Вы тут

Праўдзівая дэталёвасць Міхаіла Карпука


Ёсць у працы мастакоў кіно і тэлебачання асаблівасць, з-за якой яны могуць заставацца па-за ўвагай. Публіка ў асноўным ведае акцёраў і рэжысёраў, а імёны мастакоў, якія дапамагаюць ствараць вобраз у кадры, не на слыху. Але Міхаіл Карпук на працягу жыцця здолеў напрацаваць такую ўласную творчую спадчыну, што сёння праз яго мастацкую творчасць хочацца ўспомніць фільмы, да якіх ён меў дачыненне. Прынамсі, выстаўка памяці майстра ў Музеі гісторыі беларускага кіно дае такую магчымасць.


Напрыклад, у дзяцінстве з захапленнем глядзела па тэлебачанні трылогію «Корцік», «Бронзавая птушка» ды «Апошняе лета дзяцінства». Дзве першыя часткі трылогіі — інтрыгоўныя таямнічыя дэтэктывы, у якіх малыя расследуюць злачынствы. А вось апошняя частка моцна адрознівалася ад іх, бо паказвала тых жа дзяцей, якія выраслі і сталі юнакамі з уласнымі прыхільнасцямі. І вось гэты момант, што дзяцінства скончылася і цяпер усё інакш, вельмі добра ілюстравала частка «Апошняе лета дзяцінства». У ёй было іншым усё: ад пабудовы апавядання да стылістыкі і вонкавай карцінкі. Так, скачок з дзяцінства да юнацтва быў кардынальны, што збянтэжыла нават аўтара сцэнарыя ўсёй трылогіі Анатоля Рыбакова. А гэта таму, што пасля смерці рэжысёра Мікалая Калініна, які здымаў два папярэднія фільмы, змянілася каманда, якая працавала над трэцяй часткай. А ў рэжысёра Валерыя Рубінчыка ды мастака Міхаіла Карпука было іншае адчуванне герояў і часу, у які тыя жылі. Ды яшчэ бліскучая музыка Яўгена Глебава завяршала створаны імі вобраз. І яшчэ быў шэраг фільмаў, дзе Карпук ствараў мастацкі вобраз (у прыватнасці, «Жалезныя гульні», «Канец бабінага лета», «Спытай сябе», «Ганначка» ды іншыя). На «Беларусьфільме» ён працаваў больш за 20 гадоў.

Для Міхаіла Карпука быў першасны вобраз, які ён закладваў ці то ў тэлеспектаклях, ці то ў фільмах, ці то ва ўласных мастацкіх работах. Згодна з яго прыхільнасцямі, гэты вобраз павінен быць максімальна дакладны, але не пазбаўлены эмацыянальнай афарбоўкі, пра што сведчыць больш за 60 твораў на выстаўцы «У кадры і ў жыцці». Творы вельмі розныя: ад эскізаў дэкарацый фільмаў і тэлеспектакляў да жывапісу і графікі. Але іх яднае дакладнасць выяў, ліній, дэталяў. Міхаіл Карпук з тых мастакоў, для якіх была вельмі важная праўдзівасць, таму яго пейзажы пазнавальныя: такія мы можам бачыць, калі выходзім з хаты на вуліцу ці выязджаем на прыроду. Мастак, які нарадзіўся на Брэстчыне ў 1930 годзе, не хаваў свайго захаплення радзімай і яе вобразамі, якія імкнуўся захаваць у творах. Тэхнікі маглі быць розныя: алей, пастэль ці малюнак алоўкам, але іх яднае руплівая прапрацоўка выяў, здольных не проста адлюстраваць фрагмент рэчаіснасці, але і перадаць настрой (ён вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы, пасля скончыў графічны факультэт Маскоўскага паліграфічнага інстытута). Працаваў мастаком-пастаноўшчыкам Беларускага тэлебачання на тэлеспектаклях паводле твораў класікаў літаратуры, напрыклад, ствараў атмасферу, у якой існаваў Музыка Якуба Коласа. І яшчэ ў 70-я гады Міхаіл Карпук распрацаваў мастацкую канцэпцыю дома-музея Адама Міцкевіча ў Наваградку.

Ён умеў перадаваць адметнасць Беларусі, якую вельмі любіў. Магчыма, яна дала яму сілы пражыць доўгае і плённае жыццё і дзяліцца сваёй творчасцю — Міхаіл Андрэевіч актыўна выстаўляўся як у Беларусі, так і за межамі, пакуль быў жывы. Ды і зараз яго творы знаходзяць прыхільнікаў.

Часам гарадскім жыхарам не хапае вось такога зразумелага мастацтва, якое адлюстроўвае беларускія краявіды, — гэта як паехаць у вандроўку па любімых мясцінах, што не заўсёды можна зрабіць рэальна, затое мастацтва прапаноўвае выйсце.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».