Вы тут

Лукашэнка: Гэта традыцыі, а традыцыямі жывы наш народ


Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з будаўнічымі праектамі, якія рэалізуюцца ў мемарыяльным комплексе, усклаў кветкі да манумента «Непакораны чалавек» і паўдзельнічаў у высадцы дрэў парку гістарычнай памяці.


У час наведвання дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь» Аляксандр Лукашэнка даручыў да 80-годдзя трагедыі пабудаваць тут музей і правесці ўсе неабходныя рэстаўрацыйныя работы.

«Значыць, у будучым годзе — 80 гадоў трагедыі. Усё вылізаць ад Мінска да „Хатыні“, пачынаючы ад дарог. Усе будоўлі трэба завяршыць да гэтага часу», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У мемарыяльным комплексе плануецца капітальны рамонт з мадэрнізацыяй і элементамі рэстаўрацыі трыма чэргамі. Будзе пабудаваны і музей. Паводле канцэпцыі, гэта будзе аднапавярховы будынак агульнай плошчай 1 тыс. кв.м з уладкаваннем кругавога руху па шасці выставачных залах.

«У маі каб былі пачаты ўсе работы. Да 9 мая мне дакладзяце тэрміны, планы, хто будзе працаваць, экспертызы, праекты, каштарысы. Я разумею, што пабудаваць мы зможам. Але будзем акуратна абсталёўваць яго. Мы павінны да гэтага юбілею зрабіць усё, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Неадкладна пачынайце будаваць музей. Галоўнае — экспазіцыя, якая там будзе. Каб людзі прыйшлі і, перш чым сюды ступяць нагой, каб у іх сэрца ўжо рвалася».

Пасля ўскладання кветак да галоўнага манумента комплексу Прэзідэнт высадзіў яблыню і два кусты шыпшыны каля адной са скульптурных кампазіцый, якія сімвалізуюць былыя хаты спаленай вёскі. Далучыўся кіраўнік краіны і журналісты да закладвання алеі на ўскрайку вёскі. Усяго высадзілі там 149 дрэўцаў — па колькасці спаленых у Хатыні жыхароў. Арганізавалі журналісты і невялікае інтэрв’ю з кіраўніком краіны.

Першае пытанне — чаму сёлета ён абраў для працы на суботніку Хатынь.

Кіраўнік краіны расказаў, што са спісу месцаў для ўдзелу ў рэспубліканскім суботніку Хатынь была па-за канкурэнцыяй. 

«Самае галоўнае, што гэта гісторыя. 80 гадоў налета. Сімвалізм заключаецца ў тым, што мы сёння далі старт абнаўленню гэтага помніка, яго адраджэнню. Аказваецца, тут былі і старыя могілкі хатынскія і цэркаўка. І яна так і просіцца, каб мы яе аднавілі на гэтым узгорку, душэўную, драўляную цэркаўку», — сказаў кіраўнік краіны.

Прэзідэнт адзначыў, што даў даручэнне да 80-годдзя трагедыі завяршыць абнаўленне мемарыяльнага комплексу, а з дырэктарам «Хатыні» дамовіліся штогод уносіць нейкія элементы абнаўлення. Прыцягваць да гэтай дзейнасці важна і моладзь.

«Я настойваю, каб каля кожнай хаты было пасаджанае пладовае дрэва як сімвал таго, што якія б цяжкія часы ні былі, жыццё працягваецца. І тут таксама, нягледзячы на жорсткі гістарычны сімвалізм», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, усе сродкі, заробленыя на суботніку, будуць накіраваны на адраджэнне Хатыні да 80-годдзя трагедыі.

Прэзідэнт пракаментаваў меркаванне, якое распаўсюджвалі апазіцыйныя тэлеграм-каналы, што правядзеннем суботнікаў парушаецца працоўнае заканадаўства. Такую азіцыю ён назваў «дзікім глупствам».

«На гэтую дзікую дурасць я нават рэагаваць не хачу. Мы нікога не прымушаем. Гэтая справа добраахвотная. У дадзеным выпадку, мы хочам даніну памяці аддаць тым людзям, таму мы прыйшлі. Калі мярзотнік хоча забыць гэта і перакрэсліць — гэта яго справа, але з гэтым мы будзем змагацца жорстка. Ніхто не прымушае яго працаваць на сваю радзіму. Але амаль 100 працэнтаў людзей выходзяць, нават тыя, хто разважае такім чынам, выходзяць — сорамна ж сядзець дома», — адказаў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, усё найлепшае з савецкіх часоў (у тым ліку традыцыю суботніка) трэба перанесці ў сучаснасць.

«Гэта традыцыі, а традыцыямі жывы наш народ. Шмат разоў я чуў такія выказванні. Дурасць поўная. Ніякага заканадаўства мы не парушаем тым, што прыйшлі і замест сядзення на канапе папрацавалі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік краіны пракаментаваў журналістам і падзеі ў Бухенвальдзе, калі замест дзяржаўнага сцяга Беларусі быў вывешаны бчб-сцяг на гадавіну ўспамінаў пра ахвяр канцлагераў. У адказ на гэта маладзёжныя актывісты правялі акцыю каля нямецкага пасольства ў Мінску і запрасілі пасла Германіі прыйсці ў Хатынь.

«Не верце ім. У іх стала модай прыйсці, паплакацца, папрасіць прабачэння, якія яны бедныя, як яны дрэнна тут паступілі. Памятаеце, прыехалі з Аўстрыі і Германіі, здавалася б усё — асвяцілі нашу зямлю. Што адбылося потым? Санкцыі, санкцыі, санкцыі. Яны супраць нас развязалі інфармацыйную, потым эканамічную вайну. Таму не верце іх паклонам», — дадаў Прэзідэнт.

Па яго словах, прадстаўнікам заходніх краін «глыбока напляваць» на ваенную гісторыю Беларусі і на жахлівыя падзеі, што адбываліся на нашай зямлі.

Аляксандр Лукашэнка анансаваў, што калі-небудзь прадставіць факты, чым займаюцца ў Беларусі прадстаўнікі заходніх краін.

«Мы абагульнім усё дакументальна і вам вывалім, чым яны тут займаюцца. Вы жахнецеся. Гэта нават не нацыкі, а зрадні фашызму тое, што яны твораць у Беларусі. Гэта бачна ў выглядзе санкцый і ціску на Беларусь. Іх енк каля Хатыні нікому не патрэбны. Гэта мае асабістае перакананне», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён назваў «мярзотнымі падкавыркамі» чуткі, што Лукашэнка ездзіў на касмадром Усходні, каб сфатаграфавацца з Уладзімірам Пуціным каля ядзернага чамаданчыка.

«Рэдкі выпадак — беларусы дапушчаны да закрытых аб’ектаў Расіі. Для беларускага Прэзідэнта ніколі не было гэта забаронена. Я быў на заводах, дзе робяць ядзерныя баегалоўкі, дзе робяць ракеты для дастаўкі баегаловак. Больш за тое, нядаўна, мы з Пуціным прысутнічалі на трэніроўцы сіл стрымлівання, чытай ядзерных сіл стрымлівання. Вось адкрыта новая старонка ў нашых адносінах. Зняты законна забароны на прысутнасць беларусаў на расійскіх закрытых будоўлях», — сказаў кіраўнік краіны.

Па яго словах, расіяне папрасілі дапамогі ў заканчэнні будоўлі аб’ектаў на касмадроме: пляцовак для старту ракет, аэрадрома і жылых дамоў.

«Так, мы сфатаграфаваліся і вы нас сфатаграфавалі каля прыгажуні-ракеты. А наконт чамаданшчыка, я не бачыў, дзе ён быў. Верагодна, быў з Прэзідэнтам. Такія выказванні — дробнае глупства. Верагодна, некаму хацелася падкалоць. Мабыць, камусьці завідна, што велізарная імперыя запрашае малодшага брата разам працаваць і глядзець у будучыню», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».