Вы тут

Штогод у рэспубліцы прымаецца больш за 500 дзяржаўных стандартаў


17 красавіка Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь адзначае 30-годдзе з моманту свайго стварэння.


Фота: БелТА

Сёння Дзяржстандарт з’яўляецца рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання па правядзенні адзінай дзяржаўнай палітыкі ў галіне тэхнічнага нарміравання, стандартызацыі, забеспячэння адзінства вымярэнняў, ацэнкі адпаведнасці і акрэдытацыі, энергаэфектыўнасці, па ажыццяўленні нагляду ў будаўніцтве і правядзенні дзяржаўнай экспертызы праектнай дакументацыі, а таксама па наглядзе за тэхнічнымі рэгламентамі і стандартамі, рацыянальным выкарыстаннем паліва, электрычнай і цеплавой энергіі.

Як адзначаюць у прэс-службе Дзяржстандарту, для садзейнічання выпуску бяспечнай і высакаякаснай прадукцыі і паслуг, павышэнню іх экспартнага патэнцыялу, укараненню інавацый, ахове інтарэсаў спажыўцоў ў рэспубліцы дзейнічае тэхнічнае заканадаўства. Гэта законы ў галіне тэхнічнага нарміравання і стандартызацыі, забеспячэння адзінства вымярэнняў, ацэнкі адпаведнасці тэхнічным патрабаванням і акрэдытацыі органаў па ацэнцы адпаведнасці. Разам з тым рэалізаваны сур’ёзныя захады для распрацоўкі асобнага закона ў сферы акрэдытацыі. Урадам узгоднена канцэпцыя Закона Рэспублікі Беларусь «Аб акрэдытацыі ў Нацыянальнай сістэме акрэдытацыі», праект якога з’явіцца ў 2023 г. Гэта будзе садзейнічаць гарманізацыі працэдур акрэдытацыі з заканадаўствам СНД, ЕАЭС і лепшай міжнароднай практыкай, павысіць эфектыўнасць нацыянальнай сістэмы акрэдытацыі, кампетэнтнасць акрэдытаваных суб’ектаў і ўзровень даверу да іх дзейнасці.
Таксама трэба адзначыць, што удасканальваецца заканадаўства ў сферы энергазберажэння. Профільныя структуры Дзяржстандарта таксама ўносяць істотны ўклад у развіццё заканадаўства ў сферы будаўнічай дзейнасці.

Штогод у рэспубліцы прымаецца больш за 500 дзяржаўных стандартаў, якія забяспечваюць распрацоўку і вытворчасць канкурэнтаздольнай прадукцыі і паслуг, а таксама рэалізацыю абавязковых патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў ЕАЭС.

— Найбольш значныя распрацоўкі датычацца прадукцыі і працэсаў у машынабудаванні, будаўніцтве, электратэхніцы, хіміі і нафтахіміі, энергазберажэнні, аграпрамысловым і іншых сектарах, а таксама інфармацыйных і «зялёных» тэхналогій, стварэння безбар’ернага асяроддзя, — патлумачылі ў Дзяржстандарце. — Узровень гарманізацыі прымаемых у рэспубліцы стандартаў з міжнароднымі і рэгіянальнымі патрабаваннямі складае ў сярэднім 65 %.

Арганізацыі Дзяржстандарта ажыццяўляюць таксама падрыхтоўку змяненняў у 7 тэхнічных рэгламентаў ЕАЭС: на ўпакоўку, цацкі, парфумерна-касметычную прадукцыю, машыны і абсталяванне, змазачныя матэрыялы і маслы, маркіроўку харчовай прадукцыі, а таксама патрабаванні па абмежаванні прымянення небяспечных рэчываў у вырабах электратэхнікі і радыёэлектронікі.

Беларусь мае эфектыўную і развітую метралагічную інфраструктуру.

Развіццё вымяральных магчымасцей ажыццяўляецца пры дзяржаўнай падтрымцы ў рамках падпраграмы «Эталоны Беларусі» ДНТП «Нацыянальныя эталоны і высокатэхналагічнае даследчае абсталяванне». Нацыянальная эталонная база сёння ўключае 63 нацыянальныя эталоны адзінак велічынь, якія неабходны для патрэб атамнай энергетыкі, мікра- і нанаэлектронікі, аэракасмагеадэзіі, прыборабудавання, інфармацыйных тэхналогій, фармацэўтыкі, гандлю, медыцыны, аховы навакольнага асяроддзя. Іх распрацоўка вядзецца з улікам патрэбнасцей эканомікі краіны. 

У галіне ацэнкі адпаведнасці і акрэдытацыі камітэтам створана адпаведная інфраструктура, якая ўключае 129 органаў па сертыфікацыі і больш за 2 100 акрэдытаваных выпрабавальных лабараторый. Яны праводзяць работы як у рамках нацыянальнага заканадаўства, забеспячэння адпаведнасці выпускаемай прадукцыі патрабаванням права ЕАЭС у галіне ацэнкі адпаведнасці, так і для стварэння спрыяльных умоў для экспартных паставак прадукцыі.

У ліку прыярытэтаў камітэта — ахова рынку ад небяспечнай і няякаснай прадукцыі. «У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам ажыццяўляецца пастаянны кантроль адпаведнасці пастаўляемых на ўнутраны рынак тавараў абавязковым патрабаванням і заяўленым характарыстыкам», — адзначаюць ў Дзяржстандарце. — Прадукцыя, якая прадстаўляе пагрозу жыццю і здароўю спажыўцоў, забараняецца да рэалізацыі і ўвозу на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Штогод забараняецца ўвоз і абарачэнне на тэрыторыі нашай краіны больш за 1 500 назваў небяспечнай прадукцыі. Такая прадукцыя падлягае канфіскацыі суб’ектам гаспадарання з абароту з далейшым устараненнем ім выяўленых парушэнняў, вяртаннем пастаўшчыку або ўтылізацыяй.

Асаблівая ўвага надаецца і пытанням якасці. Дарэчы, напрамкі гэтай работы абазначаны ў праграме «Якасць 2021 — 2025», прынятай на ўзроўні Урада. Дакумент уключае мерапрыемствы як па развіцці нацыянальнай інфраструктуры якасці, так і па павышэнні якасці ў галінах.

У рэспубліцы праведзена вялікая работа па развіцці метадалогіі сістэмнага падыходу на аснове рызык да кіравання рознымі аспектамі дзейнасці арганізацый для павышэння яе эфектыўнасці.
Укараненне і сертыфікацыя сістэм менеджменту накіраваны на павышэнне якасці і канкурэнтаздольнасці беларускай прадукцыі, прымяненне айчыннымі кампаніямі новых ведаў і сучасных інструментаў эфектыўнага менеджменту.

Так, ў рэспубліцы сертыфікаваны больш за 7 800 сістэм, якія датычацца менеджменту якасці, бяспекі харчовых прадуктаў, здароўя і бяспекі пры прафесійнай дзейнасці, інфармацыйнай бяспекі, экалагічнага менеджменту і інш.

Дзяржстандарт з’яўляецца актыўным прыхільнікам развіцця конкурснага руху ў галіне якасці. Магчымасць прадэманстраваць дасягнутыя вынікі і стаць лепшымі сёння ёсць у арганізацый, іх тавараў і паслуг, а таксама кіраўнікоў, спецыялістаў і студэнтаў.

Актыўную падтрымку знаходзяць рэспубліканскія конкурсы ў галіне энергазберажэння і энергаэфектыўнасці. 
Энергазберагальная палітыка мае сістэмную аснову і рэалізуецца з дапамогай дзяржаўнай праграмы «Энергазберажэнне».

Органы дзяржаўнай экспертызы і дзяржаўнага будаўнічага нагляду Дзяржстандарта ажыццяўляюць незалежны і эфектыўны кантроль у будаўнічай сферы.

Экспертыза праектнай дакументацыі дае магчымасць заказчыкам прымаць бяспечныя і аптымальныя рашэнні па будаўніцтве аб’ектаў. 

Строгі нагляд за адпаведнасцю патрабаванням праектнай дакументацыі, бяспекі і эксплуатацыйнай надзейнасці будынкаў і збудаванняў, якія ўзводзяцца і рэканструююцца, а таксама да ўтрымання будаўнічых пляцовак ажыццяўляюць інспекцыі Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам.

Дзяржстандарт з’яўляецца ўдзельнікам міжнародных і рэгіянальных арганізацый у сферы сваёй кампетэнцыі, займае актыўныя пазіцыі ў правядзенні работ у рамках інтэграцыйных утварэнняў на постсавецкай прасторы, развівае дзелавыя кантакты на двухбаковым узроўні.

Дар’я ГАСЦІЛОВІЧ

фота прэс-службы Дзяржстандарта .

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У Беларусі імкнуцца далучыць медыятараў да спраў «цяжкіх» непаўналетніх

У Беларусі імкнуцца далучыць медыятараў да спраў «цяжкіх» непаўналетніх

«Мы плануем навучыць аднаўленчым медыятыўным практыкам 20 чалавек з розных устаноў».

Грамадства

Ці можна вылечыць аўтызм?

Ці можна вылечыць аўтызм?

«Важны момант, што яўныя сімптомы аўтызму ёсць, але бацькі не жадаюць заўважаць іх».

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.