Вы тут

Ахмет Курбанняпесаў – туркменскі перакладчык Максіма Багдановіча


Класіка беларускай паэзіі Максіма БАГДАНОВІЧА, які пры жыцці выдаў адзін паэтычны зборнік — «Вянок», добра ведаюць у многіх краінах свету.


Вершы неўміручага Максіма перакладзены на многія мовы народаў свету. І апошнімі гадамі з’явіліся новыя публікацыі перакладаў славутага папярэдніка сучасных беларускіх паэтаў у розных краінах свету. Выйшла кніга М. Багдановіча ў Таджыкістане, яшчэ адзін зборнік — у Славакіі. А таксама — у Сербіі, дзе жыве і працуе сапраўдны паўнамоцны прадстаўнік беларускай літаратуры, добры сябар Беларусі Даяна Лазаравіч.

Імёны перакладчыкаў часам губляюцца ў цянётах памяці, асабліва — у такія часіны, калі рушацца традыцыйныя літаратурныя сувязі. Хацелася б нагадаць яшчэ адно імя перакладчыка паэзіі Максіма Багдановіча: на туркменскую мову яго вершы пераўвасобіў Ахмет Курбанняпесаў. Ён плённа працаваў у туркменскай савецкай літаратуры ў 1960-1980-я гады. Адну з кніг А. Курбанняпесава для выдавецтва «Советский писатель» пераклаў на рускую мову Уладзімір Кастроў. Аўтарытэт гэтага паэта даволі высокі. І, відавочна, ужо тое, што ён узяўся за пераклад твораў свайго туркменскага паплечніка па мастацкай ніве, носіць шматзначны характар.

Мне давялося сустракацца з Ахметам Курбанняпесавым у рэдакцыі газеты «Эдэбіят ве сунгат» («Літаратура і мастацтва»), дзе ён тады працаваў. Ён цікавіўся беларускай літаратурай, распытваў у мяне пра беларускіх класікаў. І тое нямногае, што я тады мог распавесці, успрымаў вельмі ўважліва, штосьці імкнуўся ўдакладніць... Сімпатычны чалавек, вопытны літаратар, ён тады працаваў у кагорце такіх прафесіяналаў, як Тыркіш Джумагельдыеў, Яўшан Аннакурбанаў, Шадурды Чарыкуліеў, Какабай Курбанмурадаў, Агултэч Аразбердыева, Алаяр Чурыеў, Какалы Бердыеў, Газель Шакуліева... Дасведчаныя, настойлівыя, яркія творцы, яны складалі цікавую каманду рэдакцыі літаратурна-мастацкага штотыднёвіка. У «Эдэбіят ве сунгат» у тыя, 1980-я, гады былі надрукаваны творы беларускіх пісьменнікаў Пімена Панчанкі, Янкі Брыля, Івана Чыгрынава, Алеся Жука, з нарысамі ў газеце выступаў беларус Мікола Калінковіч. Мне ўдалося надрукаваць у «Эдэбіят ве сунгат» артыкулы, рэцэнзіі, нататкі, прысвечаныя творчасці Барыса Мікуліча, Аркадзя Марціновіча, Янкі Купалы, Петруся Броўкі...

Ахмет Курбанняпесаў пераклаў вершы Максіма Багдановіча для анталогіі беларускай дзіцячай літаратуры ў перакладзе на туркменскую мову — «Ачык асман», якая выйшла ў выдавецтве дзіцячай і вучэбнай, асветніцкай літаратуры «Ачык асман». Тут прыпамінаецца такая гісторыя... Багдановічам цікавіўся і народны паэт Туркменістана Керым Курбанняпесаў. Магчыма, якраз яму спярша і замаўляліся гэтыя пераклады. Але ў час, калі праца па падрыхтоўцы анталогіі пачыналася, у 1988 годзе Керым-ага пайшоў з жыцця. І, відавочна, выдавецтва «Магарыф» звярнулася да Ахмета Курбанняпесава... Так у кнізе «Ачык асман» («Яснае сонейка») з’явіліся творы беларускага класіка.

Светлай памяці Ахмет Курбанняпесаў і зараз — у полі зроку туркменскіх чытачоў. Магчыма, яны згадваюць і яго перакладчыцкую працу. А мы будзем помніць, што менавіта гэты літаратар спрычыніўся да ўшанавання Максіма Багдановіча ў Каракумскім краі.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».