Вы тут

Сярод беларусаў Geely не лічыцца экзатычнай машынай


Паміж гарадамі Жодзіна і Барысаў размешчана беларуска-кітайскае сумеснае прадпрыемства «БелДжы» па зборцы кітайскіх аўтамабіляў Geely. Калі едзеш па аўтатрасе, вачам адкрываецца велічнае відовішча. Карпусы ў гожых тонах, акуратна абгароджаная тэрыторыя, дзе на спецыяльных пляцоўках можна ўбачыць бліскучыя аўтамашыны, якія цешаць душу аматараў пракаціцца з ветрыкам. Менавіта гэты прынцыпова новы завод быў пабудаваны ў Беларусі для ажыццяўлення поўнага цыкла зборкі (зварка, афарбоўка) Geely Atlas і іншых сучасных машын маркі.


Фота: БелТА

— Прадпрыемства займае 92 гектары, яго магутнасць такая, што на дзень за восем гадзін можна выпускаць 120 машын. Нескладаныя падлікі паказваюць, што гэта трыццаць тысяч аўто штогод. Менавіта такая колькасць легкавікоў была выраблена летась, — расказаў дырэктар СЗАТ «БелДжы» Генадзь Свідэрскі. — На заводзе працуе 1400 чалавек у адназменным рэжыме. Калі наладзіць работу ў дзве змены, то на год магчыма выпусціць з канвеера 60 тысяч машын. Вядома, гэта залежыць ад таго, як будуць купляць нашу прадукцыю спажыўцы, ад умоў рынку.

Прадпрыемства знаходзіцца ў зручным месцы для пастаўкі камплектуючых, тут да дробязяў прадумана лагістыка — побач праходзяць аўтамабільная дарога, чыгунка. Пасля паступлення камплектуючых працэс пачынаецца з іх зваркі. У вытворчасці Geely выкарыстоўваецца ацынкаваны метал з папярэдняй фасфатызацыяй, што дазваляе павялічваць антыкаразійныя ўласцівасці транспартнага сродку. А пасля нанясення сучаснага спецыяльнага лакафарбавага пакрыцця атрымліваецца кузаў, які можа быць устойлівы да карозіі больш за 10 гадоў.

Дадам, што пакрыццё лакам, фарбай, базавым слоем, апрацоўчай фарбай выконваецца робатамі.

Вядома, каб машына добра бегала, яе трэба пратэсціраваць на выпрабавальным палігоне. Калі выпрабаванні праходзяць паспяхова, яна ідзе спажыўцу.

У сістэме «БелДжы» ёсць і склады гатовай прадукцыі, дзе можа змясціцца адначасова чатыры тысячы аўтамабіляў. Але на той момант, калі дырэктар праводзіў для журналістаў экскурсію па прадпрыемстве, склады пуставалі. «Паколькі на нашы машыны вялікі попыт, то ўсё, што выпускаецца, адразу прадаецца», — растлумачыў Генадзь Свідэрскі.

«БелДжы» — прадпрыемства беларуска-кітайскае, 60 % — доля беларускай дзяржавы, 40 % належыць кітайскай кампаніі Geely«, — дадаў кіраўнік.

— Ці паўплывалі санкцыі, пандэмія каранавіруса на работу? — пацікавіліся ў яго.

— Вядома, сённяшнія праблемы не абмінулі і наш завод. Падчас пандэміі некаторыя кітайскія прадпрыемствы спыніліся, у выніку ў нас стала менш камплектуючых. Санкцыі мяняюць лагістычныя шляхі, больш працяглы час ідзе прадукцыя да спажыўца. Зразумела, усё гэта накладвае адбітак на нашу работу. Калі ўсё было спакойна, працаваць было значна прасцей, — лічыць Генадзь Свідэрскі.

І тым не менш, з пачатку адкрыцця завода з канвеера ўжо сышла 100-тысячная машына. З гэтай колькасці 

70 тысяч прададзена ў Расійскую Федэрацыю, а трыццаць тысяч набылі спажыўцы Беларусі. На вуліцах нашых гарадоў усё больш гэтых машын, якія ўжо не лічацца экзатычнымі.
Прадпрыемства змагло даказаць, што Geely па сваіх якасцях, параметрах не горшы за «еўрапейцаў».

— У сакавіку інтэрнэт смакаваў інфармацыю, што дзесьці на два тыдні персанал завода адправілі ў адпачынак. А хтосьці выказваўся, што на такое рашэнне кіраўніцтва паўплывалі санкцыі. Што ж адбылося на самай справе? — запыталіся ў дырэктара.

— У нас быў карпаратыўны водпуск. На заводах такога ўзроўню прынятыя часовыя перапынкі. Яны патрэбныя для прафілактыкі абсталявання. Калі людзі будуць хадзіць у водпуск па графіку, то на канвееры ўвесь час не будзе хапаць, напрыклад, 50 чалавек.

Спыніўся дырэктар прадпрыемства і на адрозненнях вытворчасці на кітайскім заводзе і беларускім. "У Кітаі, калі чалавек прыходзіць на завод, яму належыць 10 аплечваемых дзён адпачынку і пяць дзён па бальнічным лісце. Астатні час ён павінен працаваць. 

У Беларусі — 30 дзён адпачынку, бюлетэнь па непрацаздольнасці, водпуск па доглядзе за дзіцем, курсы павышэння кваліфікацыі. І ўсё гэта небясплатна для работадаўца. У выніку на канвеер неабходна паставіць, напрыклад, 120 чалавек, а працуе ўсяго 100. Акрамя таго, беларусы на рабочым месцы зарабляюць стаж, пенсію. А там (у КНР. — рэд.) кажуць, што трэба добра выхоўваць дзяцей, якія будуць утрымліваць бацькоў у старасці. Па выслузе гадоў ім не належыць пенсія.

— Вось такія рэаліі, — падсумаваў сказанае Генадзь Свідэрскі. — І нашы людзі не цэняць падтрымку, якая ім аказваецца, не разумеюць простых рэчаў. А ў цэлым з кітайскімі партнёрамі працуем разам, плённа. Як той казаў, дарогу асіліць той, хто не баіцца цяжкасцяў.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».