Вы тут

Разбіраем модныя тэндэнцыі ў макіяжы сезона вясна-лета-2022


Сусветна-вядомыя модныя дамы па-ранейшаму ўплываюць на фарміраванне трэндаў, але сёння адыгрываюць не самую важную ролю. Акрамя фэшн-паказаў, якія кожны сезон задаюць тон, ёсць і іншыя спосабы фарміравання трэндаў. І тут вялікая роля належыць знакамітасцям, модным блогерам, а таксама яркім прадстаўнікам street-style. Калі вы адважны чалавек, які не баіцца прымяраць эпатажныя вобразы, то можаце смела інтэграваць у рэальнае жыццё тыя ідэі, якіх сёння шмат у глянцавых часопісах. Калі сціпласць ваша другое «я», але ад жадання выглядаць модна вы не можаце адмовіцца, раім ўзяць на ўзбраенне толькі самае-самае свежае. Паўсядзённы вобраз таксама павінен адпавядаць часу! 

Разам з чэмпіёнам Беларусі па візажу Вікторыяй Чэчынай разбіраем трэнды ў макіяжы сезона вясна-лета 2022. 


Палітра

Некалькі нечаканым у гэтым сезоне стала трапленне ў топ трэндаў адценняў карычневага колеру. Нюдавы, тэракотавы, горкі шакалад і бронза прысутнічаюць усюль: у ценях, бліскаўках, памадах і алоўках для вуснаў. Прычым сёлета ў трэндзе так званае «ідэальнае супадзенне». Напрыклад, колер ценяў можна падбіраць у тон сукенцы, альбо спалучыць колер ценяў з такім жа адценнем памады. 

Цені

У гэтым сезоне на піку папулярнасці эфектныя флуарысцэнтныя цені. Сухія, прэсаваныя. Выбірайце тыя, якія будуць зручнымі для вас у карыстанні і падыйдуць вам па тэкстуры. Памятаем: каб цені дольш пратрымаліся на павеках, наносіць іх трэба на спецыяльную базу. 

Румяны

Мастхэв у касметычцы кожнай модніцы ў гэтым сезоне румяны. Наносіць іх можна не толькі на шчокі, але на віскі і верхнія павекі. Раю прыгледзець вадкія румяны, якіх сёння шмат у асартыменце магазінаў касметыкі. Галоўнае падабраць іх адценне ў колер вашай скуры, навучыцца якасна растушоўваць, і свежы румянец будзе доўга вас радаваць.

Памада

Мода на глянцавыя вусны вяртаецца ў гэтым сезоне. Бляск для вуснаў абавязкова спатрэбіцца для макіяжа на кожны дзень. Матавая памада крыху здае пазіцыі, але прыбіраць яе далёка не трэба: яна па-ранейшаму актуальна для вячэрняга макіяжа, а яшчэ яе можна выкарыстоўваць у дуэце з бляскам для вуснаў. 

Што тычыцца вячэрняга макіяжу, то першымі з б’юці-кейсаў можна смела даставаць чырвоныя памады як класічных, так і ягадных адценняў. Перад тым, як выходзіць у свет, прыйдзецца папрактыкавацца ў стварэнні чырвоных вуснаў. Чырвоная памада прадугледжвае ідэальна роўны контур, які ствараецца пры дапамозе алоўка ў колер памады. Прыхільніцам нюдавага макіяжа рэкамендую вясной набыць жамчужна-ружовую памаду, якая выглядае на вуснах вельмі далікатна і чароўна. 

Бровы

Яшчэ адно новаўвядзенне ў макіяжы сезона вясна-лета 2022 — натуральны макіяж броваў. А для дзёрзкіх модніц броў-мэйк сёлета яшчэ больш смелы: дзяўчаты хаваюць пад касметыкай натуральнае адценне броваў.

Стрэлкі

Многія лічаць, што стрэлкі — атрыбут вячэрняга макіяжа, але гэта не зусім так. Па-першае, не трэба маляваць доўгія чорныя лініі — дастаткова акуратна падвесці вочы, зрабіўшы ў кутках вачэй невялікі хвосцік. Па-другое, у 2022 годзе на піку папулярнасці яркі макіяж. Такім чынам, можна смела эксперыментаваць з каляровымі падводкамі. 

Стразы і прынты

Дзеля вячэрняга выхада ў свет, напрыклад, пахода ў клуб, можна звярнуць увагу на выкарыстанне ў макіяжы «прынтоў» і стразаў, каляровага глітэра ці бліскавак. У свеце сафітаў такія акцэнты дапамогуць вам па-сапраўднаму заззяць!

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Фота з архіва Вікторыі Чэчынай

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.