Вы тут

У чым заключаюцца складнікі паспяховасці жывёлагадоўлі Брэстчыны


Даволі значны адрэзак часу Брэстчына трымае лідарства па краіне ў малочнай жывёлагадоўлі, паказчыках удояў малака ад каровы і ўносіць свой важкі ўклад у харчовую бяспеку краіны. На мінулым тыдні адбылося ўшанаванне перадавікоў галіны па выніках работы ў мінулым годзе. Прагучалі не толькі добрыя словы ў адрас віноўнікаў урачыстасці — былі названы асноўныя складнікі паспяховай работы.


На адной з фермаў ААТ «Мурава».

Для пачатку крыху статыстыкі. Брэсцкую вобласць традыцыйна называюць аграрнай. У структуры эканомікі рэгіёна сельская гаспадарка складае 14,3 працэнта. Калі дадаць галіну перапрацоўкі, то гэта будзе больш за палову ўсёй народнай гаспадаркі. Асновай аграпрамысловага комплексу рэгіёна з’яўляецца жывёлагадоўля, якая дае звыш 80 працэнтаў выручкі. Тут выраз «Малочныя рэкі» — не метафара, а, хутчэй, рэальнасць, бо 60 працэнтаў эканомікі жывёлагадоўчай галіны складае рэалізацыя малака. Напрыклад, за дзесяцігоддзе гадавая вытворчасць малака павялічылася больш чым на 700 тысяч тон. Істотна вырасла пагалоўе малочнага статка. 

А галоўнае, значна павялічылася яго прадукцыйнасць. Варта сказаць, што ў малочнай жывёлагадоўлі Брэсцкая вобласць з 2007 года зрабіла каласальны рывок і выйшла па ўдоях малака на першае месца ў краіне.

Старшыня аблвыканкама Юрый Шулейка, які шчыра дзякаваў жывёлаводам за іх работу, нагадаў, што летась вобласць адзіная ў краіне забяспечыла прырост валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі на 100,2 працэнта. За гэтай лічбай стаіць, несумненна, штодзённая праца работнікаў фермаў. Як і за тым, што цяпер сярэдні ўдой на карову ў рэгіёне перавысіў 6,5 тысячы кілаграмаў. Для параўнання была прыведзена лічба 2001 года — тады ад каровы атрымлівалі 2146 кілаграмаў. А сёння ёсць комплексы, якія можна без перабольшання назваць фабрыкамі малака. Напрыклад, у гаспадарцы «Моладава-Агра» Іванаўскага раёна атрымліваюць больш за 12 тон малака ад каровы на год.

Міністр сельскай гаспадаркі краіны Ігар Брыло, які прыехаў асабіста адзначыць брэсцкіх жывёлаводаў, падкрэсліў значнасць экспартнага патэнцыялу рэгіёна. Міністр прывёў такія факты: «Мы выпускаем 828 кілаграмаў малака на душу насельніцтва (гэта адзін з найлепшых паказчыкаў у свеце) і 137 кілаграмаў мяса. Узровень самазабеспячэння малаком у краіне — 256 працэнтаў, мясам — 135. Гэта сведчыць аб тым, што мы поўнасцю насычаем унутраны рынак і больш за палову малака экспартуем. Калі паглядзець у разрэзе Брэсцкай вобласці, то на яе прыходзіцца 26,5 працэнта экспарту. Адсюль відаць, наколькі важны гэты рэгіён у цэлым па экспартным патэнцыяле і агульнай вытворчасці сельгаспрадукцыі».

Усё, пра што сказана вышэй, ілюструе вынікі праведзенай работы. А якімі намаганнямі поспехі дасягнутыя, растлумачылі ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама. Гэта найперш мадэрнізацыя вытворчасці, укараненне новых тэхналогій, што цяпер асабліва актуальна, інфарматызацыя працэсаў. Калі сёння гаворыцца, што жывёлаводы трымаюць першыя пазіцыі ў краіне, то гэта азначае найперш паглыбленую работу па паляпшэнні якасных паказчыкаў малочнай прадукцыі і аднаўленчай здольнасці жывёлы, а таксама павышэнне яе генетычнага патэнцыялу, пароднага складу. У селекцыйнай рабоце вялікая роля належыць «Брэстплемпрадпрыемству». Яго рэсурсы дазваляюць весці мэтанакіраваную селекцыйную работу. Племянны ўлік ва ўсіх гаспадарках вобласці вядзецца ў інфармацыйнай сістэме «Племсправа». Ва ўказаную сістэму ўнесены фактычна ўсе жывёліны.

І яшчэ: добрае якаснае малако можна атрымаць толькі на сучаснай ферме. У галіне жывёлагадоўлі штогод рэалізоўваюцца дзясяткі інвестпраектаў па рэканструкцыі і будаўніцтве жывёлагадоўчых аб’ектаў. На ўрачыстым мерапрыемстве губернатар яшчэ раз падкрэсліў, што рэгіён мае амбіцыйныя планы па нарошчванні аб’ёмаў вытворчасці: «Мы шмат будуем, уводзім новыя аб’екты і фермы пасля рэканструкцыі. Сёлета ў рабоце — 38 жывёлагадоўчых аб’ектаў. Шэсць з іх папярэдне запланавана здаць да Дня Незалежнасці».

На форуме жывёлаводаў, які праходзіў у Кобрыне, была наладжана дэгустацыя прадукцыі перапрацоўчых прадпрыемстваў. Як слушна заўважыў генеральны дырэктар канцэрна «Брэстмясамалпрам» Міхаіл Сяркоў, брэндавыя брэсцкія перапрацоўшчыкі здабываюць прыхільнасць спажыўца выдатнай якасцю сваіх тавараў. Але ж з неадпаведнай сыравіны высакаякасны прадукт харчавання ніяк не зробіш. Таму працаўнікам вёскі ёсць чым ганарыцца.

На сцэну ў гэты дзень падымалася за ўзнагародамі каля 140 чалавек: аператары машыннага даення, лабаранты, тэхнікі-асемянатары, спецыялісты, кіраўнікі. Усе яны датычныя да тых салідных вынікаў, якія дэманструе Брэсцкая вобласць у жывёлагадоўлі. Сярод раёнаў — пераможцаў спаборніцтва ўзнагарод удастоены Бярозаўскі, Драгічынскі, Іванаўскі. Найлепшыя гаспадаркі — ААТ «Аснежыцкае» Пінскага, ААТ «Пескаўскае» Бярозаўскага, ААТ «Новая Прыпяць» Столінскага. Не засталіся без адзнакі і аграрыі ААТ «Мурава» Пружанскага раёна. Не так даўно аўтару гэтых радкоў давялося пабываць на іх ферме і паназіраць, як зладжана працуе калектыў. Усе нацэлены на вынік, усе хварэюць за справу. Навокал чыста і акуратна, каровы выглядаюць дагледжанымі. 

А паказчыкі і вынікі штодзённай работы — у камп’ютары: у любы момант можна пацікавіцца і зрабіць выснову, дзе варта падправіць, што палепшыць. І ўсё малако ў іх ідзе класам «Экстра».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.