беларуска прадоўжыла з новымі вучнямі «шлях у краіну Прыгажосці». Нават на пенсіі вяла ў школе гурток «Золотой стебелёк», і сама па гэты час актыўна ўдзельнічае ў працы студыі «ЯнтаРА», якая дзейнічае пры Краснаперакопскім Палацы культуры. Каштоўны імпульс для творчасці, згадвае, дала згаданая вышэй выстава. Тады ж, 2-3 снежня 2011 года ў Ялце, у клубе Чарнаморскага флоту «Ялта» ладзілася ўрачыстая вечарына «Разам ляцець да зор», прысвечаная юбілею Максіма Багдановіча.

Удзел, у тым ліку разам з вучнямі, у розных мастацкіх праектах і выставах. Дыпломы. Граматы. Грамадскае прызнанне.... Усё гэта ёсць у жыцці ўраджэнкі Слонімшчыны. Майстар дэкаратыўна-прыкладной творчасці Ніна Барысюк паспяхова паўдзельнічала і ў 4 Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных славянскіх народаў Расіі «Родные напевы» (Феадосія, 2021). Работы яе разам з лепшымі работамі іншых майстроў Рэспублікі Крым трапілі ў расійскі міжрэгіянальны культурны праект «Караван городов. Путь созидания»: выстава экспанавалася ў многіх гарадах Расіі.

Для яе і ўдалечыні ад Бацькаўшчыны родная зямля — невычэрпная крыніца натхнення. Пра тое сведчыла й выстава «Думы аб сваёй старонцы» (2019) у Краснаперакопскім Палацы культуры. Назву дала ёй сама Ніна Барысюк, экскурсаводам была яшчэ адна беларуска: Людміла Цімашчук (яе родавыя карані — з Вілейскага раёна), кіраўніца студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «ЯнтаРА». Людміла расказала, што супляменніца займаецца аплікацыяй з саломкі ўжо 25 гадоў, самавукам усё спасцігала, пераймала лепшае ў іншых майстроў. Паступова выпрацавала свой стыль, методыку працы з саломкай. Сама ж вырошчвае на дачы авёс, пшаніцу, жыта, ведае пару збору раслін. Бо, каб працы зіхацелі натуральнымі колерамі, патрэбны вялікае старанне, цярпенне і любоў да такой творчасці. Менавіта багацце адценняў зыходнай саломкі разам з фантазіяй і творчасцю аўтаркі даюць магчымасць пераўтвараць, вобразна кажучы, салому ў золата. Ствараць дзівосныя выявы раслін, птушак, жывёл. Яшчэ Людміла згадвала, як разам з Нінай Мікалаеўнай працавалі яны ў Цэнтры дзіцячай і юнацкай творчасці, даведаліся пра сваю беларускую роднасць — так і пачалося іх творчае і жаночае сяброўства. Цяпер яны разам і ў нашай суполцы «Беларускі Крыма» імя Еўфрасінні Полацкай. Родныя людзі знайшлі адзін аднаго ўдалечыні ад Беларусі, адна другой рукі падалі — так і рухаюцца ў творчасці па жыцці.

«Займацца саломкай буду, пакуль магу нешта зрабіць: спыніцца не магу, — казала мне нядаўна Ніна Мікалаеўна. — Працаваць трэба: бо нічога ж само не зробіцца!». У яе творчым арсенале, дарэчы, больш за сто ўнікальных работ з саломкі. А яна па-ранейшаму атрымлівае радасць не толькі ад закончанай працы — і ад шляху, па якім рухаецца да мэты. А якім дзівосным бачыць беларуска цуд Жыцця — тое праяўляецца ў яе працах. На чарзе яшчэ адна, вельмі знакавая: задумала майстрыха стварыць партрэт Еўфрасінні Полацкай... з аўсянай саломкі. Дзеліцца сакрэтамі: «Для працы рэжу саломку ад каленца да каленца, сартуючы па таўшчыні. Верхняя не надта падыходзіць — бо вузкая, ніжняя — грубая, а сярэдняя ў самы раз. Аўсяная саломка мае прыгожае жоўтае адценне. А калі нарыхтоўваць яе ў розныя тэрміны, то будуць адценні: ад зялёнага да залатога. З тымі колерамі й працую. Заліваю саломку кіпенем — яна становіцца мяккай, пластычнай, рабі з яе што душа пажадае».

Аплікацыю з саломкі «Еўфрасіння Полацкая» зямлячка плануе закончыць да лета і падарыць працу суполцы «Беларускі Крыма» імя Еўфрасінні Полацкай. А будзе тое на чарговым Фестывалі беларускай культуры «Пад заступніцтвам Еўфрасінні Полацкай»: мы мяркуем правесці яго 5 чэрвеня ў Еўпаторыі. 

Фотарэпрадукцыі работ Ніны Барысюк можна пабачыць тут.

Дзіна ШАЎЧЭНКА,

кіраўніца Крымскай рэспубліканскай культурна-асветніцкай грамадскай арганізацыі «Беларускі Крыма» імя Еўфрасінні Полацкай

Фота: Людміла ЦІМАШЧУК (КВЯТКЕВІЧ)​

 

 

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.