Вы тут

Дзіцячая пісьменніца Юлія Сноп: Я веру ў сваю кнігу


Сацыяльныя сеткі, нібы алгарытмы таргетаванай рэкламы, сутыкаюць мяне з дзіўнымі і вельмі цікавымі людзьмі. Гэтым разам мая знаёмая на сваёй старонцы паказвала нядаўні набытак — дзіцячую кнігу, якая прызначалася для двух чароўных хлапчукоў. Цёплыя тоны на вокладцы і прыгожы малюнак не пакінулі мяне абыякавай, тым больш у самой падрастае маленькая пляменніца. З гэтага, уласна, і пачалося маё знаёмства з гарадзенкай Юліяй Сноп, аўтарам той самай кніжкі з сацыяльнай сеткі пад назвай «Незвычайныя прыгоды Наташкі і Сашкі».


Усё пачынаецца з дзяцінства

Дзейнасць — пісьменніцтва — цікавілі Юлію з дзяцінства. Таму менавіта з гэтага і пачынаецца яе літаратурная сцежка — вершы, замалёўкі, кароткія апавяданні. Аднак, у якасці будучай прафесіі прыйшлося выбраць нешта больш зямное.

— Я сапраўды марыла стаць пісьменніцай. Але праз час усё гэта забылася, паколькі не было сярод блізкіх людзей прыкладу, якому можна было б рушыць услед або якім можна было б натхніцца. Таму прафесію выбірала па стабільнасці, — дзеліцца гераіня.

Толькі праз некалькі гадоў, калі знойдзецца дастаткова сіл і веры ў сябе, Юля з новымі сіламі і цалкам па-даросламу пагрузіцца ў свет пісьменніцкага майстэрства. Верагодна, яшчэ адным важным штуршком было нараджэнне дачкі Вікторыі. Менавіта яна падказала маме, наколькі важна захоўваць веру ў сябе, нават калі ты вырас.

Людзі купляюць у людзей

— Першы мой чарнавік з’явіўся ад жадання выказаць свае думкі. Толькі пасля чытання навучальнай літаратуры, пасля адпаведных курсаў пачалі з’яўляцца сур’ёзныя чарнавікі будучай кнігі, — дзеліцца малады аўтар. — Перш чым цалкам пагрузіцца ў працу над кнігай, я прайшла курсы «Напішам кнігу» і «З чаго пачаць» у пісьменніцкай майстэрні WriteCreat у будучага рэдактара кнігі Алены Смірновай. Вынікам працы стаў зборнік «З чаго пачаць? Гісторыі пісьменнікаў», куды ўвайшло маё апавяданне «Прырода заўсёды бярэ сваё». Гэта першая мая публікацыя.

У спісе асабістых пісьменніцкіх поспехаў у Юліі яшчэ некалькі літаратурных выступленняў. Пасля ўдзелу ў літаратурных марафонах яна таксама знайшла мноства сяброў, якія падказваюць і дапамагаюць апублікаваць свае творы. У прыватнасці, дзякуючы яшчэ аднаму марафону па пісьменстве быў апублікаваны яе аповяд «Як Савяня Філя паверыў у сябе» ў зборніку «Вясновы мамін куфэрак». Затым клуб аднадумцаў «Ядро» выдаў зборнік «Пішу Дыхаю», дзе апублікавалі Юліна апавяданне «Палёт у шчасце». Аўтар прызнаецца, што шмат у чым фарміраванню пісьменніцкай кар’еры дапамог блог у Instagram (@yuliya_snop), дзе яна распавядае пра сваё жыццё, літаратурныя поспехі і пісьменніцкаю справу. Здаецца, што гэта лепшы спосаб сфармаваць вакол сябе неабыякавую супольнасць, якая не толькі будзе праяўляць цівавасць, але і зацікаўліваць.

Юлія прызнаецца, што толькі праз час набралася смеласці, каб удзельнічаць у сур’ёзных літаратурных конкурсах. Паводле яе слоў, без шанцавання, а месцамі і няўдач, не абышлося. Поспех даставаўся няпроста — у мінулым годзе з шасці пададзеных заявак, да прыкладу, толькі адна дазволіла апублікаваць дзіцячае апавяданне «Што скажуць іншыя», які стаў часткай зборніка «Куфэрак навагодніх цудаў» ад выдавецтва «Перыскоп-Волга».

Гэта, дарэчы, не ўсе літаратурныя поспехі Юлі, але мяне здзівіў той факт, што прарабіць такую працу ёй удалося цалкам самастойна — за сціплымі плячыма дзяўчыны ніякіх знакамітых літаратурных заступнікаў або арганізацый. У чым сакрэт, пытаюся гераіню, а яна ўсміхаецца і глядзіць шчыра ў вочы: «Людзі купляюць у людзей». Гэтая фраза спачатку падалася мне не зразумелай, але пасля аповеду аб марафонах і анлайн-суполках у сацыяльных сетках, я зразумела — сама ж кніжку купіла, бо ўбачыла на старонцы знаёмай.

Перадаць свае каштоўнасці

Юлія кажа, што ўвесь энтузіязм толькі ў ёй самой, і яна змагла знайсці такога ж ілюстратара Анастасію Дзерэўніну, дзякуючы якой кніга атрымалася такой маляўнічай і яркай. Абедзве дзяўчыны з Беларусі, Юлія з Гродна, а Анастасія — з Мазыра. У ілюстратара гэта таксама першая кніга, але дзяўчаты не спалохаліся, а сумесна разбіраліся ва ўсіх тонкасцях выдавецкай справы. Штодзённыя перапіскі і званкі дазволілі пасябраваць дзяўчатам, і яны падбадзёрвалі адна адну, калі ўзнікалі складанасці.

Для Юліі аказалася важным, што блізкія падтрымалі яе незвычайную ідэю напісаць кнігу. І тут гераіня заўважае, што вельмі ўдзячная за падтрымку з боку роднай сястры Алены і сяброўкі Маргарыты.

А яшчэ, мяркую, дачкі Вікі. З усмешкай пытаюся, ці разумее дзяўчынка, што яе мама — пісьменніца? Юля ўсміхаецца ў адказ і заўважае, што вельмі добра разумее. Асабліва, калі яна кажа дачцэ, што ёй трэба папрацаваць.

— Дачка бачыць, як мама задаволеная садзіцца за ноўтбук. Але часам, вядома, даводзілася літаральна пісаць у ваннай з ноўтбукам на каленках, — прызнаецца дзяўчына. — Дома ўсе спяць або адпачываюць, нікога не хочацца турбаваць і будзіць, таму даводзілася зачыняцца і тварыць у паўзмроку.

Усё гэта дзеля перадачы каштоўнасцяў, кажа мая гераіня.

— Я веру ў сваю кнігу. Я ўклала ў яе частку сябе, свайго дзяцінства, мараў і тыя каштоўнасці, якія хачу перадаць сваім дзецям. Планую паўторна адправіць рукапіс па выдавецтвах Беларусі, але ўжо з гатовым макетам кнігі з ілюстрацыямі. А калі не атрымаецца, то проста працягну пісаць далей, — разважае пра планы аўтар.

На пытанне аб моўнай разнастайнасці, Юля прызнаецца, што ўжо задумалася пісаць на беларускай мове. Цяпер яна актыўна прапрацоўвае ідэю другой кнігі і не збіраецца ператвараць пісьменніцтва ў хобі.

— Хачу жыць гэтым, хоць разумею, што будзе няпроста. Але веру, што ўсё магчыма. А ў гэтым і ёсць асноўная ідэя маёй кнігі, — кажа дзіцячая пісьменніца.

«Незвычайныя прыгоды Наташкі і Сашкі» — гэта зборнік апавяданняў для дашкольнікаў і дзяцей малодшага ўзросту. На старонках кнігі іх чакаюць прыгоды двух лепшых сяброў: Наташкі і Сашкі. У кожнай гісторыі — невялікая падзея з навучаннем. Напрыклад, Саша пазнае, што такое рэўнасць да малодшага брата і зразумее, што мама з татам любяць іх аднолькава. Хлопчык адчуе на сабе наступствы дзеянняў, калі здымае шапку на вуліцы і хварэе так, што прапусціць свой дзень нараджэння. А Наташа навучыцца спраўляцца са страхамі, паверыць у сябе, перастане баяцца сабак і засвоіць, што нельга спадабацца ўсім. У канцы героі зразумеюць, што ўсе дзеці асаблівыя, і кожнаму з нараджэння даецца талент. Трэба толькі здолець яго хутчэй адшукаць, шмат трэніравацца і стаць лепшым у сваёй справе.

Дарэчы

У Гродзенскім аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі растлумачылі, што трэба зрабіць, каб стаць часткай афіцыйнай літаратурнай супольнасці. Па словах Дзмітрыя Радзівончыка, намесніка старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення, усё пачынаецца з асабістага знаёмства з аўтарам і яго творчасцю.

Пры гэтым важна мець уласную кар’еру, якая складаецца з літаратурнай і публічнай дзейнасці. Яна ўключае ў сябе выступы перад аўдыторыяй ва ўстановах адукацыі і культуры, у працоўных калектывах, гэта значыць з сустрэч з чытачамі з грамадскасцю, а таксама з публікацый у СМІ і супрацоўніцтве з медыя. Да прыкладу, друк у выданні «Літаратура і мастацтва», «Полымя», «Нёман» і іншыя.

Згодна са статутам Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, для разгляду кандыдатуры прымаюцца заяўкі аўтараў, у якіх ёсць дзве кнігі, публікацыі і шэраг выступленняў.

— Мы можам разгледзець на ўступленне ў Саюз пісьменнікаў кандыдатуру чалавека і з адной кнігай. Усё гэта ў выпадку, калі аўтар вядзе актыўную літаратурную дзейнасць, накіраваны на супрацоўніцтва з шырокімі народнымі масамі, са СМІ і сур’ёзна настроены пра сябе заявіць. Мы разглядаем цэлую панараму літаратурнай і творчай дзейнасці, — заўважыў Дзмітрый Мікалаевіч.

Спачатку кандыдатура аўтара разглядаецца саветам Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Для гэтага трэба прадставіць два асобнікі сваіх кніг ці кнігі, апублікаваныя ў часопісах або газетах публікацыі, калі ёсць — узнагароды, граматы або дыпломы аб перамогах у конкурсах. Усё гэта будзе добра ўспрынята. А пасля заява адпраўляецца ў рэспубліканскі «Дом літаратара» для далейшага ўзгаднення.

Аліса СКІБА

Фота з асабістага архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.