Вы тут

Дачнае пытанне: Чаму дачнікі з'яўляюцца аўтарамі 15 % зваротаў у пракуратуру Мінскай вобласці?


«Старшыня ўсё разваліў: то вады няма, то электрычнасці... Інтрыгі, блытаніна з дакументамі, а зараз вось і суды. Надакучыла, хачу прадаць лецішча, а пакупнікі, як даведваюцца аб такой атмасферы, то іх і блізкасць да сталіцы не прыцягвае», — скардзілася камусьці па тэлефоне мая спадарожніца ў гарадской электрычцы. І гэта, на жаль, не выключны выпадак. Праблем, а то і злоўжыванняў у садаводчых таварыствах нямала: дачнікі з'яўляюцца аўтарамі прыкладна 15 % зваротаў ад іх агульнай колькасці ў пракуратуру Мінскай вобласці.


На сходзе не быў, але рашэнне не ўхваляю

Галоўнай праблемай садаводчых таварыстваў з'яўляецца наяўнасць у іх спрэчак па самых розных пытаннях. Нярэдка апошнія з'яўляюцца, калі член СТ фактычна не ўнікаў у дзейнасць таварыства, ігнараваў наведванне агульных сходаў, а потым паўстаюць прэтэнзіі, калі, напрыклад, па рашэнні агульнага сходу патрабуецца ўнесці мэтавы або дадатковы ўнёсак.

— Часта паступаюць скаргі на неправамоцнасць рашэння сходу — напрыклад, не было кворуму, рашэнне незаконнае, — тлумачыць начальнік аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў пракуратуры Мінскай вобласці Павел Гардынец. — Апошнім часам атрымалі шырокае распаўсюджанне завочныя сходы, якія праводзяцца, як правіла, шляхам пісьмовага апытання членаў таварыства. У такіх выпадках заяўнікі скардзяцца, што іх не праінфармавалі аб сходзе, не даслалі ліст. А калі праводзіцца праверка, аказваецца, што ліст адпраўлялі на стары адрас дачніка. Аб новым ён проста не апавясціў праўленне. Кворум можа быць пастаўлены пад сумненне ў тым выпадку, калі, напрыклад, памёр член СТ, а спадчыннікі яшчэ не аформілі дакументы на зямельны ўчастак, у сувязі з чым ва ўстаноўленым парадку не прыняты ў члены таварыства.

Скардзяцца часцей за ўсё тыя, хто на сходзе не быў, а калі даведаўся аб рашэнні, з ім не пагадзіўся.

У Палажэнні аб садаводчым таварыстве замацавана, што агульны сход з'яўляецца найвышэйшым органам кіравання СТ. І, дарэчы, наведваць сход — абавязак члена таварыства. Магу сказаць зусім дакладна: калі б людзі не грэбавалі гэтым абавязкам, умелі слухаць, аргументавана спрачацца, скаргаў было б менш.

Што ж звычайна «не падабаецца»? Не падабаюцца персаналіі, якія атрымалі партфелі старшыні, членаў праўлення і рэвізійнай камісіі, памер членскіх, мэтавых і дадатковых унёскаў, гаспадарчая дзейнасць СТ.

Дзе сваякам няма месца

Многія дачнікі могуць успомніць, як яны з цяжкасцю знайшлі і ўгаварылі чалавека на пасаду старшыні праўлення, бо работа неграшовая і няўдзячная. Але ж так лічаць не ўсе, і далёка не ўсе гатовы займаць гэтую пасаду для рэалізацыі грамадскіх патрэб членаў СТ. Сустракаюцца тыя, хто мае намер выкарыстоўваць старшынёўскую пасаду для асабістай выгады, а калі ім яшчэ пашанцавала з абыякавым праўленнем і такой жа рэвізійнай камісіяй, то ёсць дзе «разгарнуцца».

Напрыклад, цяпер Мінскі РАСК праводзіць папярэдняе расследаванне па крымінальнай справе, узбуджанай пракуратурай Мінскага раёна ў дачыненні да аднаго са старшынь СТ, які, з'яўляючыся службовай асобай, упаўнаважанай ажыццяўляць дзеянні, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў набыў за кошт сродкаў таварыства запасныя запчасткі і ўстанавіў іх на асабісты аўтамабіль.

Старшыня праўлення і казначэй садаводчага таварыства могуць не з'яўляцца членамі СТ. Але казначэем не можа быць асоба, якая з'яўляецца блізкім сваяком старшыні ці членаў праўлення. Да гэтай катэгорыі адносяцца: муж і жонка, бацькі, дзеці, усынавіцелі, усыноўленыя, дзед, бабуля, унукі, родныя браты і сёстры, бацькі мужа і жонкі, цёткі, дзядзькі.

— Калі ў членаў СТ ёсць падставы меркаваць, што казначэй з'яўляецца сваяком старшыні або члена праўлення СТ, першае, што трэба зрабіць, — склікаць сход для разгляду пытання аб датэрміновым спыненні паўнамоцтваў органаў кіравання, — тлумачыць Павел Гардынец.

Такім чынам, казначэй не можа быць сваяком старшыні, пры гэтым рабочыя, якія займаюцца абслугоўваннем таварыства, могуць. Калі, вядома, дачнікаў задавальняюць іх заробкі. Так, напрыклад, у адным СТ рабочы па прыборцы кантэйнернай пляцоўкі атрымлівае заробак толькі ў дачны сезон і ўсяго 150 рублёў у месяц. У іншым — за абслугоўванне такой самай пляцоўкі плацяць 300 рублёў і круглы год.

Асобная тэма — дачныя электрыкі. У іх павінен быць шэраг допускаў для работы. Але калі звычайны дачнік просіць паказаць пасведчанне або адпаведныя допускі, то нярэдка ўзнікаюць канфліктныя сітуацыі і ўгаворванне з боку старшыні праўлення.

— Скардзяцца людзі на тое, што электрыкі ўсе работы, у тым ліку такія дарагія, як вынас лічыльніка на вуліцу, выконваюць за наяўны разлік без прад'яўлення квітанцый, чэкаў. Гэта найгрубейшае парушэнне, — кажа Павел Гардынец.

Дык гэта ж адбываецца і ў маім СТ! У нас усе абураюцца і нават ведаюць, што трэба напісаць калектыўную заяву ў падатковую інспекцыю. Але калі даходзіць да справы, наракаюць, што трэба займацца, марнаваць час. Тым часам цэннік у электрыка расце...

Ліміт для старшыні

Вельмі вострае пытанне — як трацяцца ўзносы дачнікаў кіраўніцтвам СТ.

— Трэба ведаць, што старшыня праўлення можа аднаасобна распарадзіцца сумай да 25 базавых велічынь у год. На сёння гэта 800 рублёў. Для праўлення СТ сума ў два разы большая. А на ўсе выдаткі звыш 50 базавых велічынь, ці 1600 рублёў, згоду дае агульны сход, — тлумачыць Павел Гардынец. — Спрэчкі часцей за ўсё ўзнікаюць, калі ажыццяўляюцца дарагія работы, напрыклад, устаноўка агароджы па перыметры тэрыторыі садаводчага таварыства, пракладка камунікацый, набыццё абсталявання. Дапушчальна, што на сходзе прагаласавалі: ставім агароджу за 8000 рублёў. Пасля з'яўляецца чалавек, які ведае, дзе гэтую ж паслугу можна набыць на 3000 рублёў танней. Разгараецца канфлікт. Часцей за ўсё так адбываецца ў тых СТ, дзе належным чынам не наладжана камунікацыя паміж праўленнем і членамі СТ. Мы жывём у час высокіх тэхналогій. У кожным СТ ёсць агульны чат. У ім можна і трэба абмяркоўваць пытанні жыццядзейнасці таварыства, загадзя рыхтавацца да сходу пры ўмове, што праўленне дэманструе адкрытасць, гатоўнасць да ўзаемадзеяння з усімі членамі СТ.

Суседзі не заўсёды вінаваты

Чым яшчэ «грашыць» кіраўніцтва СТ? Напрыклад, усе работы ад кашэння травы ў месцах агульнага карыстання да расчысткі снегу выконвае адзін і той жа індывідуальны прадпрымальнік. Дачнікі падазраюць нядобрае. На падставе іх заявы ў праваахоўныя органы праводзіцца праверка, падчас якой высвятляецца, што ў гэтага прадпрымальніка няма ніякай тэхнікі. Ён атрымлівае ўмоўныя 100 рублёў ад СТ, наймае субпадрадчыка, якому плаціць 60 рублёў. У акце выкананых работ паміж садаводчым таварыствам і ІП, зразумела, субпадрадчык не фігуруе. А з астатніх 40 рублёў 20 прадпрымальнік пакідае сабе, а 20 аддае старшыні СТ. Зацікаўленасць кіраўніцтва СТ у такім супрацоўніцтве з ІП цалкам зразумелая.

Ці ўсе доказы дачнікаў, выкладзеныя ў скаргах, знаходзяць сваё пацвярджэнне і патрабуюць умяшальніцтва пракуратуры?

— Не ўсе, — кажа Павел Гардынец. — Напрыклад, адзін грамадзянін за некалькі гадоў напісаў іх некалькі соцень. Часцей за ўсё ён скардзіўся на суседзяў. Напрыклад, на тое, што яны на сваім участку ўстанавілі дзіцячую пляцоўку. Шмат заяў, якія прадыктаваны звядзеннем асабістых рахункаў паміж дачнікамі. Але і такія звароты не застаюцца без увагі пракурораў.

Зварот у пракуратуру, праваахоўныя органы і суд

Павел Гардынец растлумачыў, што рабіць, калі праблемнае пытанне не вырашаецца ў самім садаводчым таварыстве:

— Варта адзначыць, што грамадзяне не заўсёды ведаюць, у які орган трэба звяртацца з той ці іншай заявай. Напрыклад, калі дачніку па яго просьбе не даюць інфармацыю аб дзейнасці праўлення СТ, не знаёмяць са статутам і правіламі ўнутранага распарадку, не выдаюць кнігу скаргаў і прапаноў, у такіх сітуацыях адпаведны запыт неабходна адправіць на юрыдычны адрас СТ заказным лістом. Калі ж зварот не будзе разгледжаны станоўча ці на яго не паступіць адказ, тады рэкамендаваў бы звяртацца ў мясцовы выканаўчы камітэт. Такога роду звароты, як правіла, не застаюцца без увагі кантралюючага органа ў асобе выканкама.

Спрэчныя пытанні працоўнага права, межаў зямельных участкаў знаходзяцца ў кампетэнцыі суда. Органы ўнутраных спраў прымаюць заявы аб злоўжываннях у фінансава-гаспадарчай дзейнасці. У кампетэнцыі пракуратуры — пытанні выканання заканадаўства. Аднак з якой бы заявай ні звярнуўся чалавек у пракуратуру — яна будзе разгледжана па сутнасці або перададзена для прыняцця адпаведных мер рэагавання ў іншыя органы, або будзе растлумачаны парадак звароту ў суд.

— Павел Аляксандравіч, вы можаце даць рэкамендацыі дачнікам, як мінімізаваць скаргі, канфліктныя сітуацыі?

— Цяпер у свабодным доступе ёсць усе нарматыўна-прававыя акты аб дзейнасці СТ — з імі неабходна азнаёміцца. Акрамя таго, трэба ведаць статут і правілы ўнутранага распарадку таварыства, зразумець і прыняць, што ў дачніка ёсць як правы, так і абавязкі. Чым вышэйшая прававая граматнасць чалавека, тым лепш.

Калі члены таварыства даведаліся аб злоўжываннях з боку праўлення або старшыні, то пытанне аб датэрміновым спыненні іх паўнамоцтваў трэба разгледзець адным з першых. Інакш далейшае знаходжанне на пасадзе можа садзейнічаць прыняццю новых незаконных або сумнеўных рашэнняў, якія давядзецца адмяняць шляхам звароту ў суд.

Дачнікам раю не хавацца за сваім плотам, а актыўна ўдзельнічаць у жыцці садаводчага таварыства. Чым менш абыякавых людзей, тым менш канфліктаў і цікавейшае жыццё.

Лікбез для дачнікаў

Агульны сход лічыцца правамоцным, калі на ім прысутнічаюць, а ў выпадку правядзення завочнага галасавання — прымаюць удзел больш за 50 % ад агульнай колькасці членаў таварыства. У выпадку адсутнасці кворуму наступны сход з тым жа парадкам дня праводзіцца пры яўцы не менш за 25 % ад агульнай колькасці членаў таварыства.

Пытанне аб датэрміновым спыненні паўнамоцтваў органаў кіравання СТ разглядаецца агульным сходам па ініцыятыве 1/4 членаў таварыства або па патрабаванні не менш як 2/3 членаў праўлення, па патрабаванні рэвізійнай камісіі або па прапанове мясцовага выканкама.

Калі ў сходзе ўдзельнічае менш за палову агульнай колькасці членаў таварыства, ён не мае права прыняць рашэнне аб перавыбранні старшыні праўлення.

Калі старшыня праўлення сваімі дзеяннямі або бяздзейнасцю прычыніў урон таварыству, ён павінен кампенсаваць яго ў поўным аб'ёме ў адпаведнасці з ч. 1 п. 49 Палажэння аб садаводчым таварыстве, зацверджаным Указам ад 28.01.2008 № 50 «Аб мерах па ўпарадкаванні дзейнасці садаводчых таварыстваў».

Асоба, якая выбыла са складу членаў таварыства, абавязана на працягу года з дня спынення членства ў таварыстве прадаць зямельны ўчастак, калі ён знаходзіцца ва ўласнасці; распарадзіцца садовым домікам і гаспадарчымі пабудовамі; пагасіць запазычанасць па ўнёсках і пені.

Выключаюць з садаводчага таварыства не за кожную нявыплату. Напрыклад, зямельны падатак не з'яўляецца ўзносам — гэта абавязак фізічнай асобы, а не таварыства. Таму за нявыплату зямельнага падатку выключыць з членаў таварыства нельга.

Маргарыта ДРАЗДОВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.