Вы тут

Кніжныя навінкі. Нарач чакае нас!..


Мастацкая літаратура заўсёды служыла роднай прыродзе, апявала хараство рэк і азёр, расказвала аматарам чытання пра тую асалоду, якую прыносяць чалавеку сустрэчы з рознымі асяродкамі прыроды, з лясамі, лугавінамі, палеткамі… Чытанне многіх старонак беларускай прозы і паэзіі – гэта адкрыцці хараства, прыгажосці, якая падаравана нашаму краю ўсявышнімі сіламі, хараства, якое раскідана невядомым сейбітам па розных адрасах…


Памятаеце: «Льецца Нёман паміж гораў,/ Поўны сілы і красы,/ У далёкія прасторы/ Гоніць воду праз лясы...»; «Неспадзяваны мароз, раптоўна наваліўшыся на Палессе пасля некалькіх ціхіх і мяккіх дзён на сходзе зімы, пратрымаўся нядоўга. Надвор’е змянілася адразу. Паветра стала цёплым і лагодным, а над далечамі балот і палёў звісла сінеча-смуга — адзнака цяпла і адлігі. Асеў глыбокі снег па лясах і балотах. Зычліва калыхнуў паўднёвы вецер настыўшыя галіны, атрос засеўшыя на іх белыя снежныя покрывы, з песняю на веснавы лад прайшоўся над акачанелымі хмызнякамі і весцю аб вясне шарагнуўся па саламяных стрэхах сялянскіх хат...» І ў Якуба Коласа, і Івана Мележа, у Янкі Маўра, у Міхася Лынькова, у Івана Пташнікава, у творах другіх беларускіх класікаў такіх малюнкаў словам — жывых і цёплых — нямала.

Як нямала ілюстрацый толькі пра рэкі, азёры, пра хараство блакітнага покрыва беларускай зямелькі — у творах сучасных пісьменнікаў Беларусі, якія сабраны ў выданні «Блакітная кніга: зборнік твораў беларускіх пісьменнікаў» (Мінск, Выдавецкі дом «Звязда», 2022).

Разам сабраны казкі, нарысы, апавяданні Пятра Васючэнкі, Анатоля Бутэвіча, Генадзя Аўласенкі, Янкі Галубовіча, Сержа Мінскевіча, Васіля Шырко, Наталлі Кісялёвай, Людмілы Рублеўскай, Алеся Карлюкевіча, Уладзіміра Ліпскага, Алеся Бадака, Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, Алены Маслы, Франца Сіўко, Анатоля Зэкава, Валерыя Кастурчына, Наталлі Бучынскай, Алены Бабурэвіч. Дарэчы, у 2009 годзе была выдадзена «Блакітная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў». Новая кніга — крыху скарочанае выкладанне таго самага зборніка. Укладальнікам у абодвух выпадках выступае Алена Масла. Мастак выдання — вядомы кніжны графік Тамара Шэлест. Яе ўмелае, па-сапраўднаму майстэрскае валоданне колерамі ўражвае, гаворыць пра высокі талент святлабачання.

У «Блакітнай кнізе...» — арганічнае спалучэнне розных літаратурна-мастацікх адкрыццяў з мастацкімі знаходкамі ілюстратара. Фактычна афармленне яднае ўсе тэксты, робіць кнігу цэласнай. Героі, канешне ж, ва ўсіх творах розныя. Рэкі ў кнізе з імёнамі, спортам займаюцца рыбкі-вадамеркі, нехта Дэстаран да Віліі сватаецца, Падводным уладарствам кіруе гаспадар Вадзянік... Жывуць на старонках не толькі шчупакі і платва, а — і сам Яго Вялікасць Сом... Гэтая легендарная рыба-велікан — у некалькіх творах аўтараў зборніка («Сом-агароднік» Генадзя Аўласенкі, «Казка пра сама Сёму» Валерыя Кастручына, «Сомік» Васіля Шырко). Займальныя сюжэты, прыгоды, якія ўмяшчаюцца літаральна ўсяго на некалькіх старонках, робяць кнігу надзвычай прыцягальнай. Яе старонкі — і для самастойнага чытання хлопчыкамі і дзяўчынкамі, і для выхаваўчай працы на пазакласных мерапрыемствах. Зборнік — яшчэ і добры мастацкі падручнік па арганізацыі экалагічнага выхавання ў школе і ў дзіцячых дашкольных установах. 

Асобныя старонкі выдання — і спроба зазірнуць у гісторыю беларускага прыродазнаўства. Пісьменнікі імкнуцца высветліць альбо, крыху дамысліўшы, зазіраюць у паходжанне гідранімічных назваў, зазіраюць у сутнасць тых іншых паданняў і легенд. Нават геральдыку, гербы гарадоў даследуюць з пункту гледжання ўвагі да рачной, азёрнай тэматыкі. Такога кшталту мастацкія, мастацка-дакументальныя звароты носяць радзімазнаўчы характар, спрыяюць развіццю ў хлопчыкаў і дзяўчынак дапытлівасці, жаданняў ісці па шляху адкрыццяў.

Гартаючы старонкі кнігі, наталяешся разуменнем, што варта пакінуць гарадскія кватэры, выправіцца ў вялікія і малыя падарожжы. Бо ўсіх нас чакаюць Нарач і Свіцязь, Днепр і Нёман, Шчара і Свіслач... «Плыла рака між разлеглых палёў, дзе вусатыя каласы буйнымі зернейкамі званілі — нібыта даўнія ваяры сваімі шаломамі ды мячамі. І такім мілым здаваўся хлебасеям гэты звон каласковы, што лепшага і не трэба. А з-за жытніх сцяблін у вадзяныя віры блакітнавокія валошкі пазіралі. І так хацелася ім апынуцца ў чароўным падводным княстве, што хоць ты кідайся ў апраметную глыбіню. Але іх адгаворвалі гаманкія ліловыя кветкі-званочкі, перасцерагалі венцаносныя белыя рамонкі. Час ад часу наднёманскія насельнікі спляталі разнаколерны вянок і ў раку апускалі. Каб аддзячыць Нёману за ягоную ласку і спрыянне. За тое, што без шкадавання поіць усё, што расце на берагах, птушак, якія ў галінах дрэў дзетак сваіх даросласці вучаць, звяроў, якія з цянётаў лясных да вады нёманскай прыпадаюць, смагу наталяе» («Як Нёман хацеў вуграм дапамагчы» Анатоля Бутэвіча).

Старонкі «Блакітнай кнігі...», перавыданне якой, відавочна, сапраўды запатрабавана, — добры напамін пра тое, што зборнікі такога характару робяць болей пазнавальнай і беларускую літаратуру. Кніга знаёміць з творчасцю адразу цэлай кагорты таленавітых пісьменнікаў, асобныя аўтарскія кнігі якіх складаюць паўнавартасную бібліятэку. Некалі быў выдадзены падобнага фармату яшчэ адзін цікавы мастацкі прыродазнаўчы зборнік — «Лясная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў» (укладальнік — вядомы празаік і паэт Алесь Бадак). У 2008 годзе ў выдавецтве «Літаратура і Мастацтва». Прайшоў час, вырасла новае пакаленне юных чытачоў, якім, пэўна, ідэі, выкладзеныя ў творах аўтараў "«Лясной кнігі...», пададуцца надзвычай цікавымі.

Застаецца дадаць, што наклад выдання «Блакітная кніга: Зборнік твораў беларускіх пісьменнікаў» — 1100 экзэмпляраў. І набыць кнігу можна ў кнігарнях ААТ «Белкніга» (іх у розных гарадах Беларусі — болей як 100) і ў кнігарні «Акадэмкніга» па адрасе: Мінск, праспект Незалежнасці, 72. Альбо — у самім Выдавецкім доме «Звязда» па адрасе: Мінск, вуліца Захарава, 19.

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

РАК. У першай палове тыдня будзеце актыўна вучыцца новаму і размаўляць з людзьмі. У сярэдзіне тыдня можа змяніцца настрой, з'явіцца дакладнае разуменне сваіх мэт.

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.