Вы тут

Як творчая інтэлігенцыя БССР адстойвала старажытную Нямігу


На лісце 1970 года ў ЦК Кампартыі — вельмі лаканічная рэзалюцыя: «Пазнаёміць сакратароў ЦК і тт. Шарапава В. І., Кавалёва М. В. ...» Аўтар такой пазнакі: Пётр Міронавіч Машэраў. 


Пісьмо прысвечана Нямізе — старажытнаму гістарычнаму цэнтру беларускай сталіцы. Аўтары — прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі рэспублікі, вядомыя мастакі, пісьменнікі, акцёры... Усяго — 49 падпісантаў. Давайце пералічым: народны артыст СССР Рыгор Шырма, скульптар, народны мастак БССР Андрэй Бембель, кампазітар, народны артыст СССР Яўген Цікоцкі, пісьменнік Максім Лужанін, пісьменнік Янка Скрыган, пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і БССР Янка Брыль, пісьменнік Іван Навуменка, пісьменнік Уладзімір Караткевіч, народны артыст СССР Леанід Рахленка, народная артыстка БССР Галіна Макарава, старшыня Саюза мастакоў БССР Віктар Грамыка, мастак Уладзімір Басалыга, пісьменнік Вячаслаў Адамчык, пісьменнік Васіль Вітка, пісьменнік Уладзімір Юрэвіч, пісьменнік Сяргей Грахоўскі, пісьменнік Анатоль Клышка, пісьменнік Рыгор Бярозкін, мастак Алеся Паслядовіч, мастак Натан Воранаў, скульптар Сяргей Селіханаў, пісьменнік Аляксей Русецкі, пісьменнік Рыгор Барадулін, пісьменнік Барыс Сачанка, пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР Алесь Бачыла, пісьменнік Лідзія Арабей, пісьменнік Уладзімір Дамашэвіч, пісьменнік Рыгор Шкраба, пісьменнік Васіль Зуёнак, доктар філалагічных навук Навум Перкін, доктар філалагічных навук Юльян Пшыркоў, кандыдат філалагічных навук Мікола Грынчык, кандыдат філалагічных навук Павел Дзюбайла, кандыдат філалагічных навук Вячаслаў Чамярыцкі, кандыдат філалагічных навук Дзмітрый Бугаёў, кандыдат філалагічных навук Іван Чыгрын, кандыдат філалагічных навук Адам Мальдзіс, кандыдат філалагічных навук Віктар Каваленка, пісьменнік Анатоль Вярцінскі, кандыдат філалагічных навук Марыя Барсток, кандыдат філалагічных навук Міхась Ярош, малодшы навуковы супрацоўнік А. Мажэйка, доктар філалагічных навук Алесь Адамовіч, дырэктар Інстытута мовазнаўства АН БССР Міхаіл Суднік, кандыдат філалагічных навук Мікола Прашковіч, пісьменнік Мікола Лобан, скульптар Ігар Краўчанка. І яшчэ — невядомы мастак, чый подпіс не расчыталі (машынапісны тэкст звароту быў падпісаны кожным ад рукі; ужо ў ЦК, відавочна, склалі дакладны спіс і надрукавалі прозвішчы падпісантаў на машынцы)... Па таму, якім быў склад падпісантаў, можна зразумець, што ідэя звярнуць увагу на гістарычны цэнтр Мінска ўзнікла ў Акадэміі навук, у Інстытуце літаратуры. Бо сярод падпісантаў — і Адам Мальдзіс, і Вячаслаў Чамярыцкі, і Міхась Ярош, і Алесь Адамовіч, і іншыя, а ўжо да іх, зразумела, далучыліся пісьменнікі, знаёмыя мастакі. 

«Паважаны Пётр Міронавіч! 

Культурная грамадскасць беларускай сталіцы ўстрывожана далейшым лёсам цэнтра старажытнага Мінска. Горад-герой, горад-партызан, ён быў амаль зусім разбураны фашысцкімі захопнікамі, і таму помнікаў гісторыі і архітэктуры збераглося ў ім мала. Усе яны размешчаны на параўнаўча невялікай тэрыторыі — па вул. Няміга, Астроўскага, Бакуніна, Герцэна, Рэвалюцыйнай, Музычнаму завулку, плошчы Свабоды. Тут знаходзяцца найцікавейшыя помнікі архітэктуры XVIII — XIX стст., будынкі, звязаныя з устанаўленнем Савецкай улады ў Беларусі, з дзейнасцю мінскага падполля...» 

Культурная грамадскасць... Вядомыя сярод гледачоў, слухачоў, чытачоў людзі, аўтарытэтныя дзеячы культуры звярталіся ў вышэйшую інстанцыю ўлады, бо разумелі, што пытанне носіць і ідэалагічны характар. Хаця ліст напісаны і асцярожна, па зместу відаць і падтэкст... «На нашу думку, гэты старажытны цэнтр горада абавязкова трэба — у адпаведнасці з Законам аб ахове помнікаў, прынятым нядаўна сесіяй Вярхоўнага Савета БССР — зберагчы як музейна-запаветную зону...» Так у лісце: «запаветную». Хутчэй за ўсё — памылка пры друку на машынцы. Патрэбна: «музейна-запаведную». Але як гучыць гэтая памылка?! «Запаветную...», запавет, Няміга як сімвал беларускай даўніны, як частка горада, якую павінны бачыць нашчадкі, Няміга, якая сама па сабе шмат што зможа расказаць будучым пакаленням... Маўклівы запавет прашчураў... І далей (ізноў з літарай «Т» замест «Д»...): «...як турысцкі запаветнік, што садзейнічала б ідэйна-патрыятычнаму і культурнаму выхаванню нашага насельніцтва і, апрача ўсяго іншага, прыносіла б (пры добрай арганізацыі справы) таксама і даход». Аўтары ліста пішуць даволі акуратна, шукаюць аргументы, якія ніякім чынам не парушалі б ідэйна-палітычныя складнікі ўлады, уяўленні Камуністычнай партыі і яе кіраўніцтва пра вартасці даўніны, яе рэзервы ў выхаванні гісторыка-патрыятычных памкненняў грамадства. Хаця, і з гэтым нельга не пагадзіцца, гісторыя — небяспечны мост для злучэння, для еднасці мінулага і сучаснасці...

Чытаем далей: «На жаль, у адпаведнасці з планам рэканструкцыі цэнтра ўвесь гэты раён (за выключэннем Пабернардынскага сабора) мяркуецца знесці і забудаваць новымі будынкамі, што, без сумненя, нанясе гораду непапраўную шкоду, бо пазбавіць яго рысаў гістарычнай непаўторнасці...» «Панабернардынскі сабор» — размова, пэўна, пра кляштар бернардынцаў альбо пра былую царкву Святога Іосіфа, у якой зараз знаходзіцца Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва... Вяртаемся да ліста: «...У першую чаргу небяспека пагражае старажытнай Нямізе, дзе, у сувязі з пракладкай будучай магістралі, дамы пачынаюць ужо зносіць. А між тым магістраль, якая плануецца на месцы Нямігі, можна было б пракласці ў абход (па вул. Дзімітрава і Рэспубліканскай) або пусціць па падземным тунелі. Некаторыя затраты, неабходныя для будаўніцтва тунеля, з лішкам акупіліся б, таму што, па-першае, быў бы захаваны цэнтр горада, па-другое, быў бы захаваны яшчэ прыдатны для жылля (пасля адпаведнай рэканструкцыі) жылы фонд, што асабліва важліва ў святле рашэнняў снежаньскага Пленума ЦК КПСС 1969 года, і, па-трэцяе, будаўніцтва такога тунеля садзейнічала б ліквідацыі вулічнага шуму ў гэтым густанаселеным раёне. 

Старажытны цэнтр Мінска павінен быць захаваны для нашых сучаснікаў і нашчадкаў як памяць пра працоўныя і гераічныя справы беларускага народа». 

Цікава, як ствараўся, як задумваўся, як рыхтаваўся гэты дакумент грамадскай трывогі за гістарычную спадчыну? Хто непасрэдны аўтар тэкста? Мо Уладзімір Караткевіч? Ці Адам Мальдзіс?.. Мо Мікола Прашковіч? Ці Алесь Адамовіч..? Цікавым падаецца і такое назіранне. Ліст не падпісаў Іван Шамякін, які з 1954 года працаваў намеснікам старшыні Саюза пісьменнікаў. Не падыйшлі з просьбай арганізатары? Ліст не падпісаў народны пісьменнік Беларусі, віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук БССР Кандрат Крапіва. Не падпісаў Максім Танк... Магчыма, да іх і не адважваліся падыходзіць з такімі клопатамі калегі-пісьменнікі...Безумоўна, іх подпісы надалі б звароту ў ЦК іншую вагу. Не падпісаўся і ніхто з архітэктараў. Чаму?!. 

Зварот творчай інтэлігенцыі доўга хадзіў па кабінетах «зацікаўленых». І 16 ліпеня 1970 года на імя сакратара ЦК КПБ А. Смірнова прыйшоў адказ, падпісаны старшынёю Дзяржбуду БССР У. Каралём і старшынёю выканкама Мінскага гарадскога савета дэпутатаў працоўных М. Кавалёвым. Дзяржбуд БССР і выканкам Мінскага гарадскога савета дэпутатаў працоўных разгледзеў пісьмо групы відных дзеячаў беларускай культуры і мастацтва ў сувязі з рэканструкцыяй раёна Нямігі, адрасаванае першаму сакратару ЦК КП Беларусі таварышу Машэраву П. М., паведамляюць наступнае. 

Ва ўсіх пасляваенных генеральных планах гор. Мінска раён, які прылягае да вул. Нямігі, падвяргаўся рэканструкцыі. Гэта, галоўным, чынам абумоўлівалася тымі абставінамі, што адзіна магчымай трасай праходжання заходняга дублёра Ленінскага праспекта з’яўляецца вул. Няміга — Мяснікова. Таму на гэтай трасе ўжо ажыццёўлены за пасляваенныя гады шэраг рэканструктыўных мерапрыемстваў: пабудаваны пуцепровад для развязкі руху па вул. Нямігі і Паркавай магістралі на розных узроўнях, пабудаваны новы мост праз р. Свіслач. Прапусціць рух па дублёру Ленінскага праспекта пад Нямігай, як гэта прапаноўваецца ў пісьме, немагчыма, бо там, як вядома, у жалезабетоннай трубе вялікага дыяметра працякае рака Няміга. У роўнай ступені зусім немагчымая і другая прапанова аўтараў пісьма — пракладка дублёра па вуліцы Дзімітрава і Рэспубліканскай. 

Пракладка дублёра па трасе Нямігі з’явілася тэмай спецыяльнага абмеркавання пры падвядзенні вынікаў Усесаюзнага конкурса на эскізны праект цэнтра гор. Мінска. Журы конкурса, куды ўвайшлі выдатныя горадабудаўнікі краіны, пацвердзіла правільнасць пракладвання трасы магістралі па вул. Няміга. 

Акрамя транспартнага аспекта, які ў сучасным горадабудаўніцтве буйных гарадоў адыгывае першачарговую ролю, не меней важны і сацыяльны аспект гэтага пытання. Справа ў тым, што ў раёне Нямігі насельніцтва пражывае ў няздавальняючых санітарна-гігіенічных умовах, пазбаўлена элементарных выгод, што натуральна выклікае шматлікія скаргі. 

Што датычыцца архітэктурна-мастацкай каштоўнасці раёна Нямігі, то за выключэннем некалькіх помнікаў архітэктуры, астатняя забудова не ўяўляе такой каштоўнасці, хаця ў гістарычным плане, як фрагмент старога горада, пры спрыяльных умовах гэты раён мог бы быць захаваным. У гэтай сувязі былі прынятыя намаганні для таго, каб адшукаць магчымасць захавання часткі старой забудовы. У выніку прынята рашэнне пра захаванне фарагмента старога горада ў раёне вул. Астроўскага. Гэтая рэкамендацыя дадзена і ў заключэнні журы конкурса па праектах цэнтра Мінска. 

У гэтым раёне на перспектыву прапаноўваецца стварыць музейна-турыстычную зону горада. Гэтыя прапановы ў цяперашні час прапрацоўваюцца ў праекце дэталёвай планіроўкі і забудовы горада, які рапсрацоўваецца на аснове матэрыялаў ўсесаюзнага конкурса Мінскпраектам. 

Будуць таксама захаваны каштоўныя помнікі архітэктуры, захаваецца і будынак тэатра Янкі Купалы. 

Таму Дзяржбуд БССР і выканкам Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных рашэнне па рэканструкцыі вул. Няміга лічаць правільным і не знаходзяць падстаў для яго перагляду». 

Па-рознаму можна каментаваць адказ высокіх чыноўнікаў. Дарэчы, на ім пакінуў сваю рэзалюцыю ўжо сакратар ЦК КПБ А. Смірноў: «У сувязі з тым, што такія пытанні ўзнікаюць часта, было б мэтазгодным даручыць Гарвыканкаму і Дзяржбуду разгледзець гэтыя пытанні і далажыць у ЦК. Затым, пасля абмену меркаваннямі, пра планы забудовы цэнтра Мінска праінфармаваць аўтараў пісьма і грамадскасць горада...» Зварот творчай інтэлігенцыі, трэба думаць, пачулі. І хаця шмат што з забудоў сыйшло ў нябыт, стары горад зараз ва ўсіх навідавоку. І турыстычна-запаведная (запаветная!) зона зроблена... 

Паспрыяла гэтаму і нераўнадашша пісьменнікаў, мастакоў, дзеячаў культуры...

Мікола БЕРЛЕЖ 

Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.