Вы тут

Прафесія прадзюсер: даверцеся прафесіяналам!


Прафесія прадзюсер сёння адна з самых запатрабаваных у музыцы, кіно, адукацыі, на тэлебачанні і, нават, у сацыяльных сетках. Чаму? Адказ на гэтае пытанне відавочны. Ёсць людзі-творцы, якія займаюцца стварэннем кантэнту, а ёсць людзі-вытворцы, якія гэтую творчасць арганізоўваюць і прасоўваюць. Калі кожны займаецца сваёй справай, атрымліваецца выдатны вынік, які прыносіць не толькі маральнае, але і матэрыяльнае задавальненне.


Мая суразмоўніца Алеся Кузняцова — генеральны дырэктар прадзюсерскага цэнтра «Залатыя галасы», якая працуе прадзюсерам ужо 17 гадоў. Здаецца, гэтая прафесія была наканавана ёй лёсам. Але, каб дасягнуць узроўню «прафесіянал», спатрэбілася шмат гадоў сур’ёзнай работы, якая працягваецца і сёння. 

— Калі і з чаго пачалася прадзюсерская старонка вашага жыцця? 

— Усё пачалося ў пачатку 2000-х. Але ў той час такая прафесія, як музычны прадзюсер, была вельмі закрытай. Прыйшлося спасцігаць усё на практыцы. Тады я была мама дваіх маленькіх сыночкаў, вучылася ў аспірантуры, але ж душа імкнулася займацца яшчэ нечым. У той час мой муж (лідар арт-группы «Беларусы» Валерый Шмат) пачынае сваю дзейнасць у якасці харавога дырыжора ў федэрацыі прафсаюзаў. І я пачынаю яму дапамагаць: шукаць рэжысёраў, харэографаў. Праз пару месяцаў стала відавочна: праз такую дапамогу я, па сутнасці, стала адміністратарам хору. Вось так я і апынулася ў музычнай сферы. Мой муж не бачыў сябе на эстрадзе (ён выпускнік народнага артыста СССР Віктара Роўды), таму мы пачалі разам займацца хорам. Але ж пытанне, што мы зможам зарабляць хорам, не давала мне спакою. І мая камерцыйная жыла пачала шукаць варыянты. Дапамаглі і прафсаюзы, якія растлумачылі, што хор павінен зарабляць грошы на сябе сам. А, як вядома, кожны крызісны момант — гэта кропка для росту і развіцця. І вось ужо 17 гадоў мы паспяхова займаемся творчасцю!

—У чым заключаецца роля музычнага прадзюсера?

— Насамрэч, ёсць два тыпы музычных прадзюсераў. Першыя прыдумваюць пэўны музычны праект і пад яго набіраюць артыстаў, музычных кіраўнікоў. Яны ствараюць канцэпцыю. Другі варыянт: калі прадзюсер працуе ў пары з артыстам-прафесіяналам, які ўжо вядомы публіцы. Я асабіста вельмі люблю другі варыянт — працаваць з чалавекам, з асобай. Кожны артыст — гэта свая ўнікальная гісторыя. А мы ж ведаем, што самае цікавае для людзей — сторытэлінг, які яскрава праяўляецца ў творчасці. 

Музычны прадзюсер — гэта арганізатар канцэртаў ці маштабных святаў «пад ключ». Гэта яго абавязак. Прадзюсер — гэта чалавек, які павінен быць заўсёды наперадзе і мець магчымасць прагназаваць сітуацыю на наступны дзень. Прафесія прадзюсера можа быць вельмі блізкай да прафесіі рэжысёра і пры неабходнасці гэтыя ролі можна аб’ядноўваць. Што датычыцца мяне, то падчас пандэміі я атрымала прафесію рэжысёра. Такім быў мой асабісты запыт.

— Ваша прафесія вымушае вас сустракацца, весці перагаворы з вялікай колькасцю людзей. Чаго здараецца больш — камунікацыі ці зносін?

— Мне здаецца, адно без другога не існуе. У прафесіі прадзюсера вельмі важная частка работы — гэта стасункі з людзьмі. Многія праекты пачынаюцца з ідэі, якая ўзнікае падчас прыемнай размовы за філіжанкай кавы, а затым пераўтвараецца ў сапраўднае відовішча на вялікіх пляцоўках. Так, напрыклад, узнік фестываль «Вытокі», з якім мы наведалі 7 гарадоў Беларусі. 

— Якімі якасцямі павінен валодаць прадзюсер?

— Самае галоўнае — гэта стрэсаўстойлівасць. З аднаго боку у цябе — заказчыкі і арганізатары, якія заўсёды вельмі патрабавальныя і хвалююцца за праект, які існуе на пэўным этапе толькі у тваёй галаве. З другога боку, гэта артысты — людзі творчыя, а гэта асобы тып тэмпераменту. Прадзюсер павінен добра ведаць заканадаўства, асновы эканомікі, разбірацца ў падатковай сістэме, аўтарскім праве. Каб ведаць, як можна, а як нельга працаваць. Яшчэ адна якасць — камунікабельнасць. Калі вы не любіце размаўляць з новымі незнаёмымі людзьмі, наўрад ці гэтая прафесія для вас. Веданне псіхалогіі, уменне прадаваць і натхняць. Гэтыя веды вельмі дапамагаюць за 5 хвілін зразумець філасофію жыцця і пажаданні чалавека, які да цябе звярнуўся. Валоданне голасам. Калі ты размаўляеш з заказчыкам па тэлефоне, на першы план выходзіць уменне ясна выражаць свае думкі. Ну, і, канешне, уменне спраўляцца з форс-мажорнымі сітуацыямі.

— Дарэчы, можаце нагадаць якую-небудзь форс-мажорную гісторыю з гастроляў?

— Я і сёння памятаю адзін выпадак, які здарыўся падчас канцэрта ў Расіі. Я была маладая і нявопытная. І не магла ўявіць сабе, што, можна запрасіць вакальны калектыў на канцэрт і пры гэтым не даць аніякай апаратуры. Дык вось, мы з арт-гуртом «Беларусы» прыязджаем на пляцоўку, а акрамя сцэны нічога няма. На шчасце, да канцэрта заставалася 4 гадзіны. Мы знайшлі фірму, аформілі пракат апаратуры, усё было хутка дастаўлена і зманціравана. Канцэрт адбыўся! А я для сябе зрабіла вынік: прадзюсер павінен прадугледзіць і пракантраляваць любыя нават самыя відавочныя рэчы.

— Жыццё ў такім стрэсе і такой вялікай колькасці задач вас не стамляе? 

— Я вельмі люблю жыць ва ўмовах шматзадачнасці. Неяк малодшы сын спытаў мяне: «Мама, а чаму ў цябе два тэлефоны?» А таму, што я па адным магу гаварыць, а ў той жа час пры дапамозе другога штосьці занатоўваць, адпраўляць паведамленні. Гэта мой рытм жыцця, я без гэтага ўжо не магу.

— Калі чалавек упэўнены, што такое разнастайнае жыццё — гэта яго лёс, куды пайсці вучыцца, каб стаць прадзюсерам?

— Нягледзячы на тое, што я сама маю адукацыю у іншай галіне і не атрымлівала профільную, каб стаць прадзюсерам, канешне, лічу, што вучыцца трэба. Вышэйшая адукацыя дае чалавеку не толькі дыплом. Перш за ўсё, такая адукацыя дае пэўную сераду і светапогляд, на якія потым вельмі добра накладваецца вопыт. Што датычыцца вопыту, то мой погляд на гэты конт такі. Калі хочаце паспрабаваць сябе ў прафесіі, патрэбна знайсці чалавека, якога вы лічыце у дадзенай сферы прафесіяналам і прымкнуць да яго ў якасці памочніка. Патэлефанаваць і пагутарыць на гэты конт. Калі чалавек насамрэч мае патэнцыял да гэтай работы, вопытны прадзюсер гэта адразу ўбачыць. Практыка і яшчэ раз практыка!

— Каго з вядомых артыстаў беларускай эстрады вы зараз прадзюсуеце?

— Канешне, гэта арт-гурт «Беларусы». Калектыў, з якім я адбылася як прадзюсер. Гісторыя нашага супрацоўніцтва налічвае тэрмін у 17 гадоў! Больш за год я працую з Гюнэш. Яркая спявачка з еўрапейска-ўсходнім каларытам, вельмі таленавітая і запатрабаваная не толькі ў нашай краіне. Але ж я вельмі рада, што яна жыве і працуе менавіта ў Беларусі. Цікавае супрацоўніцтва ў мяне склалася з заслужанай артысткай Рэспублікі Беларусь Жанэт, якое пачыналася з сяброўства. І, канешне, Аляксандр Варанішча, з якім я супрацоўнічаю больш за 10 гадоў, а вось яго канцэртным дырэктарам стала два гады таму падчас пандэміі. Ён настолькі віртуозна грае на балалайцы, што заўсёды выклікае ўсплёск эмоцый у гледача. 

— Што для вас, як прадзюсера, галоўнае ва ўзаемасувязі «артыст—глядач»?

— Задача прадзюсера для кожнага артыста знайсці правільную аўдыторыю, а для кожнай аўдыторыі падабраць правільнага артыста. Каб падчас канцэрта адбываўся сапраўдны абмен энергіяй. Калі пасля канцэрта сярод гледачоў я чую словы: «Мы атрымалі такі зарад, што хочацца ісці і тварыць!», я лічу што мая місія выканана. Мы зрабілі самае галоўнае — дастукаліся да эмоцый гледачоў і падарылі ім добры настрой і радасць! 

— Якімі з сваіх праектаў вы асабліва ганарыцеся?

— З апошніх, гэта, вядома, канцэрт «Мільёны сэрцаў», які прайшоў у Дварцы Рэспублікі 28 студзеня. Ідэя яго правядзення ўзнікла нечакана. І ў арганізатараў на падрыхтоўку было ўсяго 11 дзён і начэй. Разам з рэжысёрамі Уладзіславай Арцюкоўскай і Ганнай Маторнай мы стварылі сапраўднае тэатралізаванае дзеянне, удзел у якім прыняла 1200 артыстаў. Ну, а выдатныя водгукі ад людзей пасля канцэрта, яшчэ раз прынеслі нам радасць і натхненне! 

— «Узнік фестываль», «нарадзіўся праект»... так лёгка пра гэта казаць. А што трэба рабіць, каб ідэя пераўтварылася ў рэчаіснасць?

— Мне часам кажуць знаёмыя: твае мары заўсёды збываюцца. Так, на самой справе мае мары збываюцца. А ўсё ад таго, што калі ў мяне з’яўляецца ідэя, я пачынаю думаць, што я магу зрабіць, каб гэтую ідэю рэалізаваць. І планета пачынае круціцца вакол мяне. У выніку ўсё атрымліваецца. Так было, напрыклад, з гастролямі арт-гурта «Беларусы» за мяжой. Вельмі захацелася вывезці групу ў іншыя краіны. Распрацавала тактыку і стратэгію гэтай ідэі. Запусціла таргетаваную рэкламу ў інтэрнэце менавіта па тым краінам, якія мне былі цікавыя. Праз тыдзень мне прыйшла прапанова даць канцэрт у адным з латышскіх гарадоў. У выніку маёй камунікацыі ў Латвіі адбыўся не адзін канцэрт, а здарылася цэлае турнэ па латышскіх гарадах. 

— Вы з такім цудоўным настроем расказваеце пра нашу музычную сферу. Але ж, ёсць скептыкі, якія лічаць, што ў Беларусі шоу ёсць, а вось бізнесу няма. Наколькі вы згодны з такім меркаваннем? 

— 20 гадоў мы з мужам працуем разам, жывём музыкай і за кошт музыкі. Наша дзейнасць знаходзіцца поўнасцю на самаакупнасці. Калі ты робіш якасны прадукт, які знаходзіць водгук у гледача, калі ты сам любіш тое, што робіш, ты проста не можаш не мець поспех! Можна многа гаварыць пра тое, што рынак у Беларусі маленькі, але ж ніхто не перашкаджае пашыраць межы. Калі табе не хапае сродкаў, проста падумай, што ты яшчэ можаш зрабіць. Калі ты сам прыкладваеш вялікія намаганні ў дасягненні сваёй асабістай мэты, то і аднекуль зверху абавязкова атрымліваеш падтрымку. 

— Многія прафесіі, якія ёсць сёння, відавочна, праз 5-10 гадоў не будуць існаваць. Якія вашы прагнозы наконт прафесіі прадзюсера? 

— Сёння мы бачым, што гэтая прафесія даўно выйшла за межы музычнай сферы. Прадзюсеры ёсць у кіно, на тэлебачанні, у сферы адукацыі, у сацыяльных сетках. Далей прафесія будзе развіцца і запатрабаванасць будзе толькі расці. У сучасным грамадстве ёсць вялікі запыт на людзей, якія імкнуцца наперад, умеюць аналізаваць, прагназаваць і дабіваюцца перамогі!

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Фота з асабістага архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

4 простыя спосабы зрабіць добрае ўражанне на мужчыну. Адказвае псіхолаг

4 простыя спосабы зрабіць добрае ўражанне на мужчыну. Адказвае псіхолаг

Дзе б вы ні працавалі і чым бы ні займаліся, уменне мець зносіны і зрабіць добрае ўражанне – адзін з самых галоўных навыкаў.

Культура

Аб гумары і сатыры ў жыцці Купалы і Коласа распавядае сумесны музейны праект

Аб гумары і сатыры ў жыцці Купалы і Коласа распавядае сумесны музейны праект

Сёлета адзначаецца 140-годдзе з дня нараджэння класікаў.

Грамадства

Гаджэт для фельчара. Як працуюць ФАП і амбулаторыя ў самым аддаленым сельсавеце Пружанскага раёна

Гаджэт для фельчара. Як працуюць ФАП і амбулаторыя ў самым аддаленым сельсавеце Пружанскага раёна

Паведаміла Людміла Аляксееўна, якая загадвае фельчарска-акушэрскім пунктам і з'яўляецца фельчарам, акушэркай, медсястрой у адной асобе.