Вы тут

У пастаяннай гатоўнасці


Пакуль супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях даставалі з возера ў вёсцы Старына, што ў Мінскім раёне, патанулы аўтамабіль і рыбака, які кінуўся на дапамогу кіроўцу і сам апынуўся ў вадзе, у цэнтр аператыўнага кіравання МНС паступіў новы сігнал. Непадалёк ад гэтага ж вадаёма ўспыхнуў пажар — гарэў лес.


Пажарныя прыбылі аператыўна. У такіх выпадках важная кожная хвіліна. Гэта разумеюць і супрацоўнікі лясгаса: пакуль на месца здарэння ехала пажарная тэхніка, для таго каб не дапусціць распаўсюджвання агню, трактар пачаў абворваць зямлю. Ратавальнікі ўключыліся ў работу — і пажар быў паспяхова ліквідаваны. Тым часам высветлілася, што ў лесе згубіліся людзі, у тым ліку дзеці: спалохаўшыся агню, яны кінуліся ў гушчар, у выніку заблудзіліся. Ва ўзаемадзеянні з Міністэрствам лясной гаспадаркі і органамі ўнутраных спраў супрацоўнікі МНС пачалі пошукава-ратавальную аперацыю.

Людзей, безумоўна, знайшлі. На шчасце, пацярпелых падчас узгарання не было. З экасістэмай — таксама ўсё ў парадку. Надзвычайнае здарэнне ў вёсцы Старына нават не трапіла ні ў адну зводку МНС. А ўсё таму, што і лясны пажар, і надзвычайнае здарэнне на вадзе, і тыя, хто заблукаў у лесе, — справа рук саміх ратавальнікаў: нягледзячы на пажаранебяспечную абстаноўку ў краіне, планавыя вучэнні ніхто не адмяняў.

Тэмы вучэнняў падказваюць самі людзі, а канкрэтна — сітуацыі, у якія яны часцей за ўсё трапляюць. З наступленнем вясны, як правіла, пачынаецца пажаранебяспечны перыяд. Як толькі ўстанаўліваецца сухое надвор'е, людзі пачынаюць прыводзіць у парадак свае прысядзібныя тэрыторыі. Пры гэтым спальваюць смецце і леташнюю траву. У большасці выпадкаў такое «навядзенне парадку» на зямлі заканчваецца пажарам. Па стане на ўчарашні дзень толькі на тэрыторыі Мінскай вобласці зарэгістравана 1086 пажараў у прыродных экасістэмах. Асноўнымі прычынамі ўзгаранняў традыцыйна з'яўляюцца неасцярожнае абыходжанне з агнём, выпальванне сухой травяной расліннасці. І праблема ў тым, што людзі ніяк не могуць усвядоміць, што травяныя палы імгненна распаўсюджваюцца, асабліва ў ветранае надвор'е. Самастойна спыніць агонь чалавек ужо не ў сілах.

— Ратавальнікі Мінскай вобласці штодзённа выязджаюць на ліквідацыю надзвычайных сітуацый, і, вядома, каб быць у пастаяннай гатоўнасці, мы адпрацоўваем навыкі на занятках і вучэннях, — адзначыў начальнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей ЛАПАНОВІЧ. — На гэтым планавым вучэнні адпрацаваны тры ўводныя: ліквідацыя наступстваў дарожна-транспартнага здарэння, пажару ў экасістэме і пошук людзей, якія згубіліся ў лесе. Толькі летась нам паступіла больш чым сто паведамленняў аб грамадзянах, якія згубіліся ў лесе. Нам пастаянна даводзіцца адточваць свае навыкі. Шчыльна працуем з Міністэрствамі лясной гаспадаркі, унутраных спраў, узаемадзейнічаем з валанцёрамі. Ужо сёлета зафіксаваны тры выпадкі пошуку людзей у лесе. Што датычыцца пажараў, то з пачатку года толькі на Міншчыне адбылося звыш тысячы пажараў у экасістэмах, на якіх загінулі два чалавекі.

Як заўважыў Сяргей Лапановіч, вучэнні, якія праводзяцца, максімальна набліжаны да тых праблем, якія ёсць: у першую чаргу аналізуюцца паведамленні ад насельніцтва, якія паступаюць у МНС. Пачынаецца дачны сезон, людзі наводзяць на сваіх участках парадак, спальваюць сухую расліннасць, спрабуюць запаліць у печы, але не заўсёды, паводле яго слоў, гэта атрымліваецца зрабіць бяспечна.

І ў такім выпадку ёсць некалькі сцэнарыяў развіцця падзей. Усе з іх акурат падчас падобных вучэнняў адпрацоўваюцца ратавальнікамі. Абавязкова — ва ўзаемадзеянні з супрацоўнікамі міліцыі, медыкамі, леснікамі, дарожнікамі, электрыкамі і іншымі кампетэнтнымі спецыялістамі. І менавіта зладжаныя дзеянні сапраўднай каманды прафесіяналаў дапамогуць справіцца не толькі з умоўным здарэннем, але і з сапраўднай надзвычайнай сітуацыяй.

Вераніка КАНЮТА

Мінскі раён

Фота Мінскага абласнога ўпраўлення МНС

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.