Вы тут

«Я дагэтуль дрыжу ад страху, калі бачу ў кіно салдата ў касцы...»


Часам даводзіцца чуць, што дзеці, а тым больш малыя, мала што помняць...


За іншых казаць не буду, а сама, як высвятляецца, помню шмат. Да таго ж — гэта на пачатак вайны мне было пяць, а там і шэсць, і сем... Яна, праклятая, цягнулася доўга.

Помню, што тату адразу прызвалі на фронт, і мама тады вельмі плакала, быццам адчувала, што ніколі ўжо не ўбачыць.

Помню, што дзядуля таксама хацеў праводзіць, адвітацца... Ён ехаў з вёскі Града, спяшаўся, але не паспеў. І назад паехаў не адзін: забраў з сабою маму і нас, унукаў: мяне, старэйшую, трохгадовага браціка Геню і сястрычку Зіначку (ёй не было і двух).

Вывозячы нас з Віцебска — я гэта потым зразумела — дзядуля думаў, што ўратуе ад немцаў, аднак у ліпені 1941-га яны былі і ў вёсцы Града: пазабіралі ў людзей кароў, палавілі курэй, пастралялі сабак, самі, павыганяўшы гаспадароў, пасяліліся ў найлепшых дамах... Вяскоўцы апынуліся ў горшых, харчаваліся бульбай, буракамі, капустай. Але не змірыліся: полымя шугала то тут, то там, партызаны падарвалі склад у Асінаўцы і недзе на раз'езде Лычкоўскага...

Здаецца, пасля таго па вёсцы пайшлі чуткі, што людзей некуды пагоняць. Вяскоўцы сталі рыхтавацца. З мукі, якая дзе-нідзе яшчэ заставалася, жанчыны пяклі хлеб, але нават дзецям яго не давалі: сушылі сухары, бо ў дарозе, казалі, без іх не выжыць.

А неяк, помню, усіх павыганялі з хат. Было такое і раней: нас «строілі» на плошчы, каб паказаць, як распраўляюцца з партызанамі. Аднак у той раз на вуліцы стаялі тры падводы, на іх стараста сказаў скласці рэчы... Прагучала каманда — коні рушылі з месца, а за імі — людзі. Немцы з аўтаматамі, у чорных касках-каструлях ішлі па баках. Двое вялі аўчарак. (Столькі гадоў прайшло, а я дагэтуль дрыжу ад страху, калі бачу салдата (нават нашага!) у касцы і вельмі баюся сабак)...

Я ішла разам з усімі, мама несла Зіначку, а Геню — маміна сяброўка. Ішлі моўчкі, ніхто не размаўляў. Бліжэй да вечара апынуліся каля вялікай драўлянай пабудовы («Нейкі свіран ці што?» — не зразумела мама), а людзі раптам захваляваліся. З усіх бакоў пачулася: «Паліцаі! Паліцаі!».

Калі і як немцы «перадалі» нас, я не заўважыла. Помню толькі, што тыя варожыя паслугачы насцеж расчынілі дзверы свірна, з крыкам і мацюкамі, як тую скаціну, сталі заганяць нас унутр. Адна жанчына загаласіла... Тут жа прагучаў выстрал. Не, яе не забілі, але прымусілі сціхнуць.

Маўчалі, не плакалі і ўсе астатнія. Мама потым казала — шкадавалі дзяцей.

А тым часам ужо сцямнела, усе стаміліся — добра было б паспаць, але гэтае памяшканне выклікала хіба што жах. Наш старэнькі сусед у некага спытаў: «Нас спаляць?». Яму ніхто не адказаў, бо адзін з паліцаяў (ці ўсё ж такі партызан?), заганяючы ў свіран, паспеў шапнуць, што зробіць усё, каб мы засталіся жывымі.

Помню грукат дзвярэй, калі іх зачынялі, помню, як замыкалі.

У самім свірне было цёмна і вельмі холадна. Мы сядзелі на нечым бітым, падобным на цэглу. Побач з намі ўладкавалася цёця Фруза з маленькім Мішам. У яе (мама казала) прапала малако, і таму дзіцяці яна давала пажаваны, загорнуты ў марлю сухарык. Але хлопчык усё роўна плакаў, а потым змоўк. Цёця Фруза трымала на руках ужо мёртвага.

Есці, апроч сухароў, не было чаго. І вады ў бітончыку амаль не заставалася, але мама ўгаворвала цёцю Фрузу трымацца і хоць нешта з'есці...

Раніцай, калі развіднела, расчынілася адна палова дзвярэй, потым другая, але выходзіць са свірна ніхто не спяшаўся, бо першае, што мы ўбачылі, быў... досыць доўгі роў. Па баках яго ляжалі свежыя камякі чырванаватай гліны, і яна выклікала сапраўдны жах.

Далей са слоў мамы: «На выхадзе да нас падышоў той самы «паліцай», ціха сказаў: «Перадайце жанчынам, каб кожная ўзяла дзіця...» І тут жа закрычаў: «А ну хутчэй! У шарэнгу! Вунь там!»

Ён паказаў у бок рова».

Мяне мама аддала нейкай цётцы Надзі, і яны, ужо разам, загадалі, каб я тую цётку называла мамай, бо калі так не зраблю, нас заб'юць.

Майго браціка трымала маміна сяброўка, мама — малую Зіну. Побач з імі стаяла цёця Фруза з мёртвым Мішам.

Немцы былі паводдаль. Строй абыходзілі паліцаі. Адзін спытаў у мяне: «Як завуць?» — «Зоя», — адказала я, трымаючы за спадніцу чужую цётку. — «А гэта, — паказаў ён на Надзю, — твая мама?» — «Так» — адказала я.

Потым усіх, хто быў з дзецьмі, пастроілі ў адну калону, хто без дзяцей — у другую. Мы пайшлі, і мне здавалася, што канца ў гэтай дарогі проста няма...

Прыгналі ў вёску Пальчыкі Сенненскага раёна. У адной хаце, апроч гаспадароў (тры чалавекі), пасялілі яшчэ тры сям'і: на падлозе, кожная ў асобным куце. І хоць потым нам давялося галадаць, жабраваць, перанесці тыф, пахаваць малую сястрычку, я шчаслівая, што выжыла, што нас не спалілі, што сярод паліцаяў не ўсе былі злыдні.

...Ужо дарослай, я спрабавала шукаць людзей, з якімі былі ў тым свірне. Знайшла толькі адну жанчыну. Дзесяць гадоў таму яна паказала мне месца, дзе мы маглі загінуць. А больш на мае лісты не адгукнуся ніхто. Трэба зразумець, жывых засталося мала.

Зоя НАВАЕНКА

Глыбоцкі раён

Ад рэдакцыі. Лісты ад ветэранаў Вялікай Айчыннай, ад людзей, якія перажылі жахі вайны, у пошце «Звязды» (а значыць, і на яе старонках) былі заўсёды. Змяшчаліся яны пад рознымі рубрыкамі: «Памяць», «Перажытае-незабытае», «Была вайна»... Сёлета — у Год гістарычнай памяці — адкрываецца новая: «Ваеннае пакаленне — мірнаму пакаленню»... Своеасаблівая эстафета.

Ёсць што ўспомніць, перадаць і пра што расказаць? Пішыце. Кожнае праўдзівае слова для нас каштоўнае.


Знайшлі свой «Пункт росту»

У Віцебскім раёне прайшоў першы форум працоўнай моладзі, накіраваны на выяўленне таленавітых і амбіцыйных спецыялістаў з розных сфер дзейнасці і падтрымку маладзёжных ініцыятыў.

Арганізатары мерапрыемства — аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага райвыканкама і раённы Цэнтр культуры і творчасці — падрыхтавалі для ўдзельнікаў ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў насычаную праграму, у якой была дыялогавая пляцоўка з вопытнымі экспертамі, а таксама — конкурс канцэптуальных прапаноў па развіцці Падзвінскага рэгіёна, экскурсійны тур па музеях Віцебшчыны, камандныя спаборніцтвы па гульні ў лазертаг, трэнінгі і майстар-класы запрошаных спікераў з Віцебска.

Маладыя педагогі ў музеі «Гісторыя Заронаўскага краю».

У першы дзень маладыя спецыялісты аграпрамысловасці, сфер адукацыі і культуры прэзентавалі каля 15 ідэй па развіцці і добраўпарадкаванні паўночнага рэгіёна. Сярод цікавых прапаноў — стварэнне віртуальнага музея, будаўніцтва турлагера з рэстаранам нацыянальнай кухні для сумеснага адпачынку працоўных калектываў Віцебшчыны, актывізацыя і папулярызацыя прамысловага турызму. Аргкамітэт форуму адзначыў спецпрызам лепшую — «Будаўніцтва міні-гасцініцы на базе былой спартзалы ў аграгарадку Заронава», якую прэзентавала Аляксандра Гвоздзева.

Другі дзень, прысвечаны Году гістарычнай памяці, быў насычаны экскурсійнымі маршрутамі па славутых мясцінах Падзвіння. Удзельнікі мерапрыемства ўшанавалі памяць загінулых падчас Вялікай Айчыннай воінаў на мемарыяле ў Заронаве; завіталі ў раённы гісторыка-краязнаўчы музей і прайшліся сцежкамі самага высокага чалавека ў свеце Фёдара Махнова; азнаёміліся з дзейнасцю і дасягненнямі Цэнтра рамёстваў «Адраджэнне»; дакрануліся да зорак у музеі космасу Ноўкінскай школы і нават сышліся ў спаборніцтвах па гульні ў лазертаг на базе ФСК «Ураджай».

У фінальны дзень мерапрыемства маладыя спецыялісты наведалі трэнінг тэлевядучай Наталлі Парфёнавай «Брэндзінг — кіраванне ўражаннем», майстар-клас па аратарскім майстэрстве мастацкага кіраўніка Цэнтра культуры «Віцебск» Кірыла Сіліванава і семінар бізнес-прадзюсара Андрэя Лапіна. Тры гадзіны праляцелі вокамгненна, пакінуўшы карысныя веды і добрыя эмоцыі.

На ўрачыстай цырымоніі закрыцця з натхняльным словам да маладога пакалення звярнулася пераможца рэспубліканскага конкурсу «100 ідэй для Беларусі» Лізавета Іванова з Акцябрскай сярэдняй школы Віцебскага раёна. Яна пажадала моладзі не баяцца марыць, прыдумваць новае і імкнуцца да рэалізацыі ідэй, на сваім прыкладзе падкрэсліўшы, што самыя неверагодныя прапановы могуць стаць карыснымі і знайсці водгук у грамадства.

Удзельнікі форуму «Пункт росту».

Арганізатары і ўдзельнікі «Пункта росту» сышліся ў адным: такі форум павінен стаць добрай традыцыяй у раёне, бо ён сцвярджае адзінства і сяброўства. Наступную сустрэчу маладых спецыялістаў вырашана правесці летам у фармаце турзлёту.

Аляксандра СЛАВІНА


Вярба распускаецца першай

У нашай сям'і — вясковых інтэлігентаў, настаўнікаў — заўжды шанаваліся народныя традыцыі. Напярэдадні вербніцы, напрыклад, мы з сястрой штогод хадзілі па вярбу і наразалі шмат галінак, бо трэба было занесці старэнькім суседкам і дома паставіць у вазу, каб на Вялікдзень упрыгожыць стол...

Але ж найперш рыхтавалі вербачку для асвячэння ў царкве: прыбіралі галінкі самаробнымі кветкамі, барвенкам, ядлоўцам (ён сімвалізуе цярновы вянок), перавязвалі чырвонай шарсцяной ніткай. Потым, калі ў некага пачынала балець рука, яе завязвалі на запясце.

Па дарозе з царквы — і ўжо асвечанымі галінкамі — людзі спяшаліся злёгку пасцябаць адзін аднаго са словамі: «Не я б'ю, вярба б'е. За тыдзень Вялікдзень. Будзь здаровы, як вярба, будзь багаты, як зямля!», альбо «Вярба б'е — бог сілы дае!»

Зычылі яе не толькі людзям. Галінкамі тата заўсёды сцябаў па вуллях з пчоламі, а мама — першы раз выганяла скаціну ў поле.

Асвечанай вярбой у хатах упрыгожваліся іконы. Лічылася, што гэта засцерагае жытло яго ад пажару, а сям'ю — ад розных хвароб і псоты.

Вярба ў Беларусі — дрэва любімае: жывучае, апетае ў песнях. Помніце: «Шумяць вербы...», «А ў полі вярба...», «У суботу Янка...»

Вясной яна распускаецца першай.

Соф'я КАБАРЫХА

Баранавіцкі раён

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.